Народны эстрадны аркестр«BY-BLUES» пад кіраўніцтвам Дзмітрыя Арцямёнка і народны духавы аркестр пад кіраўніцтвам Аляксея Андрэева атрымалі лаўрэацкія званні на Міжнародным конкурсе джазавай і эстраднай музыкі «JAZZTIME-2021» (Салігорск) і Рэспубліканскім адкрытым конкурсе-фестывалі «Свята саксафона» (Маладзечна). Другакурсніца аддзялення «Музыказнаўства» Ганна-Марыя Гараніна ўзнагароджана дыпломам 1-й ступені Студэнцкай навуковай канферэнцыі-конкурсе ў рамках Міжнародных навуковых чытанняў памяці Л.С. Мухарынскай і Міжнароднага форуму этнакультур (Мінск, Беларуская дзяржаўная акадэмія музыкі).
Упрыгажэннем мая сталі канцэртныя праграмы старшыні цыклавой камісіі «Спевы акадэмічныя» Наталлі Шыбко, а таксама аркестравых калектываў музычнага каледжа. Шчырай атрымалася творчая сустрэча «Возьми с собой Любовь» маладзёжнага руху «Время жить».
У адметным праекце «Па старонках любімых опер» заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь сімфанічнага аркестра пад кіраўніцтвам Рыгора Сарокі прынялі ўдзел маладыя салісты – навучэнцы і выпускнікі вакальнага аддзялення каледжа заслужанага дзеяча культуры Рэспублікі Беларусь Георгія Юрэвіча, загадчыка цыклавой камісіі «Спевы акадэмічныя» Наталлі Шыбко, выкладчыка Мікалая Карпіевіча. Праграму канцэрта склалі сольныя і ансамблевыя нумары з опер вядомых кампазітараў Р. Рубінштэйна, П. Чайкоўскага, Дж. Вэрдзі, Ш. Гуно, беларускага кампазітара А. Залётнева, а таксама аперэт І. Дунаеўскага...
Для большасці навучэнцаў каледжа, у тым ліку Іосіфа Нікіценкі, Андрэя Гаргуна, Дзіяны Праскура, Дзмітрыя Апяцёнка, выпускніц каледжа Вольгі Ерафеевай, Крысціны Мацюшонак, Элады Колеравай, ілюстратара аркестра Канстанціна Бязроднага – гэта першае выступленне з вялікім калектывам сімфанічнага аркестра. Выпускнік каледжа Дзмітрый Лагун і трэцякурснік Ігнат Данько ўжо маюць такі вопыт.
Яўгенія РУКЕВІЧ, загадчыца практыкі музычнага каледжа.
Фота: Руслан АПАНОВІЧ.