
Сёння ў «Фальварку Ракуцёўшчына» шумна і весела – тут праходзіць доўгачаканы «Вясновы фэст». Рэдакцыя «Маладзечанскай газеты» не змагла прайсці міма такой нагоды і акунулася ў атмасферу свята.

«Фальварак Ракуцёўшчына» – гэта не проста маляўнічае месца, гэта дзівосная мясціна, якая летам 1911 года натхніла на стварэнне некалькіх дзясяткаў вершаў самога Максіма Багдановіча. Менавіта іх мы знаходзім на старонках легендарнага «Вянка» – зборніка, які стаў класікай беларускай літаратуры.




Арганізатары фэсту прапанавалі гасцям натхніцца гэтым чароўным месцам, але ўжо вясновай парой, адчуўшы яго асаблівую энергетыку. «Вясновы фэст» – цудоўнае спалучэнне даўніх традыцый нашых продкаў: гукання вясны, святкавання Вялікадня і народных забаў. Тут кожны змог адчуць сувязь з мінулым і атрымаць зарад пазітыву ад адраджэння старажытных абрадаў.
Што ж чакала гасцей? Атмасфера была напоўнена гукамі і фарбамі: гучалі звонкія песні-вяснянкі, заклікаючы цяпло і сонейка; ладзіліся вясёлыя карагоды; праводзіліся займальныя майстар-класы, рытмічныя традыцыйныя танцы не пакінулі нікога абыякавым. І, вядома ж, працаваў яркі рамесніцкі кірмаш, дзе можна было набыць унікальныя вырабы ручной работы і пакаштаваць традыцыйныя пачастункі.





Фэст– нагода для ўсіх, ад малога да вялікага, паглыбіцца ў гісторыю, пазнаёміцца з фальклорам і, магчыма, таксама адчуць тое натхненне, што калісьці апанавала Максіма Багдановіча ў гэтых мясцінах.





Дзіяна ЗЕЛЯНКО