Новости Молодечно и Молодечненского района

Класіка ў трэндзе, або Сучасная бібліятэка вачыма маладога спецыяліста

  • 2021-09-16 06:40:18
  • Анжаліка Крупянькова

— Напэўна, найперш парадавала б: яго творы, як і ўся класіка, не пыляцца на паліцах, яны запатрабаваныя, — не сумелася ад неспадзяванага пытання дзяўчына. — Няма такога дня, каб хто-небудзь з чытачоў не захацеў перачытаць «Паўлінку» ці «Раскіданае гняздо», узяць зборнік вершаў Купалы. Заўсёды радуюся, калі чытачы просяць дапамагчы ім знайсці кнігу таго ці іншага класіка, памятаю, якой літаратуры аддаюць перавагу нашы пастаянныя наведвальнікі, аматары роднага слова.

У жніўні споўніўся год, як Святлана працуе бібліёграфам даведачнай службы цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Максіма Багдановіча пасля заканчэння факультэта інфармацыйна-дакументальных камунікацый Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў.

Ад электроннага каталога да кніжных паліц

Многія чытачы па дарозе на абанемент спыняюцца ў калідоры ля стала з шыльдай «Даведачная служба», каб спытацца, ці ёсць у фондах бібліятэкі патрэбная ім кніга. Святлане патрабуецца ўсяго некалькі хвілін, каб знайсці ў электронным каталогу бібліятэкі той ці іншы твор. Пры неабходнасці яна дапамагае чытачу адшукаць кнігу на абанеменце. Арыентуецца выдатна, за год вывучыла размяшчэнне літаратуры на паліцах. Да таго ж па любых пытаннях заўсёды можна звярнуцца да больш вопытных калег галоўнага бібліёграфа даведачнай службы Валянціны Стэльмах, галоўнага бібліятэкара абанемента Таццяны Скібіцкай, бібліятэкара Раісы Давідовіч. Кожны супрацоўнік прыйдзе на дапамогу, адзначае малады спецыяліст. Акрамя камунікацый з чытачамі Святлана рыхтуе для сайта бібліятэкі інфармацыю аб навінках літаратуры, якімі пастаянна папаўняецца кніжны фонд. Разам з супрацоўнікамі бібліятэкі прыдумвае віртуальныя пазнавальныя гульні. Да прыкладу, напярэдадні Дня геральдыкі прапанавалі наведвальнікам сайта бібліятэкі адказаць, які герб належыць таму ці іншаму гораду, а на Новы год – як называюць Дзеда Мароза ў розных краінах. Пазнавальнымі атрымаліся бібліяграфічныя гульні «Славутыя гісторыкі і краязнаўцы Маладзечанскага краю»,«Шляхамі Купалы». Не так даўно малады спецыяліст прымала ўдзел у падрыхтоўцы патрыятычнага квэста «Мінулых гадоў жывая памяць».

Святлана расказвае, што ў выпускным класе СШ №1 імя Янкі Купалы ўжо ведала, што будзе бібліятэкарам. Любоў да кніг ёй прывілі супрацоўніцы былога гарадскога філіяла-бібліятэкі №6 у Вялікім Сяле, куды вучні першай школы часцяком заглядвалі па дарозе дамоў.

— Гэта была ўтульная, нібыта дамашняя, бібліятэка, у якой працавалі вельмі зацікаўленыя людзі. Часта мне дапамагала выбраць кнігі Лілія Яцыновіч, а цяпер мы з ёю працуем у адных сценах, — з удзячнасцю гаворыць мая субяседніца.

У папяровай кнізе зарад не скончыцца

— Нярэдка можна пачуць, што дзеці, моладзь у апошні час сталі менш чытаць, замянілі кнігі на гаджаты. На вашу думку, як іх прыахвоціць да чытання?

— Адназначна не прымусам. Магчыма, уласным прыкладам. Калі дзіця з маленства бачыць маму і тату з кнігай у руках, то і само да яе пацягнецца. Заўсёды радуюся, калі бачу, як у бібліятэку сямейнага чытання «Верасок» дзеці прыходзяць разам з бацькамі. А што тычыцца моладзі, то заўважаю, што ў апошні час яна стала часцей да нас заглядаць. І, як ні дзіўна, дапамагае ў гэтым… інтэрнэт. Юнакі і дзяўчаты сочаць за «топавай» літаратурай, ідуць са спісамі да нас. Неабавязкова гэта навінкі, класічныя творы таксама ў трэндзе.

— А што падабаецца вам?

— З сучасных беларускіх аўтараў люблю Людмілу Рублеўскую, нядаўна з задавальненнем прачытала яе «Сэрца мармуровага анёла». Не так даўно, дарэчы, пісьменніца прыязджала ў нашу бібліятэку, на сустрэчы было шмат чытачоў. А вось папулярныя жаночыя раманы мяне менш захапляюць. Аддаю перавагу замежным дэтэктывам, люблю хітраспляценні сюжэту.

— Многія вашы равеснікі аддаюць перавагу электронным кнігам…

— Я люблю больш папяровыя. У іх не скончыцца зарад, не згубіцца патрэбная старонка, можна пакласці закладку…

Святлана гаворыць, што першы год работы праляцеў для яе хутка. Ёй няцяжка было прывыкаць, бо тут яна праходзіла практыку на старэйшых курсах, ведала калектыў. І старанна вучылася, спасцігала ўсе тонкасці прафесіі: вывучала спецыяльныя бібліятэчныя праграмы, вопыт бібліятэк розных краін. Зазначае, што вучоба была няпростай, патрабаванні сур’ёзнымі. З 26 аднакурснікаў толькі 14 атрымалі дыпломы.

Яшчэ на практыцы Святлана Нарэйка паспрабавала сябе ў ролі вядучай мерапрыемстваў, хаця раней гэта амплуа да сябе не прымяняла. Можна сказаць, у бібліятэцы раскрыліся яе сцэнічныя здольнасці. Разам з Таццянай Скібіцкай яны вялі шмат мерапрыемстваў, у тым ліку і «Чытач года», мінулагоднюю «Бібліяноч», вечар раманса, прэзентацыю выстаўкі рукадзелля. Дарэчы, на выстаўцы былі прадстаўлены пано, выкананыя ў тэхніцы алмазнай мазаікі мамай Святланы Людмілай Аляксандраўнай.

На Дні беларускага пісьменства ў Капылі нашы бібліятэкары прадставілі цікавую выстаўку «Маладзечанскім гасцінцам». Разам з дырэктарам цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Максіма Багдановіча Марыяй Стасяловіч (у цэнтры) запрашалі наведвальнікаў Ганна Паўлушава і Святлана Нарэйка.

— А я ў вольны час люблю маляваць карціны па нумарах, — расказвае мая субяседніца. – Разам з мамай мы чаруем кожная над сваёй карцінай.

Да прафесійнага свята творчы калектыў бібліятэкі рыхтуе чарговы падарунак сваім чытачам – насычаную сюрпрызамі «Бібліяноч».

— Будзе цікава! Абавязкова прыходзьце! — запрашае Святлана, не раскрываючы ўсіх сакрэтаў.

Адчуваецца, што дзяўчыне падабаецца тое, чым яна займаецца.

— Ніколькі не шкадую, што выбрала для сябе прафесію бібліятэкара! — Люблю сваю работу за тое, што яна мне дае магчымасць дапамагаць людзям станавіцца больш адукаванымі, духоўнымі. І пры гэтым не дазваляе самой таптацца на месцы, натхняе рухацца наперад, бо кожны дзень даведваюся нешта новае, — адзначае малады спецыяліст.

Анжаліка КРУПЯНЬКОВА.
Фота: АЎТАР, Віталій КРУПЯНЬКОЎ.