Адбылося свята ў нядзелю на пляцоўцы ля Летняга амфітэатра і, трэба сказаць, атрымалася на славу. Жадаючыя маглі паўдзельнічаць у розных конкурсах, паглядзець выступленні творчых калектываў, набыць сувеніры. Тэматыцы мерапрыемства адпавядала і надвор’е: лёгкі мароз змяніўся адлігай. Сапраўды зіма з вясною спрачаліся…


На снежным фоне выйгрышна глядзеліся кветкавыя кампазіцыі ад клуба майстроў народнай творчасці «Вытокі» раённага цэнтра рамёстваў. Як адзначыла кіраўнік клуба Ірына Радкоўская, букеты сімвалізуюць вясну, багацце, шчасце, здароўе -- усё тое, пра што марыць кожны чалавек.
У спаборніцтвах па пакарэнні кірмашовага слупа ўдзельнікам трэба было паказаць не толькі сілу, але і спрыт. Слуп быў высокі і тоўсты, таму ўзбірацца па ім было нязручна. Некаторыя «бралі вышыню» ў складзе каманды. Многім, у тым ліку навучэнцу Маладзечанскага дзяржаўнага політэхнічнага каледжа Даніілу Зянько, гэта ўдалося.

-- Займаюся спортам, таму і дасягнуў поспеху. За мяне хварэлі мае сябры. Я не мог іх падвесці, -- падзяліўся эмоцыямі малады чалавек.
Абавязковы атрыбут Масленіцы -- бліны -- карысталіся асаблівай папулярнасцю. Іх з апетытам елі і дзеці, і дарослыя. Заўважу, што выпякалі румяныя сімвалы сонца з мукі Маладзечанскага камбіната хлебапрадуктаў. Сапраўды, сваё заўсёды смачнае і карыснае!



А якое свята без музыкі і песень? З гэтай задачай выдатна спраўляліся творчыя калектывы Цэнтралізаванай клубнай сістэмы Маладзечанскага раёна. Пад вясёлыя мелодыі многія гледачы пускаліся ў скокі. Забаўлялі гасцей свята і работнікі Палаца культуры, навучэнцы сярэдняй школы №11, іншыя ўдзельнікі Масленіцы.





Гулянні доўжыліся некалькі гадзін. Масленіца зацягвала, забаўляла, весяліла, віравала карагодамі, давала магчымасць кожнаму праявіць сябе. А ў канцы свята адбылося самае відовішчнае дзейства -- спальванне чучала зімы.
Тэкст і фота: Алег БЯГАНСКІ.