У бібліятэку прыйшлі дарослыя і дзеці, настаўнікі і вучні мясцовай школы. Яны добра ведаюць, што такія сустрэчы праходзяць змястоўна і цікава, бо Міхась Міхасевіч, які неаднойчы прыязджаў да нас, не толькі выдатны прамоўца, але і цікавы пісьменнік. З-пад яго пяра выйшла ўжо нямала гісторыка-краязнаўчых кніг. Адна з апошніх – «Пад сузор’ем веры і надзеі» (2021). На яе старонках пісьменнік расказвае пра дзеячаў беларускай культуры, гісторыю родных мясцін, таксама стварыў нямала літаратурных партрэтаў сваіх сяброў.
Але госць не павёў гутарку пра свае творы. Размова ішла пра Янку Купалу і Якуба Коласа, якім у гэтым годзе спаўняецца 140 гадоў.
З вялікай цікавасцю чытачы слухалі аповед нашага земляка пра беларускіх песняроў. Прысутныя яшчэ раз пераканаліся ў глыбокім веданні пісьменнікам лёсу юбіляраў, іх твораў, герояў кніг. Усе мы нібы адправіліся ў падарожжа па роднай Беларусі, каб пабываць у мясцінах, звязаных з жыццём Янкі Купалы і Якуба Коласа. Гучалі радкі з твораў юбіляраў. Міхась Міхасевіч з непадробнай шчырасцю і гонарам гаварыў пра беларускі народ, яго слаўную шматвяковую гісторыю, яго нацыянальныя традыцыі і духоўнае багацце.
Шчыра віталі слухачы Алу Клемянок, аўтара кніг паэзіі «Яны не ведалі мяне», «Бывай, Альбарутэнія!», «Рэфлексіі», «Не пускайце ў сэрца адзіноту». Паэтэса зачаравала залу мілагучным беларускім словам. Яна чытала свае вершы, прысвечаныя роднай зямлі, яе гісторыі, людзям. Сур’ёзная размова змянялася жартамі, дзіцячымі казкамі. Калі ж Ала Леанідаўна ўзяла ў рукі гітару і заспявала – зала з заміраннем сэрца слухала песні і рамансы зямлячкі.
Атмасфера ў бібліятэцы была не проста святочная, а па-сапраўднаму ўрачыстая. Мы ўдзячныя гасцям за іх творчасць, за цудоўныя хвіліны сустрэчы, за тое, што дапамаглі ўсім нам адчуць сябе нашчадкамі Янкі Купалы і Якуба Коласа.
Валянціна АСІПОВІЧ, бібліятэкар сельскай інтэграванай бібліятэкі аграгарадка Заскавічы.
Фота: архіў БІБЛІЯТЭКІ.