Новости Молодечно и Молодечненского района

«Мары дзівосныя, сатканыя ў ніці»

  • 2024-01-16 11:14:19
  • Людміла Цар

Экспазіцыя знаёміць наведвальнікаў музея з посцілкамі Мінскай вобласці канца ХІХ -- 80-х гадоў ХХ стагоддзя з уласнага музейнага фонду (калекцый «Тканіны» і «Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва»).

Заўважана, што саматканыя посцілкі як асобны прадмет ці арт-аб’ект у нашым музеі яшчэ не экспанаваліся – яны з’яўляліся дапаўненнем да іншых выстаў. Тым не менш, гэты прадмет мастацтва, як дываны і паясы, былі і застаюцца элементам нацыянальнай культуры, феноменам і часткай культурнага кода нацыі.

Раней саматканыя посцілкі выконвалі некалькі функцый: утылітарную, дэкаратыўную, абрадавую. Імі засцілалі ложкі, выязныя сані і вазкі, вешалі на сцяну для ўпрыгожвання інтэр’ера сялянскай хаты. Посцілкі клалі маладым пад ногі ў час благаславення ў вясельным абрадзе, лічылі важнай часткай пасагу маладой.

Традыцыйна выкарыстоўвалі іх і ў якасці атрыбута пахавальнага абраду.

Цяпер экзэмпляры, што захаваліся з даўніх часоў, нярэдка становяцца сямейным скарбам, прадметам калекцыяніравання. Яны нагадваюць пра далёкі час і людзей, якія мелі дачыненне да іх вырабу.

На экспазіцыі прыцягваюць увагу багацце каларыстыкі, разнастайнасць кампазіцый і тэхнікі выканання посцілак. Па ўсім бачна: майстрыхі давалі волю фантазіі і не прытрымліваліся строгіх канонаў. Посцілкі дарылі, перавозілі ў іншыя мясцовасці, а значыць, адметныя для пэўнага рэгіёна рысы дапаўняліся новымі элементамі. На вытканых асновах вышыты птушкі, у прыватнасці, паўліны і лебедзі, можна ўбачыць цара звяроў льва і мноства кветак, прычым самыя папулярныя сярод іх менавіта ружы.

Супрацоўнікі Мінскага абласнога краязнаўчага музея запрашаюць маладзечанцаў прыйсці ў музей, убачыць новае ў звыклым і атрымаць асалоду ад адметных узораў ткацтва -- аднаго з самых старажытных рамёстваў на Беларусi. Выстава, дзе арганічна спалучаюцца традыцыі і майстэрства, зацікавіць людзей рознага ўзросту. Напрыклад, навучэнцам школ запомніўся не толькі аповед пра скарбы нацыянальнай культуры, але і майстар-клас па вырабе прадметаў з элементамі ткацтва.

Тэкст і фота: Людміла ЦАР.