14.02.2017 12:57

Музычная «Ліра» – у Алены Атрашкевіч

Вядомы беларускі кампазітар Алена Атрашкевіч перамагла ў намінацыі «Лепшы аўтар музыкі» V Рэспубліканскага конкурсу «Нацыянальная музычная прэмія ў галіне папулярнай музыкі «Ліра».

Кампазітар Алена Атрашкевіч у час цырымоніі ўзнагароджання пераможцаў Нацыянальнай музычнай прэміі «Ліра». Кампазітар Алена Атрашкевіч у час цырымоніі ўзнагароджання пераможцаў Нацыянальнай музычнай прэміі «Ліра». "Маладзечанская газета"

Урачыстая цырымонія ўзнагароджання пераможцаў прайшла 9 лютага ў Палацы Рэспублікі.

«Ліра» — знакавая ўзнагарода для кожнага беларускага музыканта, выканаўцы. Яна сведчыць аб прызнанні слухачоў, якія галасуюць за таго ці іншага намінанта, і калег па творчым цэху (сёлета журы ўзначальваў Анатолій Ярмоленка). Разам з Аленай Атрашкевіч намініраваліся Юрый Вашчук, Дзмітрый Карпінчык, Леанід Шырын.   

...У Маладзечанскі музычны каледж Алена прыехала пасля заканчэння Ленінградскай дзяржаўнай кансерваторыі, аддала яму нямала гадоў, напрацавала вопыт педагога і кампазітара. Цяпер загадвае аддзяленнем «Мастацтва эстрады» (спевы) Мінскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў, але сувязь з Маладзечнам не перарывае, кожны чацвер прыязджае ў Палац культуры на заняткі з удзельнікамі ўзорнай студыі эстраднай песні «Спяваем разам». Нельга не прыгадаць, што тройчы выхаванцы Алены Атрашкевіч станавіліся ўладальнікамі Гран-пры конкурсу маладых выканаўцаў эстраднай песні, які праходзіць у рамках Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі «Маладзечна». Гэта Аляксандр Салаўёў, Аліна Молаш, Таццяна Валахановіч. Песні кампазітара адкрылі шлях на сцэну вядомым беларускім выканаўцам Жанэт, Стэле, Дарыі, Дзмітрыю Сяргееву, Яўгенію Долічу, Аляксею Гросу. Усяго ў скарбонцы таленавітай і надзвычай працавітай творцы звыш 500 эстрадных песень, рамансаў, музыка да 15 дзіцячых спектакляў і мюзіклаў, інструментальная музыка, камерныя, вакальна-сімфанічныя і харавыя кампазіцыі, апрацоўкі народных песень і іншыя. Разам з паэтам Васіліем Жуковічам Алена Атрашкевіч з’яўляецца аўтарам гімна сталічнай вобласці, які носіць назву «Міншчына».

— Чым быў адметны для вас мінулы год, па выніках якога выбіралі намінантаў на музычную «Ліру»? — пацікавілася ў Алены Віктараўны.
— Прайшлі творчыя вечары ў Мінскай філармоніі, Маладзечне, Гродне, Мазыры, прымеркаваныя да майго асабістага юбілею. Выйшлі два новыя зборнікі — «Натхненне» (творы для духавых інструментаў) і дзіцячых песень «Горад казачны» сумесна з паэтэсай Наталляй Танюкевіч. Маю песню «Табар жураўліны» ўключыў у свой рэпертуар пераможца ра-
сійскага праекта «Голас» Сяргей Валчкоў. А твор «Мы жывём на зямлі» спадабаўся Анатолію Ярмоленку.

— Алена Віктараўна, вы ўжо вызначылі пастаяннае месца для статуэткі?
— Паставіла яе ў сваім кабінеце ў каледжы разам з іншымі ўзнагародамі і дыпломамі. Многія выхаванцы патрымалі «Ліру» ў руках, а я загадала, каб яна абавязкова прынесла ім удачу.

Пры падвядзенні вынікаў Нацыянальнай музычнай прэміі ўдача напаткала яшчэ аднаго нашага земляка Марка Войтку, былога выхаванца ўзорнай студыі эстрадных спеваў «Брава!» дзіцячага цэнтра культуры «Расток». Група «PROвакацыя», у складзе якой спявае Марк,  атрымала «Ліру» ў намінацыі «Стыль года».


Прочитано 2133 раз Последнее изменение 14.02.2017 12:57
Анжаліка Крупянькова

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.