Новости Молодечно и Молодечненского района

Краю мой родны ў карцінах і вершах

  • 2022-04-14 11:22:36
  • Людміла Цар

У час урачыстага адкрыцця тэматычнай экспазіцыі вядучая мерапрыемства Анастасія Багушэвіч нагадала асноўныя вехі жыцця беларускага паэта, публіцыста, літаратурнага крытыка, перакладчыка Максіма Багдановіча. Дзякуючы сваёй геніяльнай адоранасці ён стаў зоркай на небасхіле беларускай паэзіі. У яго вершах любоў да роднага краю, жыцця, жанчыны. Яго паэзія напоўнена верай у лепшую будучыню Беларусі. Спадчына Максіма Багдановіча ўвайшла ў залаты фонд беларускай культуры.

На выставе «Краю мой родны…» прадстаўлены работы дзевяці маладзечанскіх мастакоў. Затрымліваліся наведвальнікі ля карцін Аляксандра Пашкевіча, Міколы Аўчыннікава, Рыгора Мяжуева, Уладзіміра Тамашэвіча, Віктара Данілава, Алены Кучко, Ягора Арцюхова, Кастуся Харашэвіча, Юрыя Герасіменкі-Жызнеўскага.

Як адзначыў сябар Беларускага саюза мастакоў Рыгор Мяжуеў, з году ў год у нашым горадзе арганізуюцца выставы, прысвечаныя знакамітым землякам. У ліку прадстаўленых на новай экспазіцыі ёсць экспрэсіўныя творы і пачуццёвыя сюжэты. На вершы паэта складаюцца песні, у яго гонар ладзяцца вечарыны і творчыя праекты.

Мікола Аўчыннікаў, сябар Беларускага саюза мастакоў, прымаў удзел у некалькіх выставах, прысвечаных Максіму Багдановічу, у сталічным Палацы мастацтваў. Па ініцыятыве Міколы Віктаравіча ладзяцца яны ў нашым горадзе. Не толькі вядомыя мастакі, але і моладзь прысвячае свае творы Багдановічу. Ягор Арцюхоў расказаў, што натхняўся вершамі класіка беларускай літаратуры яшчэ ў студэнцкія гады. Гэта тэма цікавіць яго і цяпер. А кожная карціна дазваляе яшчэ больш даведацца і пра паэта, і пра асобу мастака.

З прывітальным словам да прысутных звярнулася намеснік дырэктара Палаца культуры Маргарыта Шытыка. Пранікнёна гучалі вершаваныя радкі — прысвячэнне паэту кіраўніка духоўна-патрыятычнага аб’яднання «Светач» Ларысы Сысун і ўдзельніцы аб’яднання Тамары Аўсяннікавай. На лірычны лад настроілі музычныя творы ў выкананні Марыі Шэбанец. Патаемныя струны душы закранула песня «Беларусь – радзімы дом» у выкананні Веранікі Пташнік.

З цікавасцю знаёміліся маладзечанцы з экспазіцыяй.

Людміла ЦАР.
Фота: Яўгеній СТЭЛЬМАХ.