У канферэнц-зале Маладзечанскай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Максіма Багдановіча адбылася творчая сустрэча з Міхаілам БАРАНОЎСКІМ, загадчыкам філіяла «Літаратурны музей Максіма Багдановіча» Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры», гісторыкам, паэтам, музыкантам.
Вялікую цікавасць аўдыторыі выклікала прэзентацыя кніг «VOLUMEN.3: вершы» і «Максім Багдановіч. Спроба рэканструкцыі».
У невялікай размове з карэспандэнтам «МГ» аўтар расказаў:
– Мая кніга, прысвечаная жыццю і творчасці самага маладога класіка беларускай літаратуры Максіма Багдановіча, упершыню была прадстаўлена на дзень яго нараджэння – 9 снежня мінулага года – у музеі паэта ў Мінску. Нядаўна была яшчэ адна сустрэча ў бібліятэцы Барысава. І вось цяпер Маладзечна.
Дарэчы, з нашым горадам у аўтара звязаны добрыя ўспаміны – у свой час ён служыў тут у вайсковай часці.
– Кожны класік – гэта пэўная загадка. Пра іх напісаны дзясяткі кніг, сотні і тысячы артыкулаў. І ўсё ж такі застаецца поле для даследчай дзейнасці, – гаворыць Міхаіл Бараноўскі. – Працуючы з дакументамі, я меў намер наблізіцца да разумення пэўных момантаў біяграфіі асобы Максіма Багдановіча, высветліць факты, якія па нейкіх прычынах раней заставаліся па-за ўвагай. Разрозненыя звесткі па пэўнай тэме паспрабаваў абагульніць і прывесці ў артыкулах. Гэта тычыцца знешнасці паэта. Яго фотаздымкаў захавалася зусім мала, многія з іх вельмі рэтушаваныя. Нам цяжка ўявіць, што Максім Багдановіч быў высокім. Яго рост – метр дзевяноста. Я паспрабаваў унікнуць у працэс стварэння ім літаратурных твораў. Была таксама мэта пазнаёміць чытачоў з газетнымі матэрыяламі, якія мне пашчасціла адшукаць у расійскай газеце, на старонках якой Максім Багдановіч друкаваўся ў Яраслаўлі. Яны былі надрукаваныя толькі аднойчы ў часопісе «Нёман», таму захацелася прадставіць іх у новай кнізе. Я працую ў музеі Максіма Багдановіча больш за шаснаццаць гадоў, а непасрэдна навуковай і пісьменніцкай дзейнасцю займаюся гадоў дзесяць. Лепшыя артыкулы, найбольш важныя матэрыялы за гэты час і складаюць змест кнігі.
Міхаіл Бараноўскі ў час сустрэчы падзяліўся сваёй творчасцю. У зале прагучалі яго паэтычныя радкі з новай кнігі «VOLUMEN.3: вершы». Акрамя таго, госць выканаў пад гітару песенныя творы на словы Максіма Багдановіча, Уладзіміра Караткевіча.
Тэкст і фота: Людміла ЦАР