Новости Молодечно и Молодечненского района

Палёт даўжынёй у чвэрць стагоддзя

  • 2021-05-24 08:59:08
  • Ірына Рабушка

Наша Зыкіна

Са школьных часоў Вольга марыла стварыць уласны хор. У яе роднай вёсачцы Чаромушкі, што на Вілейшчыне, не было ні дзіцячага, ні дарослага харавога калектыву. Яна з радасцю спявала на вясковых мерапрыемствах ды проста ў палях. Пра яе гаварылі не інакш як «наша Людміла Зыкіна».

У дзявяты і дзясяты класы Вольга пайшла вучыцца ў інтэрнат у Крывічах, дзе давялося і жыць. Яе творчы талент заўважыў настаўнік спеваў і сам адвёз вучаніцу ў музычнае вучылішча ў Маладзечна. І тут Вользе таксама пашанцавала на педагогаў, якія прывялі яе да харавага мастацтва. Потым сваё майстэрства яна ўдасканаліла ў сталічным педінстытуце.

Першы найбольш вядомы ў нашым горадзе творчы калектыў пад кіраўніцтвам Вольгі Бялько — узорны ансамбль песні і танца «Усмешка», якому прысвяціла 17 гадоў.

Гэта геніяльна!

Хор «Журавачка» дзявочы, за чвэрць стагоддзя адсюль у дарослае жыццё пайшлі больш за тысячу выхаванак.

Вольга Паўлаўна вучыць іх спяваць не толькі на беларускай і рускай мовах, але і на ўкраінскай, англійскай, французскай, італьянскай, румынскай, венгерскай, іўрыце. Каб дасягнуць правільнага вымаўлення, даводзіцца займацца і ў інтэрнэце, і з рэпетытарамі.

Калектыў аб’ездзіў амаль усю Еўропу, і яго ўдзельніцы неаднойчы чулі на розных мовах «Гэта геніяльна!» і бурныя апладысменты ў свой адрас. У скарбонцы — шмат узнагарод, многія з іх сталі «экспанатамі» выстаўкі, прысвечанай 25-годдзю калектыву. Таксама хор пяць разоў адзначаўся спецыяльным фондам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Пра яркае і плённае жыццё творцаў прысутным прадэманстравалі відэафільм, які падрыхтавалі педагогі Людміла Раінчыкава (яна правяла і ўрачыстасць), Вольга Яцэвіч, Іна Владыка.

Выпускніцы хору – канцэртмайстар Кацярына Купрыеўская (справа) і вакалістка Марыя Лі парадавалі творчым нумарам.

Торт на цялежцы

Віншавальны адрас зачыталі ад дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па Маладзечанскай гарадской выбарчай акрузе №72 Людмілы Канановіч.

У святочны дзень было шмат ўзнагарод – Ганаровыя граматы і Падзячныя пісьмы райвыканкама, Беларускага саюза музычных дзеячаў. Іх атрымалі бацькі за належнае выхаванне дзяцей (удзельніц хору) і, безумоўна, адзначана кіраўнік хору. Успомнілі і ўсіх канцэртмайстраў, дарэчы, цяпер у яго якасці працуе Паліна Казаравец.

Сярод тых, хто віншаваў «журавачак», была начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Вольга Клепакова. Яна выказала словы ўдзячнасці не толькі Вользе Бялько і юным вакалісткам, але і адміністрацыі школы на чале з Уладзімірам Яцыновічам, які больш за дзесяць гадоў узначальвае ўстанову і асабістым прыкладам задае вельмі высокую планку.

— З Вольгай Паўлаўнай мяне звязваюць дзесяцігоддзі, і ў мяне самыя добрыя ўспаміны, — шчыра зазначыла Вольга Клепакова. – Мне даводзілася і спяваць, і танцаваць пад яе кіраўніцтвам, у тым ліку і калі працавала педагогам.

Дарэчы, ад райвыканкама «журавачкам» падарылі вялізны торт, які вывезлі на спецыяльнай цялежцы.

Сардэчныя віншаванні адрасавала дырэктар Палаца культуры Святлана Сарока, якая таксама падкрэсліла плённае супрацоўніцтва на працягу доўгіх гадоў.

— Па першай адукацыі я дырыжор-харавік, таму ведаю, якой вытанчанай справай вам даводзіцца займацца, каб атрымалася адшліфаванае сугучча шматгалосся, — звярнулася яна да Вольгі Бялько. – Мэта музыкі — кранаць сэрцы, і ў вас гэта атрымліваецца.

Урокі прыгажосці

Многіх выхаванак хору ведае галоўны ўрач Маладзечанскай цэнтральнай раённай бальніцы Дар’я Калядзіч, паколькі ў свой час таксама была ў іх ліку.

— Тады ў нас не было ніякіх гаджатаў — партытуры мы перапісвалі ад рукі, а Вольга Паўлаўна іх правярала. Яна ўвогуле навучыла нас вельмі многаму, у тым ліку паднесла і ўрокі прыгажосці – стылю, макіяжу. На мой погляд, кожны павінен атрымаць музычную адукацыю. Мае дзеці, як і многіх былых выхаванак хору, цяпер таксама тут займаюцца, — заўважыла ўрач, якую некалі называлі ў «Журавачцы» «звонкагалосым салавейчыкам».

А былая выпускніца калектыву Юлія Аноп, якая пакуль вучыцца на трэцім курсе медінстытута, нават вырашыла спець. І, як і раней, саліравала ў знакамітай кампазіцыі «Жураўлі» (з рэпертуару Марка Бернэса).

Творчасцю парадавалі і тыя, хто звязаў свой прафесійны шлях са сцэнай. Прагучалі шматлікія
відэапрывітанні ад калег, былых выхаванак.

— Вы навучылі мяне і іншых, як трэба любіць сваю справу і цалкам аддавацца ёй, — трапна заўважыла Надзея Дурэйка, якая працавала канцэртмайстрам хору на працягу сямі гадоў і даслала відэапаштоўку з амерыканскага штата Фларыда.

Вольга Паўлаўна атрымала віншаванні не толькі з нагоды 25-годдзя творчага калектыву, але і асабістай адметнай даты – 70-годдзя. Яна не ўтойвае свайго ўзросту, таму што пераканана ў тым, што ствараць ніколі не позна, і яе «журавачкі» абавязкова яшчэ дасягнуць новых вышынь.

Тэкст і фота: Ірына РАБУШКА.