Новости Молодечно и Молодечненского района

Казка пра дзяўчынку, якая не магла хадзіць, але ўмела лятаць разам з матылькамі

  • 2021-02-03 08:29:41
  • Анжаліка Крупянькова

Гэта трэцяя кніга нашай зямлячкі, якая ў свой час закончыла СШ №3 (цяпер гімназія), свае першыя творы надрукавала ў мясцовай газеце. Шмат гадоў Тамара Пятроўна працавала галоўным рэдактарам часопіса для жанчын «Алеся». Жывучы ў сталіцы, яна захавала бацькоўскі дом на ціхай вуліцы Святаянскай, не страціла сувязь з сябрамі дзяцінства, многія з якіх сталі прататыпамі герояў яе першых дзвюх кніг «Дзяўчынка з Вішнёвага завулка» і «Чароўны кошык».

А вось галоўная гераіня «Саду з матылькамі» — дзяўчынка Даша – выдуманы персанаж. Пра тое, як нарадзілася ідэя аповесці, на каго яна разлічана і якія спадзяванні з ёю звязаны, аўтар расказала «МГ».

Такой убачыла галоўную гераіню Дашу мастачка Аксана Аракчэева.

— Усё пачалося з таго, што ў сваім маладзечанскім садзе я ўбачыла страшнага вусеня, — дзеліцца пісьменніца. — Першым памкненнем было раздушыць яго, але я падумала: магчыма, ён у некага ператворыцца? Сфатаграфавала, даведалася з інтэрнэту, што з часам пачварны вусень стане прыгожым дзённым матыльком Паўлінавае вока. Тады я падумала: так і ў людзей – мы бачым чалавека, магчыма, непрыгожага, з нейкімі асаблівасцямі, адрознага ад іншых, а на самай справе ён можа быць разумным, добрым, таленавітым…

Спачатку Тамара Пятроўна вырашыла скласці казку пра вусеня, але хутка зразумела, што творы з падобным сюжэтам у літаратуры ўжо ёсць — той жа «Гадкий утенок» Андэрсена.

Тамара Бунта.

— Тады я пачала праводзіць аналогіі са светам людзей, — гаворыць аўтар. — Прыгадала гутарку з унучкай, якая неяк сказала, што ў іх класе ёсць дзяўчынка, з якой ніхто не сябруе, бо яна «як ненармальная». Аказалася, што гэта дзяўчынка з асаблівасцямі развіцця, мне было яе вельмі шкада, я прасіла ўнучку пасябраваць з ёю. Але праз нейкі час яна сказала, што дзяўчынку перавялі ў іншы клас. Сюжэт закруціўся, абрастаў маімі жыццёвымі перажываннямі і ўражаннямі. Прыгадала ўласны не вельмі прыемны вопыт, калі прывяла дачку ў клас пасля сур’ёзнай траўмы, папрасіла настаўніцу быць да яе больш уважлівай, а тая адмахнулася: «У мяне іх трыццаць! Як я магу прасачыць за кожным?». А ўсяго і трэба было растлумачыць дзецям, што ў дачкі спачатку можа балець галава і яна не зможа бегаць, скакаць, крычаць разам з імі. У выніку адносіны не склаліся, і мы перайшлі ў іншую школу…

Так, з асацыяцый успамінаў, назіранняў нарадзілася дзяўчынка Даша, у якой у страшнай аўтааварыі загінулі бацькі. У апошняе імгненне маці прыкрыла маленькую дачку, але не ўберагла ад траўмы, якая прыкавала малую да інваліднага вазка. Яе выхоўваюць дзядуля з бабуляй, якія робяць усё, каб Даша расла шчаслівай. У яе ёсць дом, вялікі прыгожы сад. Але яна жыве за высокай агароджай, у яе няма сяброў, апроч садовых насельнікаў – мурашоў, баговак, жукоў і матылькоў, якія лічаць яе Прынцэсай саду... Была спроба пайсці ў першы клас звычайнай школы, але дзеці і нават настаўніца сустрэлі дзяўчынку насцярожана. Апошняй кропкай стала абурэнне маці хлопчыка, з якім Дашу пасадзілі за адну парту: «Я не хачу, каб мой сын сядзеў з інвалідам! Гэта дрэнна адаб’ецца на яго псіхіцы!». І Даша, нібы тая дзяўчынка з асаблівасцямі развіцця з класа ўнучкі пісьменніцы, вымушана была перайсці нават не ў іншы клас, а на дамашняе навучанне.

— Сюжэт нібы з рэальнага жыцця. А што ў ім казачнага?

— Адзіны казачны элемент, які я ўвяла ў аповесць, гэта тое, што Даша разумее мову сваіх садовых сяброў – розных жукоў і матылькоў, якія ўрэшце і дапамогуць ёй, дадуць надзею. А ў сваіх снах яна ўзнімаецца разам з імі ў блакіт нябёсаў.

— Не будзем расказваць увесь сюжэт захапляльнай гісторыі. Няхай для чытачоў застанецца інтрыга. Тамара Пятроўна, скажыце, чаму на гэты раз вы вырашылі звярнуцца да такой няпростай тэмы як жыццё чалавека з інваліднасцю?

— Мне вельмі хочацца прыцягнуць увагу да гэтай праблемы. Ведаеце, калі я ўпершыню трапіла ў Парыж, то больш за велічнасць Эйфелевай вежы мяне ўразіла тое, што ля яе былі людзі ў інвалідных вазках, якія даехалі без усялякіх бар’ераў. На вялікі жаль, на нашых вуліцах паранейшаму мала людзей з інваліднасцю. Так, безбар’ерная прастора пашыраецца, узводзяцца пандусы, якія, да слова сказаць, часта вядуць у нікуды, бо пасля іх у памяшканні – прыступкі… Яшчэ больш сур’ёзная праблема – успрыняцце нашым грамадствам людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Ім не трэба наша спачуванне. Яны хочуць сябе адчуваць роўнымі, мець магчымасць гуляць у парку, па вуліцах, наведваць кафэ і кінатэатры, падарожнічаць.

— А на які ўзрост разлічана ваша кніга?

— На малодшы школьны, вучняў другіх-пятых класаў. Вельмі спадзяюся, што мая казка дапаможа хлопчыкам і дзяўчынкам, а магчыма, і іх бацькам, быць больш добразычлівымі да людзей з інваліднасцю, навучыць успрымаць іх як роўных сабе. А яшчэ дапаможа зразумець: не трэба наступаць на вусеня, які паўзе па дарожцы, бо заўтра ён можа стаць прыгожым матыльком… Радуе, што ў сацыяльных сетках да мяне звярнуліся педагогі спецыяльных школ, дзе вучацца дзеткі з асаблівасцямі развіцця, і папрасілі даслаць ім кнігу. Яна, да слова, паступіла ўжо ў кнігарні, хутка павінна з’явіцца і ў бібліятэках. Спадзяюся, эпідэміялагічная сітуацыя палепшыцца — і ў мяне будзе магчымасць прэзентаваць яе землякам, якія з цікавасцю ставяцца да маёй творчасці. Не магу не сказаць і пра тое, што ілюстравала новую кнігу, як і дзве папярэднія, цудоўная беларуская мастачка Аксана Аракчэева, якой я вельмі ўдзячная за плённае супрацоўніцтва. Яе вялікая заслуга ў тым, што кнігі атрымаліся такімі прыгожымі і яркімі, што іх хочацца ўзяць у рукі, перагарнуць старонкі.

— Прыадкрыйце сакрэт, над чым цяпер працуеце?

— Пішу новую кнігу для дзяцей. І ведаеце, пра што? Пра каранавірус. А месца дзеяння ў ёй усё тое ж – вуліца Святаянская, мой сад і агарод...

Анжаліка КРУПЯНЬКОВА.
Фота: архіў Тамары БУНТА.