Усе падарожнікі робяць фатаграфіі тых мясцін, дзе бываюць. Для некаторых уражанні ад экспедыцый увасабляюцца ў мастацкія творы. Касцёл Найсвяцейшай Імя Марыі ў Хоўхлаве – адзін з любімых аб’ектаў майстроў выяўленчага мастацтва на тэрыторыі Маладзечаншчыны. Чаму так, разважае мастак і архітэктар з Маладзечна Галіна БЯГАНСКАЯ.
– Храм гэты мае багатую гісторыю і захаваўся да нашага часу ў добрым стане, – гаворыць субяседніца. – Пэўнае значэнне мае тое, што ён драўляны. Справа ў тым, што дрэва з’яўляецца адным з найбольш даступных будаўнічых матэрыялаў на нашых землях. Мураваныя храмы ўзводзілі пры наяўнасці значных грашовых і працоўных рэсурсаў. А драўляныя маглі сабе дазволіць нават невялікія рэлігійныя абшчыны. У гэтым іх унікальнасць.
Сярод найбольш вядомых драўляных храмаў паблізу Маладзечна мастачка прыгадала груздаўскую праваслаўную царкву, каталіцкі храм у вёсцы Лоск Валожынскага раёна, касцёл у вёсцы Данюшаве на Смаргоншчыне. Усе яны нясуць элементы мясцовых традыцый, за кожным з іх свая гісторыя, культурная і рэлігійная спадчына.
– Касцёл у Хоўхлаве мае некаторыя архітэктурныя рысы, якія адпавядаюць стылю народнага класіцызму, – працягвае Галіна Бяганская. – Першапачаткова порціка з чатырма калонамі ў храме не было. Вялікае значэнне для мастакоў мае ландшафтнае атачэнне аб’екта. Храм знаходзіцца на ўзгорку побач з дарогай. Недалёка ад яго сажалка. Пейзаж дапаўняюць высокія дрэвы. Усё гэта дапамагае перадаць на карціне шырокі спектр эмоцый і вобразаў. І сама яна атрымліваецца гарманічнай, завершанай.
Субяседніца паведаміла, што касцёл у Хоўхлаве пісаў наш вядомы зямляк, мастак Кастусь Харашэвіч. Ён нарадзіўся недалёка ад гэтага месца, у вёсцы Літве, цудоўна адчуваў сваю малую радзіму, захапляўся ёю. Дзякуючы шматлікім пленэрам храм адлюстраваны на многіх карцінах айчынных мастакоў. Творы гэтыя экспануюцца на выставах, знаходзяцца ў розных калекцыях.
Галіна Бяганская зазначыла, што згаданы касцёл з’яўляецца культурным здабыткам усяго беларускага народа. Пра яго трэба клапаціцца (што робяць вернікі, валанцёры, мясцовыя жыхары) і захоўваць.
Тэкст і фота: Андрэй ВЯРЖБІЦКІ