Новости Молодечно и Молодечненского района

«Расток» — дзейнасці новы віток

  • 2021-12-09 12:35:25
  • Ірына Рабушка

Далёка не адно пакаленне хлопчыкаў і дзяўчынак з горада і раёна прыходзяць сюды, каб адкрыць краіну творчасці. Разам з няўрымслівымі кіраўнікамі студый яны спасцігаюць харэаграфію, вакал, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва, вывучаюць родную культуру і традыцыі.

Святочнае мерапрыемства з нагоды адметнай даты з’яднала калектыў, выхаванцаў і іх бацькоў. Дарэчы, нярэдка былыя выпускнікі прыводзяць у «Расток» ужо сваіх сыноў і дачок альбо вяртаюцца сюды ў якасці выкладчыкаў.

— За час існавання цэнтр тройчы рэарганізоўваўся, але ён заўсёды арыентаваны найперш на эстэтычнае выхаванне дзяцей і падлеткаў, развіццё іх здольнасцей, пошук талентаў, — заўважае Наталля Соніч, якая кіруе ўстановай пяць гадоў. — Мы працягваем лепшыя традыцыі, але на дасягнутым не спыняемся. 30 гадоў – цудоўны ўзрост для новых творчых праектаў і значных перамог.

У гэты дзень віншаванні гучалі ад прадстаўнікоў аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, дырэктараў, якія раней узначальвалі цэнтр, ад калег з устаноў культуры і адукацыі раёна. За плённую працу і актыўную дзейнасць супрацоўнікі цэнтра былі адзначаны ўдзячнасцямі і атрымалі памятныя сувеніры.

Віноўнікі ўрачыстасці прымалі прывітанні ўжо за тыдзень да свята. У інтэрнэце ў сацыяльных групах «Растка» быў аб’яўлены віншавальны марафон. Весткі ляцелі з ўсёй Беларусі!

Гэты цэнтр сапраўды адметны. У яго скарбонку выхаванцы штогод прыносяць сотні (!) узнагарод у конкурсах і на фестывалях, у тым ліку міжнароднага ўзроўню. У «Растку» вырасла нямала талентаў, якія звязалі сваю прафесійную дзейнасць з культурай і мастацтвам. У іх ліку Марк Войтка — выпускнік узорнай студыі эстрадных спеваў «Брава!» пад кіраўніцтвам Наталлі Соніч. Многія ведаюць яго як саліста групы «Правакацыя» і артыста сталічнага маладзёжнага тэатра эстрады.

Разам з педагогамі выхаванцы цэнтра заўсёды актыўна далучаюцца да мерапрыемстваў, што ладзяцца ў нашым рэгіёне. Менавіта прадстаўнікі
«Растка» сталі ініцыятарамі конкурсу дзіцячай творчасці для зусім маленькіх выканаўцаў ад 3 да 6 гадоў «Капітошка» — ён даўно не мае патрэбы ў дадатковай рэкламе і карыстаецца папулярнасцю. Без выхаванцаў і педагогаў не абыходзяцца дзіцячыя фальклорныя святы, прысвечаныя Калядам, Масленіцы, Вялікадню, Купаллю… А яшчэ толькі ў «Растку» з мая па верасень працуе «Пікніковая паляна» — тэрыторыя для самаарганізацыі вольнага часу на свежым паветры гараджан.

… Кульмінацыяй свята стала казачнае з’яўленне вялікага торта пад музыку і апладысменты прысутных. Завяршальны акорд — фінальная песня, якую напісалі таксама работнікі цэнтра.

Ірына РАБУШКА.
Фота: архіў ДЦК «РАСТОК».