Алена НЯДЗВЕЦКАЯ, бібліятэкар Радашковіцкай бібліятэкі, чвэрць стагоддзя захапляецца краязнаўствам. За гэты час яна сабрала вялікі матэрыял пра Радашковічы. Папулярызацыя ведаў пра малую радзіму, яе гісторыю, традыцыі, людзей, якія праславілі населены пункт, – адзін з напрамкаў работы ўстановы культуры.
– Мясцовыя жыхары ахвотна дапамагаюць збіраць інфармацыю, – гаворыць Алена Леанідаўна. – Людзі прыносяць старыя рэчы, што захаваліся на іх падворках, фатаграфіі з выявамі дамоў і вуліц, якіх цяпер ужо няма, расказваюць пра сваіх продкаў. У выніку ў бібліятэцы сабраны вялікі аб’ём краязнаўчага матэрыялу. І адпаведная работа працягваецца.
Так, адзін з жыхароў знайшоў на сваім агародзе чырвонаармейскую шпору. Людзі знаходзяць гільзы часоў Першай сусветнай вайны, артэфакты, што тычацца міжваеннага жыцця Радашковічаў. Тады гэта быў прыгранічны населены пункт. Людзям цікава даведацца нешта новае пра пасёлак. У выніку мацнее сувязь пакаленняў, фарміруецца гістарычная памяць.
Субяседніца адзначыла, што бібліятэка выпусціла шэраг буклетаў і брашур на краязнаўчую тэматыку. Прысвечаны яны розным аспектам жыцця Радашковічаў: былым уладальнікам населенага пункта, эканоміцы, культуры... Цікава даведацца, што ў пачатку ХХ стагоддзя ў мястэчку працавалі чатыры банкі, існавалі чатыры сінагогі.
Сярод малавядомых фактаў пра пасёлак ёсць і такія. Ядвігін Ш., які пэўны час жыў у мястэчку, напісаў «Выпадак з Радашковіцкага бытавога жыцця». Твор апавядае, як пасварыліся свякруха з нявесткай. А Янка Купала напярэдадні прэм’еры «Паўлінкі» вельмі хваляваўся, што мясцовы памешчык Аляксандр Уласаў запрасіў на пастаноўку прататыпаў п’есы з населенага пункта Акопы (цяпер Лагойскі раён).
– У 2025 годзе бібліятэка пачынае новы краязнаўчы праект «Мой родны край – мая гісторыя жыцця», – паведаміла Алена Нядзвецкая. – Разлічаны ён на пяць гадоў. У рамках праекта плануюцца тэматычныя экскурсіі, наведванне мясцовых прадпрыемстваў, выстаўка работ юных мастакоў, прысвечаная Радашковічам, іншыя мерапрыемствы. Такая дзейнасць цікавая і дзецям, і дарослым.
Тэкст і фота: Алег БЯГАНСКІ