Праграму арганізатары падрыхтавалі разнастайную. На выстаўцы «Ручнік. Вечнае — спрадвечнае» былі прадстаўлены тканыя і вышываныя ручнікі з розных рэгіёнаў Мінскай вобласці канца ХІХ — сярэдзіны ХХ стагоддзя. Навуковы супрацоўнік Таццяна Беразавец не толькі расказала гісторыю іх стварэння і растлумачыла сімволіку, але і прапанавала самому прыкласці руку да старажытнага рамяства. У ліку жадаючых была і Кацярына Васькова, якая ўпершыню паспрабавала ткаць з дапамогай адпаведных прылад. Кацярына гаворыць, што занятак ёй спадабаўся. Ён канцэнтруе ўвагу і пазбаўляе ад мітуслівых думак.
Кацярына Васькова паспрабавала сябе ў якасці ткачыхі
«Вобраз. Форма. Кераміка». На экспазіцыі з такой назвай не толькі гаршкі, збанкі ды міскі. Акрамя традыцыйнага посуду на выстаўцы прадстаўлены адмысловыя вырабы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Напрыклад, даволі вялікая гліняная ваза з незвычайным дэкорам упрыгожана не кветкамі і пейзажамі, а рэальнымі насельнікамі Белавежскай пушчы – жывёламі і птушкамі. Надпіс «20 год уз’яднання БССР» на вазе, датаванай 1959 годам, у чарговы раз вяртае нас у гісторыю. У залу керамікі запрашала малодшы навуковы супрацоўнік Ганна Кавалевіч.
Керамічная ваза, датаваная 1959 годам.
Гістарычны экскурс прадоўжыў этнаграфічны турнір. Па ўмовах віктарыны, якую праводзіла загадчыца аддзела Вольга Шылько, трэба было прыгадаць імя народнага ўмельца, які вырабіў славуты крыж Еўфрасінні Полацкай, адказаць на пытанне аб тым, што дало падставу Уладзіміру Караткевічу называць Беларусь зямлёю пад белымі крыламі, адгадаць прыладу для памолу збожжа. Усё гэта толькі размінка. Другі, гістарычны тур быў больш складаным. Але на прапанаваныя пытанні ў наведвальнікаў знаходзіліся правільныя адказы. Тым часам навуковы супрацоўнік Канстанцін Скур’ят запрашаў разгадаць крыжаванку на тэму народнай традыцыйнай культуры. У многіх атрымалася хутка і дакладна.
Для тых, хто вырашыў навучыцца рабіць папяровыя закладкі ў тэхніцы ткацтва, ператварыць сваё імя ў арнамент або заняцца выцінанкай на тэму «Лекавыя зёлкі», майстар-класы праводзілі Вольга Спірыдонава, Наталля Чырвонцава і Эльвіра Яхімовіч. Майстэрства на гэтых лакацыях асвойвалі і дарослыя, і дзеці.
Дарэчы, менавіта для дзяцей, якія любяць маляваць, ствараць нешта сваімі рукамі, была падрыхтавана асобная пляцоўка. Анастасія Брылеўская прыйшла на мерапрыемства з дачкой Алёнай. Хацела сама больш даведацца пра беларускія народныя традыцыі і дачку з імі пазнаёміць.
Пра тое, што не за гарамі вялікае хрысціянскае свята Троіцы, нагадала яшчэ адна ўдзельніца мерапрыемства Анастасія Шпілеўская. Здаўна ўпрыгожвалі беларусы храмы і свае дамы зялёнымі галінкамі дрэў, а яшчэ плялі вянкі. Жадаючых далучыцца да гэтай справы ў музеі было нямала. Як і больш даведацца пра раслінны і жывёльны свет нашай краіны з дапамогай старшага навуковага супрацоўніка Іны Самовіч.
Ці часта сучаснаму чалавеку пашчасціць пачуць гуслі? Напэўна, не. Пра іх мы ведаем хутчэй са сказак і легенд. І вось адна з легенд ажыла, загучала мелодыяй. І хоць гусляр Алесь зусім не падобны на старца з сівой барадой, пра свой інструмент ён можа расказваць вельмі цікава і захапляльна.
Ноч музеяў – гэта свята, напоўненае таямніцамі, незвычайнымі сустрэчамі, забавамі і ўражаннямі. Ва ўстанове культуры беражліва захоўваецца гісторыя, не парываецца сувязь з сучаснасцю, дзе і музыка гучыць, і песні спяваюць, і моладзь танцуе. Адным словам, разам збіраюцца музы. Адкрыю вам сакрэт: гэта адбываецца не толькі ў Ноч музеяў.
Тэкст і фота: Людміла ЦАР.