Рэспубліканскі праект «Кожная пятніца – роднае, сваё» знаходзіць увасабленне ў Маладзечанскім раёне. У чэленджы «Адкрываем Беларусь разам» прымае ўдзел Чысцінскі сельскі Дом культуры.
Як расказала культарганізатар СДК Таццяна ЧУБАНАВА (на фота), у пачатку лютага ўвага была нададзена беларускаму народнаму касцюму як сапраўднаму здабытку нацыянальнай культуры.
Потым удзельнікі аматарскага аб’яднання «Общение» гатавалі традыцыйныя беларускія стравы. Нагадалі пра тое, што зімой у беларускай сям’і на стале была вараная квашаная капуста з добрай мясістай косткай ды бульба ў мундзірах. А яшчэ клёцкі з бульбачкі засмажаныя скваркамі… Як падсілкуешся такімі прысмакамі – ні адзін люты мароз цябе не возьме.
А яшчэ ўдзельнікі творчых калектываў Дома культуры выконвалі песні беларускіх аўтараў на роднай мове. Яны займаюць значнае месца ў рэпертуары самадзейных артыстаў і заўсёды вельмі цёпла ўспрымаюцца гледачамі. Работнікі культуры стараюцца прывіваць любоў да роднага слова. Гэта тэма таксама ў цэнтры ўвагі.
Тэкст і фота: Людміла ЦАР