Жыццё праз гістарычны ракурс
Некаторыя беларускія крытыкі параўноўваюць мастацкія ідэі Рублеўскай з ідэямі Уладзіміра Караткевіча. Пісьменнік, супрацоўнік раённай бібліятэкі Міхась Казлоўскі адзначыў разнажанравасць творчасці Людмілы Рублеўскай, глыбіню яе твораў, здольнасць бачыць жыццё праз гістарычны ракурс, уменне выйсці за межы свайго часу і перадаць яго асаблівасці.
Маладзечна для пісьменніцы горад невыпадковы, тут яна бывала не раз з творчай нагоды, тут была падрыхтавана і выдадзена яе першая кніга. І гэта яшчэ не ўсё. Людміла Іванаўна прывяла малавядомыя факты жыцця знакамітай асобы нашага краю Міколы Ермаловіча, пра якога рабіла журналісцкі матэрыял. А галоўную ролю ў кіна-стужцы «Авантуры Пранціша Вырвіча»па сцэнарыі яе рамана «Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега» сыграў маладзечанец Георгій Пятрэнка.

Наша альтэрнатыва «Гардэмарынам»
Прыгодніцкая кінастужка, падзеі якой адбываюцца ў XVIII стагоддзі, здымалася на кінастудыі «Беларусьфільм».(Дарэчы, гэты праект створаны цалкам беларускімі камандай і акцёрскім складам). Асноўнае месца дзеяння – тэрыторыя сучаснай Беларусі, ці тагачаснай Рэчы Паспалітай. Сцэны здымаліся ў вядомых беларускіх мясцінах, у тым ліку ў Бабруйску, Нясвіжы, Лідзе, Мірскім замку. Распарадак работы гістарычных комплексаў не змяняўся, таму нярэдка даводзілася працаваць уначы. Аўтар рамана таксама ўдзельнічала ў кінапрацэсе.
— Фільм ствараўся няпроста, але вельмі цікава, з энтузіязмам, — расказвае Людміла Іванаўна. – Некаторыя артысты ўпершыню ўзялі шаблю ў рукі, вучыліся трымацца ў сядле, спасцігалі сакрэты фехтавання.
Спецыяльна была створана машына на паравым рухавіку, якая апісваецца ў кнізе як «жалезная чарапаха», танк па чарцяжах Леанарда да Вінчы. Было шмат іншых маштабных задум, але не ўсе яны ўвасобіліся. Тым не менш час авантурыстаў і алхімікаў, чароўных дам і адважных рыцараў, палацавых інтрыг і крывавых войнаў адчуваецца вельмі натуральна. У гэтым мы пераканаліся, калі паглядзелі трэйлеры да фільма «Авантуры Пранціша Вырвіча», знятага рэжысёрам Аляксандрам Анісімавым.
— Хацелася паказаць Беларусь як еўрапейскую краіну, у якой ёсць замкі, высакародныя рыцары і дамы, за якіх варта біцца, вандроўныя тэатры і музыканты, — дзеліцца Людміла Рублеўская. – У бліжэйшых планах беларускамоўны варыянт кінастужкі. Гэта вельмі важна, як і выданне кніг на беларускай мове. Колькі разоў будуць чытаць мае творы, столькі чалавек будуць вывучаць мову.
Пісьменніца вельмі скрупулёзна ставіцца да падбору імёнаў сваіх герояў. Напрыклад, рэдкае Пранціш (поўнае Франтасій) было знойдзена ў слоўніку Ластоўскага. Акрэслівае рысы характару героя і прозвішча Вырвіч.
У падарожжа па краіне і часе
— У кожнага твора свой лёс, калі кніга вартая ўвагі, яна знойдзе свайго чытача і не згубіцца на кніжнай паліцы, — лічыць Людміла Іванаўна.
Пісьменніца прызнаецца, што вельмі любіць сваіх герояў, з якімі ёй цяжка развітацца, а яшчэ яна любіць вандраваць па краіне, зноў і зноў адкрываць таямніцы гісторыі.
Мы маем магчымасць стаць спадарожнікам Людмілы Рублеўскай, калі па-сапраўднаму зацікавімся яе творчасцю, разлічанай на людзей з пэўным багажом ведаў. У нашым горадзе іх нямала, і ў гэтым можна было пераканацца на нядаўняй сустрэчы. Маладзечанцы атрымалі не толькі адказы на свае пытанні, але і шмат новай інфармацыі, прыемных эмоцый. Спыняліся наведвальнікі ля кніжнай экспазіцыі Выдавецкага дома «Звязда», якая была падрыхтавана да мерапрыемства.
ШТРЫХІ ДА ПАРТРЭТА. Людміла Рублеўская – член Саюза пісьменнікаў СССР (1990) і Саюза беларускіх пісьменнікаў. Працавала ў газетах «Наша слова», «Лiтаратура i мастацтва», часопісе «Перша-цвет». Была літаратурным аглядальнікам аддзела культуры газеты «Беларусь сегодня», а таксама аўтарам радыёперадач «Дзеяслоў» на канале «Культура». Цяпер — рэдактар аддзела культуры газеты «Звязда». Творы Людмілы Іванаўны перакладзены на рускую, нямецкую, англійскую, французскую, балгарскую, польскую, іншыя мовы. Драматычныя творы ставіліся на сцэнах беларускіх тэатраў.
Тэкст і фота: Людміла ЦАР.