Новости Молодечно и Молодечненского района

Сышліся прыродныя стыхіі і добры настрой

  • 2025-07-08 09:31:00
  • Олег БЕГАНСКИЙ

Па традыцыі «Купальскі фэст» прайшоў у Маладзечне з вялікім размахам, прыцягнуў шмат людзей і завяршыўся яркім вогненным прадстаўленнем.


Свята гэта мае на нашых землях шматвяковую гісторыю. Са старажытных часоў Купалле сімвалізуе росквіт прыроды, яднанне яе з чалавекам, культ агню, вады і сонца. А яшчэ пошук шчасця, надзею на лепшае. Некаторыя элементы старадаўняга абраду захаваліся і сёння.
Людзі пачалі збірацца ў парку Перамогі задоўга да пачатку фэсту. Надвор’е спрыяла гэтаму. Ды і арганізатары пастараліся. Для наведвальнікаў быў наладжаны гандаль, працавалі выставы-прэзентацыі, майстар-класы. Нашы землякі і госці Маладзечна маглі купіць сувеніры, рамесныя вырабы ручной работы, пакатацца на катамаранах. Застацца галодным ні ў каго шанцу не было.



Разнастайнай была і культурная праграма. Сапраўдны ажыятаж выклікала творчая майстэрня, дзе ўсіх жадаючых вучылі плесці купальскія вянкі. У выніку многія ўдзельніцы фэсту абзавяліся гэтым атрыбутам свята. Асаблівым попытам карыстаўся ён у моладзі.
Дарэчы, для дзяцей былі падрыхтаваныя розныя гульні, конкурсы, музычныя нумары. Мерапрыемства ладзілася ў сямейным фармаце. Яно і правільна, бо шчасце любога чалавека немагчыма ўявіць без дружнай, надзейнай, моцнай сям’і. Практычна ўсе, да каго я звяртаўся, гаварылі, што сваю кветку шчасця ўжо знайшлі, і паказвалі на сваю другую палавінку і дзяцей.



А якое ж Купалле без карагодаў? Іх на пляцоўцы ля Летняга амфітэатра было шмат, і былі яны мнагалюдныя. У вясёлым віры кружыліся і дзеці, і дарослыя. Атмасфера, чароўная і таямнічая, збліжала ўсіх. Людзі танцавалі пад музыку, фатаграфаваліся. Іскрынкі добрага настрою засталіся ва ўсіх надоўга.



Яшчэ адзін абавязковы атрыбут купальскай ночы – вогнішча. Яно азарыла востраў на верхнім паркавым возеры. А папярэднічала яму захапляльнае фаер-шоу. Агонь адбіваўся ў вадзе азёр, што надавала відовішчу фантастычны выгляд!
Тэкст і фота: Алег БЯГАНСКІ