У гэтага калектыву багатая творчая біяграфія. 25 гадоў таму студыю пры гарадскім Доме культуры заснаваў Дзмітрый Сушко. У 2001-м ёй было прысвоена званне «ўзорнай». Апошнія два гады яе ўзначальвае Алеся Кульша.
-- Сёння ў нашай студыі займаецца больш за 15 юных выхаванцаў ад 6 да 18 гадоў, -- расказвае Алеся Кульша. -- Усе яны артыстычныя, актыўныя, матываваныя. Стараюся ў кожным убачыць індывідуальнасць, дапамагаю адшукаць свой непаўторны стыль выканання.
-- Што чакае гледачоў, якія прыйдуць на ваш канцэрт?
-- Праграма складзена з 15 аўтарскіх песень нашага земляка Віталія Качаткова на беларускай і рускай мовах. Для мяне прынцыпова, каб дзеці спявалі на роднай мове, адчувалі яе прыгажосць і меладычнасць. Лейтматывам праз усе кампазіцыі праходзіць любоў да малой радзімы -- месца нашай сілы, вяртанне на яе, дзе б мы ні былі, куды б нас лёс ні закінуў. Калі ў студэнцтве ездзіла ў электрычцы са сталіцы ў Маладзечна, любіла назіраць за пасажырамі, уяўляла, што яны адчуваюць, вяртаючыся дадому. Вось гэту сімвалічную электрычку, якая вяртае нас да нашых каранёў, мы і паспрабавалі стварыць у канцэрце. Вядучага, дарэчы, не будзе, думкі артыстаў-пасажыраў будуць гучаць са сцэны на беларускай мове.
-- Як доўга вы рыхтавалі канцэрт?
-- Ідэя ўзнікла яшчэ летам, аднак было шмат мерапрыемстваў, працаваць над новай праграмай пачалі з верасня. Вельмі ўдзячная за плённае творчае супрацоўніцтва Віталію Качаткову, які не толькі напісаў песні, але і зрабіў аранжыроўкі, а таксама свайму сябру па ўніверсітэце культуры і мастацтваў, музыканту, вакалісту з Мінска Раману Юркову.
-- У кожнага з нас свая малая радзіма. А якая яна ў вас?
-- Хаця я вырасла і жыву ў Маладзечне, для мяне такім месцам сілы з’яўляецца вёсачка Домантавічы на Капыльшчыне, дзе жылі мае бабуля з дзядулем, дзе прайшло маё дзяцінства. На жаль, іх ужо няма, але яны мне сняцца, я сумую па іх. Хацелася ў творчасці выказаць свае пачуцці, свой светлы сум, закрыць для сябе гештальт… Спадзяюся, мне гэта ўдалося.
-- Хто акрамя вашых юных выхаванцаў прыме ўдзел у канцэртнай праграме?
-- Усяго ў ёй задзейнічана каля 200 чалавек. Вельмі прыемна, што разам з намі выйдуць на сцэну Палаца культуры народны вакальны ансамбль «Менестрэлі», Павел Данілаў, Дзіяна Бажко, узорны харэаграфічны ансамбль «Сонечныя праменьчыкі», удзельнікі студыі іспанскага танца фламенка «FUEGO» і іншыя. Вельмі хочацца спадзявацца, што гледачы атрымаюць асалоду ад кожнага нумара нашай праграмы і ім захочацца наведаць запаветныя месцы роднай Беларусі, дзе іх заўсёды чакаюць, дзе ім рады…
Анжаліка КРУПЯНЬКОВА.
Фота: архіў Алеі КУЛЬША.