Новости Молодечно и Молодечненского района

Сумесны праект Мінскага абласнога краязнаўчага музея і «Маладзечанскай газеты»

  • 2023-06-29 11:22:05
  • Анжаліка Крупянькова

«Як унучка адваката, мама ўмела абараніць кожнага»

У рамках праекта «Ганарымся нашымі землякамі» ў Мінскім абласным краязнаўчым музеі прайшло мерапрыемства, прысвечанае памяці ганаровай грамадзянкі Маладзечанскага раёна, ветэрана Вялікай Айчыннай вайны, былога дырэктара фабрыкі мастацкіх вырабаў Клары Філіпавай.

Першае месца работы -- дыктар абласнога радыё

На вялікі жаль, Клара Лявонцьеўна пакінула гэты свет сёлета 25 сакавіка на 96-м годзе жыцця. У музеі сабраліся яе сваякі, сябры, суседзі, былыя калегі з фабрыкі, актывісты раённай арганізацыі ветэранаў, каб прыгадаць добрым словам жанчыну, якая ўнесла вялікі ўклад у развіццё нашага раёна.

-- Мы заўсёды будзем удзячныя Клары Лявонцьеўне за мірнае неба над галавой, за тое, што сваім прыкладам яна вучыла ўсіх нас быць адданымі сваёй Радзіме, -- адзначыла галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Вольга Ананьева.

Вядучая мерапрыемства старшы навуковы супрацоўнік музея Іна Самовіч расказала пра асноўныя вяхі жыцця Клары Філіпавай, звярнула ўвагу прысутных на прысвечаную ёй экспазіцыю. У вітрынах -- узнагароды нашай слыннай зямлячкі: ордэны Айчыннай вайны, Працоўнага Чырвонага сцяга, медалі, Падзяка Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі, юбілейная Грамата мітрапаліта Мінскага і Слуцкага, Патрыяршага экзарха ўсяе Беларусі Філарэта, дыплом «Жанчына года-2021». Прыцягвае ўвагу гітара: у маладосці Клара Лявонцьеўна на ёй іграла, прыгожа спявала. Яе першае месца работы -- дыктар Маладзечанскага абласнога радыё. Адсюль і любоў да беларускай мовы, да журналістыкі, якую яна пранесла праз усё жыццё. Калекцыя сувеніраў з лёну нагадвае аб 22 гадах плённай працы на пасадзе дырэктара фабрыкі мастацкіх вырабаў, якая ў часы Філіпавай грымела на ўсю Беларусь, на увесь СССР. На паліцы -- кнігі, у якіх расказваецца пра нашу зямлячку. А побач на манекене -- чорны ў белую палоску пінжак Клары Лявонцьеўны, які яна, заўсёды элегантная і прыгожая, часта апранала на афіцыйныя мерапрыемствы.

Верыла ў людзей, умела падтрымаць кожнага

Стараста вёскі Груздава Ніна Станевіч расказала, як у час работы бібліятэкарам Палачанскай бібліятэкі Клара Філіпава арганізавала сустрэчу з Сяргеем Прытыцкім з нагоды выхаду прысвечанай яму кнігі «Чырвонае лісце». Ніна Аляксандраўна таксама ўспамінала, што на пасадзе старшыні Палачанскага сельсавета Клара Філіпава найперш дапамагла адрамантаваць стары панскі дом, у якім жыла мнагадзетная сям’я.

-- Я ўдзячная лёсу, што ў маім жыцці была Клара Лявонцьеўна! Мне было ўсяго 16 гадоў, калі яна ўзяла мяне на фабрыку, дапамагла атрымаць прафесію, паверыць у сябе, -- гаварыла Людміла Закрэўская, якая за гады работы вырасла да галоўнага інжынера фабрыкі. -- Наша дырэктар многім дапамагала: каму кватэру атрымаць, каму дзяцей у садзік уладкаваць, вырашыць іншыя праблемы. Мы звалі Клару Лявонцьеўну «нашай мамай». Так і гаварылі паміж сабой: «Пайду з мамай пагавару».

-- У нашым калектыве была вельмі цёплая, можна сказаць, сямейная атмасфера. Калі Клара Лявонцьеўна адыходзіла на пенсію, мы ўсе не тое што плакалі, рыдалі, -- успамінала Аліна Брыль, у мінулым -- майстар раскройнага ўчастка, цяпер -- старшыня ветэранскай арганізацыі фабрыкі мастацкіх вырабаў.

Аб плённым шматгадовым супрацоўніцтве Клары Філіпавай з рэдакцыяй «Маладзечанскай газеты» прыгадаў яе былы галоўны рэдактар Аляксандр Лазоўскі. Яе кніга «Жывым -- помніць…» -- рукапісны помнік нашым землякам, якія змагаліся за незалежнасць Беларусі, за тое, каб наступным пакаленням жылося спакойна.

Як сімвал гэтай пераемнасці -- звонкія галасы юных артыстаў з узорнай студыі эстрадных спеваў «Брава» дзіцячага цэнтра культуры «Расток», якія падарылі ўдзельнікам цудоўныя песні пра Беларусь.

Першае каханне -- на ўсё жыццё

Застаецца толькі здзіўляцца, як у Клары Лявонцьеўны хапала на ўсё часу, душэўных сіл. Яна была клапатлівай жонкай, мамай траіх цудоўных дзяцей, сагравала сваёй любоўю пяцярых унукаў, шасцярых праўнукаў. На вялікі жаль, старэйшая дачка Алена заўчасна пайшла з жыцця. Яна была бухгалтарам, працавала намеснікам начальніка ўпраўлення педуніверсітэта імя М. Танка. На сустрэчы прысутнічалі сын Уладзімір Філіпаў, якога многія ў горадзе ведаюць як першага дырэктара ААТ «ЭНЭФ», дачка Таццяна Летунова, бібліятэкар залы літаратуры на замежных мовах цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Максіма Багдановіча, унукі Паліна і Аляксей, праўнучкі Дар’я і Марыя, іншыя сваякі.

-- Мая мама -- прадстаўніца сваёй эпохі, беларуска XX стагоддзя, па біяграфіі якой можна вывучаць гісторыю нашай краіны, -- гаворыць Таццяна Летунова. -- Яе дзед па бацькоўскай лініі быў царскім адвакатам, магчыма, уменне абараніць чалавека ёй перадалося ад яго. Яе маці закончыла жаночую гімназію, была надзвычай пісьменнай і разумнай, дапамагала і нам рыхтавацца да ўрокаў. Бабуля маёй мамы была поварам у партызанскім атрадзе, а мама ў свае няпоўныя 15 гадоў -- яго сувязной, разведчыцай. Ёй давялося перажыць вельмі шмат гора, смерцяў родных людзей, у тым ліку любімай бабулі. І сама не раз была на валаску ад смерці. Хворая на тыф, з тэмпературай пад 40 і амаль беспрытомная, яна звалілася з саней, у якіх яе разам з параненым партызанам вывозілі з нямецкага акружэння. На шчасце, вазніца праз нейкі час заўважыў прапажу, знайшоў яе, замярзаючую на снезе. Значыць, ёй наканавана было выжыць, каб нарадзіліся мы, нашы дзеці…

Прагучала на сустрэчы і прыгожая, хоць кнігу пішы, гісторыя кахання Клары Дубінскай і Мікалая Філіпава. Яны пазнаёміліся ў Паставах восенню 1944 года, дзе малады лейтэнант знаходзіўся пасля ранення. Праз два тыдні Мікалай пайшоў на фронт, маладзейшая на шэсць гадоў Клара чакала яго, пісала пісьмы, прысвяціла верш. Гэта было яе першае і, як аказалася, адзінае каханне. Яны пражылі разам 52 гады. Мікалай Аляксеевіч працаваў настаўнікам, дырэктарам Беніцкай, Палачанскай школ. На жаль, яго жыццёвы шлях скончыўся ў 77 гадоў.

-- Я і цяпер часта ў думках звяртаюся да бабулі, нібыта прашу ў яе парады ў той ці іншай сітуацыі, -- шчыра гаварыла ў час сустрэчы ўнучка Паліна Летунова і прыгадвала, як замест казак на ноч бабуля расказвала ёй цікавыя гісторыі з жыцця, як яна ўмела захоўваць сакрэты сваіх унукаў…

Пляменніца Людміла Філіпенка з удзячнасцю гаварыла, што Клара Лявонцьеўна стала для яе другой мамай. Бацька Людмілы загінуў на фронце, ім з маці, роднай сястрой Клары Лявонцьеўны, было вельмі цяжка. Людміла падоўгу жыла ў сям’і Філіпавых, яны ёй вельмі дапамаглі ў жыцці.

Многія гаварылі, што ў час гэтага чуллівага мерапрыемства нібыта сустрэліся з незабыўнай Кларай Лявонцьеўнай, якая з прыгожай усмешкай глядзела на ўсіх з партрэта. Трапна зазначыла старшыня раённай арганізацыі ветэранаў Таццяна Шафаловіч: «Такія людзі неабходныя нам як паветра: мы іх не можам ужо бачыць, аднак яны заўсёды з намі…».