Кожную пятніцу кнігарня «Спадчына» становіцца цэнтрам прыцягнення для ўсіх, хто шануе роднае слова. Тут праходзіць акцыя «Чытайце сваё, беларускае», якая не толькі знаёміць чытачоў з багаццем беларускай літаратуры, але і адраджае цікавасць да яе сярод розных пакаленняў.
На паліцах магазіна ў гэты дзень асабліва вылучаюцца кнігі беларускіх пісьменнікаў. Ад класікаў да сучасных аўтараў, ад паэзіі да прозы, ад дзіцячых казак да сур’ёзных філасофскіх раманаў – выбар велізарны. Супрацоўнікі кнігарні з задавальненнем расказваюць наведвальнікам пра творы, дзеляцца цікавымі фактамі з жыцця аўтараў, дапамагаюць знайсці патрэбную кнігу.
Дырэктар «Спадчыны» Сяргей Субаткоўскі падзяліўся сваімі назіраннямі аб тым, які беларускі пісьменнік цяпер асабліва папулярны.
– Мы бачым, што чытачы актыўна цікавяцца як класікай, так і сучаснай беларускай літаратурай, – адзначыў ён. – Нязменным попытам карыстаюцца творы Уладзіміра Караткевіча. Яго гістарычныя раманы, такія як «Каласы под сярпом тваім» або «Хрыстос прызямліўся ў Гародні», працягваюць быць бестселерамі. Караткевіч умеў па-майстэрску спалучыць гістарычныя факты з захапляльным сюжэтам. Таксама вельмі папулярныя кнігі Максіма Багдановіча. Яго тонкая лірыка і глыбокія разважанні пра лёс Беларусі знаходзяць водгук у сэрцах чытачоў.
Акцыя «Чытайце сваё, беларускае» – гэта не проста продаж кніг. Гэта цэлая культурная падзея, якая садзейнічае папулярызацыі беларускай мовы і літаратуры, умацоўвае нацыянальную самасвядомасць і дапамагае чытачам адкрыць для сябе новыя грані роднай культуры. «Спадчына» становіцца тым месцам, дзе кожны можа знайсці сваю кнігу, якая закране душу і пакіне ў ёй глыбокі след.
Тэкст і фота: Алег ПАЦЭВІЧ