Праз адтуліну алюмініевага дыска
Гэта калекцыя адрозніваецца ад іншых: па-першае, яна адна з самых даўніх, па-другое, імкліва папаўняецца, па-трэцяе, лічыцца найбольш інфарматыўнай, бо па ёй можна вывучаць архітэктуру, мастацтва, сельскую гаспадарку, даведацца пра слынных землякоў і ўвогуле прасачыць за тым, як развіваецца наша жыццё, мадэрнізуецца падыход да вымярэння часу.
Асаблівую ўвагу прыцягвае шматгадовы каляндар. Яго яшчэ называюць вечным, хаця разлічаны ён з 1986 года да 2006-га. Ён адзін з нямногіх не папяровы ў тэматычнай калекцыі і нават мае назву «Сібірскі пейзаж». Гэта два замацаваныя ў цэнтры цвічком алюмініевыя дыскі, на адным з іх змешчана табліца з адтулінамі для змянення даных (год, месяц, дзень). Каляндар накрыты шкляным каўпаком і ўстаўлены ў чорную пластмасавую рамку. Але ён не самы стары ў музейнай калекцыі. Зроблены ў 1985 годзе ў РСФСР. Некалі яго прывёз з Расіі былы навуковы супрацоўнік Барыс Бароўскі і перадаў у фонды музея.
Шматгадовы каляндар адзін з нямногіхне папяровы экзэмпляр у тэматычнай музейнай калекцыі.
— Найбольш старадаўні экзэмпляр датуецца 1928-1930 гадамі, — гаворыць навуковы супрацоўнік музея Канстанцін Скур’ят. – На жаль, невядома, як ён трапіў у наш музей. Надрукаваны каляндар у Вільне і зроблены ў выглядзе невялічкай кніжачкі, якую было зручна пакласці ў кішэнь, каб узяць з сабой. У той час на календарах размяшчалі карысную сельгасінфармацыю: тэрміны пасадкі розных раслін, усход і заход Сонца, парады і анекдоты для добрага настрою.
Таксама ў 30-я гады мінулага стагоддзя вяртае папяровы каляндар па матывах савецкіх плакатаў таго часу, якія прапагандуюць эмансіпацыю. Ён быў выпушчаны ў Беларусі ў 2003-м.
Насценны каляндар, аздоблены плакатамі эпохі сацыялізму і прысвечаны жанчынам.
«Пагаворым» на розных мовах
Папаўняецца калекцыя дзякуючы жыхарам нашага рэгіёна і работнікам музея, якія ўмеюць убачыць, здаецца, у самым звычайным календары ўнікальную рэч. Так былі сабраныя рарытэты пасляваенных часоў. На іх найперш размяшчалі малюнкі, што адлюстроўваюць радасць мірнага жыцця.
Увайшоў у музейны фонд і каляндар, зроблены з нагоды 70-годдзя Вялікай Перамогі, што ў 2015-м перадалі прадстаўнікі Іванаўскай абласной думы, якія былі ў якасці дэлегатаў у нашым горадзе.
Цікавая падборка календароў, прысвечаных архітэктурным помнікам Беларусі. Напрыклад, можна ўбачыць Нясвіжскі і Мірскія замкі, музей-сядзібу М.К. Агінскага, касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Будславе.
— Па выявах нескладана прасачыць перыяды Вялікага Княства Літоўскага, Рэчы Паспалітай, Расійскай імперыі, — зазначае навуковы супрацоўнік. — Наша краіна перажывала розныя часы, што, безумоўна, адбілася і на архітэктуры. У Беларусі, як, магчыма, больш нідзе можна ўбачыць перапляценне стыляў дойлідства. Найчасцей архітэктурныя помнікі размяшчаюць на насценных календарах даволі маштабнага фармату.
Таксама дзякуючы насценнаму календару, што ёсць у калекцыі, можна паблукаць па Мінску пачатку ХХ стагоддзя. Ён аздоблены чорна-белымі фотаздымкамі, паштовымі маркамі з выявамі гістарычнага цэнтра. Гэта падарунак беларускага прыватнага выдавецтва «Рыфтур», якое актыўна супрацоўнічае з музеем.
Дарэчы, нярэдка календары, якія маюць эпахальнае значэнне, надрукаваныя на беларускай, рускай і англійскай мовах.
Паркалёвы бляск гісторыі
Сапраўднай гісторыяй у здымках можна назваць календары, прысвечаныя знакамітым беларусам. Акрамя фота, ёсць змястоўная інфармацыя пра іх. А ў пачатку 2000-х гадоў Таварыства беларускай мовы нават выпусціла цэлую «кішэнную» серыю, прысвечаную тым, хто зрабіў асаблівы ўклад у развіццё літаратуры і ўвогуле культуры. У іх ліку Францыск Скарына, Ян Чачот, Янка Купала, Якуб Колас, Максім Багдановіч.
Нязвыкла выглядае беларускамоўны насценны каляндар на тканіне. Па змешчанай на ім інфармацыі відавочна, што ён быў выпушчаны з нагоды 100-годдзя беларускіх песняроў Купалы і Коласа. Яго перадаў Вячаслаў Ляшковіч, які пэўны час быў дырэктарам музея. Каляндар зрабілі на баранавіцкай баваўнянай вытворчасці з паркалю, пакрытага спецыяльным растворам, што надае яму цвёрдасць і бляск.
Каляндар з паркалю.
Сабраныя ў музеі і календары з выявамі культавых збудаванняў, святых, прадстаўнікоў духавенства. На адным з іх наша Свята-Пакроўская царква. На прадукцыі такога кшталту, як правіла, пазначаны рэлігійныя святы.
Адмысловы насценны каляндар адрасаваны жанчынам Краіны Саветаў. Яго адметнасць – выявы тэматычных плакатаў эпохі сацыялізму. Таксама ў ім надрукаваныя замалёўкі пра жыццё, прафесіі жанчын, якія працавалі ў розных сферах.
Трымай імідж круглы год!
У музейных фондах нямала календароў з фотаздымкамі і выявамі нашага горада, у тым ліку ёсць сюжэты, прысвечаныя Рэспубліканскаму фестывалю-кірмашу працаўнікоў вёскі «Дажынкі-2011», які стаў неад’емнай часткай гісторыі Маладзечаншчыны.
Увогуле, на календарах можна адшукаць фота шматлікіх мясцовых знакавых аб’ектаў, сярод якіх краязнаўчы музей, драматычны тэатр, Палац культуры. Іх можна нават назваць асобнай калекцыяй-прысвячэннем роднаму краю.
— У сучасных рэаліях календары прызначаны не толькі для таго, каб назіраць за часам, — рэзюмуе Канстанцін Скур’ят. — Яны сталі своеасаблівай іміджавай промапрадукцыяй, да афармлення якой розныя ўстановы, арганізацыі і прадпрыемствы падыходзяць арыгінальна.
Сапраўды, на такіх календарах змяшчаюць рэквізіты, карысную інфармацыю і імкнуцца прыдумаць незвычайнае аздабленне, каб яно не надакучыла за год. Напрыклад, наш Палац культуры да свайго пяцігоддзя выпусціў серыю кішэнных календароў з фота творчых калектываў установы. Мінскі абласны драмтэатр аддаў перавагу насценнаму і размясціў у ім рэпертуар, фота з розных спектакляў, цікавую інфармацыю пра артыстаў і важныя для тэатралаў даты. У настольным календары мясцовага краязнаўчага музея можна ўбачыць каштоўнасці, што ёсць у пастаянных экспазіцыях. А магутны жодзінскі «БелАЗ» спыніўся на яркіх дзіцячых малюнках, якія юныя творцы малявалі да 60-годдзя прадпрыемства. Іх работы і ўпрыгожылі насценны каляндар.
Ірына РАБУШКА.
Фота: АЎТАР і архіў МІНСКАГА АБЛАСНОГА КРАЯЗНАЎЧАГА МУЗЕЯ.