У час выступленняў у якасці прадметаў яны выкарыстоўвалі металічныя вёдры, з якіх неспадзявана сыпаўся «сярэбраны дождж», стваралі магічны вобраз стылізаванымі віламі, зачароўвалі капелюшамі і нават распраналіся да мініяцюрных топаў…
«Кропка» аб’яднала звыш тысячы танцораў. Яны прыехалі ў Маладзечна з розных куткоў Беларусі і прадставілі амаль сто нумароў на галоўнай сцэне Палаца культуры (ініцыятара крэатыўнага праекта).
– Прыемна, што некаторыя калектывы на конкурсе ў другі раз, – заўважыў мастацкі кіраўнік «Кропкі» харэограф Палаца Яўгеній Завадскі. – Абсалютна ўсім словы ўдзячнасці за тое, што далучыліся да нашага праекта. Балетмайстры і канкурсанты паказалі высокі ўзровень майстэрства.
Творчыя спаборніцтвы разгарнуліся ў шасці ўзроставых катэгорыях. Самым юным удзельнікам ледзь споўнілася тры гады, самыя дарослыя – старэйшыя за 31. Сёлета канкурсантаў было значна больш, чым летась, асабліва сярод старэйшых выканаўцаў. Удзельнікі выступалі ў дзесяці намінацыях – ад класічнага да сацыяльнага танца. Найбольшая колькасць – эстрадныя кампазіцыі. Упершыню была заяўлена намінацыя «Патрыятычны танец». Прымалі ўдзел у конкурсе і дзеці з асаблівасцямі развіцця.
У складзе журы – выключна прафесіяналы. Сярод іх заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь, саліст акадэмічнага ансамбля «Харошкі» Васілій Прыходзька, пастаноўшчык нумароў для «Еўрабачання», рэжысёр і харэограф шматлікіх тэлевізійных праектаў, шоу, канцэртаў Дзмітрый Залескі.
У ліку лепшых выканаўцаў «Кропкі» былі і маладзечанцы. Гэта прадстаўнікі студыі бальнага танца «Каскад», узорнага харэаграфічнага ансамбля «ВіЗаВі», студыі танца «Fuego» (усе яны працуюць у Палацы культуры), студыі сучаснага танца «Plastilin», харэаграфічных калектываў «Капрыз» і «Акварэль» гімназіі-каледжа мастацтваў, VICTORIA DANCE STUDIO.
Гран-пры заваяваў цэнтр прафесійнага харэаграфічнага мастацтва (Мінск). Яго прадстаўнікам уручаны сертыфікат на 500 рублёў.
Таксама разыгралі два кошыкі з мясной прадукцыяй ад ТАА «Велес-Міт» сярод балельшчыкаў. Дзякуючы іх гарачай падтрымцы Палац культуры на імгненні ператвараўся ў сапраўдны стадыён, дзе грымелі барабаны, гучалі дудкі і з усіх бакоў чуліся «крычалкі».
Тэкст і фота: Ірына РАБУШКА