Менавіта на малой радзіме паэта кожны ліпень збіраюцца ўсе, хто з павагай і любоўю ставіцца да асобы і творчасці класіка. І нават летняя спякота не ўносіць карэктывы ў планы людзей.


Распачалося свята ўскладаннем кветак да помніка Песняру.
Госці наведалі музей, у якім адноўлены інтэр’ер хаты, дзе нарадзіўся будучы паэт. Тут можна ўбачыць асабістыя рэчы яго бацькоў, адчуць подых далёкага ўжо часу, дакрануцца да падзей жыцця маладой сям’і Луцэвічаў. І колькі б разоў ні прыходзіў сюды, кожны раз сэрца напаўняюць трапяткія пачуцці.
Па традыцыі члены Саюза пісьменнікаў Беларусі, беларускія літаратары чыталі вершы-прысвячэнні Янку Купалу, узнёсла гучала іх прызнанне ў любові да мілай сэрцу Бацькаўшчыны.


У культурнай праграме прынялі ўдзел самадзейныя артысты з Маладзечанскага раёна. Вакальны гурт «Суседкі» Заскавіцкага СДК і раней радаваў сваёй творчасцю гледачоў на шматлікіх творчых мерапрыемствах. У Вязынцы калектыў выступаў упершыню. Святлана Крысюк, Наталля Зянько, Ірына Капуста, Вераніка Міхалоўская, Вера Лоўчая разам з кіраўніком гурту Валянцінай Бобрык сустракалі шаноўных гасцей духмяным караваем і прывітальнай песняй.Акампаніраваў ім на акардыёне Віктар Сыракваш. На сцэнічнай пляцоўцы яны выканалі тры музычныя кампазіцыі: «Сустрэча з домам», «Ночка цёмная», «Гармонік». Гледачы гучна апладзіравалі «Суседкам».
Госці свята з цікавасцю азнаёміліся з разнастайнымі экспазіцыямі. На выставах-продажах вырабаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва зачароўвалі сваёй прыгажосцю работы майстроў. Кожны мог паўдзельнічаць у майстар-класах, а на памяць прывезці фотаздымкі з занатаванымі імгненнямі каларытных краявідаў і падзей святочнага дня.









У ТЭМУ
Мемарыяльны Купалаўскі запаведнік «Вязынка» ўваходзіць ў Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. Пра гэту мясціну добра ведаюць не толькі ў рэспубліцы, але і за яе межамі.
Рэпартаж са свята чытайце ў адным з бліжэйшых нумароў «Маладзечанскай газеты».
Людміла ЦАР.
Фота: Аляксей ПЛАТКО.