Адметна, што ён праходзіць у маі, напярэдадні Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі. Юныя аматары роднай мовы, традыцый і фальклору нібыта перадаюць эстафету дарослым…
На гэты раз на фестывалі радавалі сваімі талентамі юныя артысты з ДЦК «Расток», дзіцячага сада №33, навучэнцы гімназіі-каледжа мастацтваў, сярэдніх школ №8, №11, №12, №14, Аляхновіцкай СШ, іншых устаноў адукацыі і культуры. Яны выконвалі народныя і сучасныя беларускія песні, дэкламавалі вершы беларускіх паэтаў, паказвалі абрадавыя дзеі, выступалі ў якасці вядучых.
Па традыцыі ў рамках фестывалю ладзіліся майстар-класы, гульнявыя пляцоўкі. Кіраўнік студыі «Умелыя ручкі» Лілія Рудзінская паказвала, як з абрэзкаў тканіны стварыць традыцыйную беларускую ляльку-абярэг. На пляцоўцы «Гульні ад Ганулі» запрасілі паўдзельнічаць у народных гульнях. Тыя, хто цікавіцца традыцыямі, маглі праверыць свае веды ў час віктарыны па старонках народнага календара на пляцоўцы «Беларускі куток». Загадчык аддзела выяўленчай і дэкаратыўна-прыкладной творчасці Вольга Гулевіч лёгкімі рухамі пэндзля малявала на дзіцячых тварах беларускі арнамент: фэйс-арт на такіх мерапрыемствах вельмі папулярны.
Не менш цікавым быў майстар-клас ад кіраўніка студыі дызайну «Уют» Вольгі Яфімчанка па стварэнні фрагментаў беларускага ўзору, сімвала багацця і дабрабыту. Невялікія частачкі аб’ядналі ў адно цэлае — атрымаўся прыгожы арнамент. Вось так і асобныя выступленні ўдзельнікаў фестывалю склаліся ў змястоўную праграму, якая яскрава прадэманстравала багацце і разнастайнасць беларускай культуры.
Прыемна, што ўсе юныя артысты былі адзначаны ўзнагародамі і сувенірамі, дыпломамі за папулярызацыю і развіццё беларускай творчасці, захаванне традыцыйнай культуры. Кіраўнікі творчых гурткоў і аб’яднанняў атрымалі падзякі за выхаванне ў падрастаючага пакалення павагі да роднай традыцыйнай культуры.
Анжаліка КРУПЯНЬКОВА.
Фота: архіў ДЦК «Расток».