01.05.2018 10:18

У Маладзечне спяваў Аляксей Ісаеў

Калі на сцэну выходзіць прафесіянал высокага класа, гэта адчуваецца з першых імгненняў. Голас, артыкуляцыя, эмоцыі, энергетыка, знешнасць – як многа павінна быць дадзена артысту, каб аднойчы і надоўга заваяваць любоў гледачоў. Усімі гэтымі якасцямі валодае заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Аляксей Ісаеў. Нядаўна ён упершыню выступіў у гарадскім Палацы культуры, падарыў маладзечанцам самыя лепшыя песні аб каханні, арыі, рамансы, аб’яднаныя ў праграму «Хачу прызнацца музыцы ў любві».

У Маладзечне спяваў Аляксей Ісаеў "Маладзечанская газета"


Гэты канцэрт – новы сумесны праект з заслужаным калектывам Рэспублікі Беларусь сімфанічным аркестрам Маладзечанскага музычнага каледжа імя Міхала Клеафаса Агінскага пад упраўленнем Рыгора Сарокі.

«Даўно я не спяваў пад аркестр», -- шчыра прызнаўся публіцы Аляксей Ісаеў. Між тым у яго вялікі сцэнічны вопыт. Ён працаваў у тэатрах аперэты Барнаула, Растова, з’яўляецца доктарам філасофіі ў вобласці мастацтва. Пасля пераезду ў Беларусь быў акцёрам, а затым на працягу дзесяці гадоў дырэктарам і мастацкім кіраўніком Беларускага дзяржаўнага музычнага тэатра. Менавіта пры ім тэатр атрымаў ганаровае званне акадэмічнага. Прыхільнікі музыкі і сёння памятаюць, як бліскуча выконваў Ісаеў вядучыя ролі ў многіх спектаклях. Аўтару гэтых радкоў, напрыклад, пашчасціла бачыць яго ў ролі графа Разанава ў культавай рок-оперы «Юнона і Авось», і гэта былі незабыўныя ўражанні. Дарэчы, на прэм’еру прыязджаў сам аўтар – Аляксей Рыбнікаў, які зазначыў, што гэты спектакль можна лічыць другім нараджэннем рок-оперы.

Канцэрт у Маладзечне таксама стаў адметнай музычнай падзеяй. Пад чароўныя гукі аркестра Аляксей Ісаеў выконваў лепшую песенную класіку: патрыятычныя, ваенны творы, лірычныя песні з рэпертуару незабыўнага Мусліма Магамаева. «Гэта вялікі спявак, яго ніхто не пераспявае. Сёння мы аддаём даніну павагі яму, а таксама кампазітарам і паэтам, якія пісалі для яго – Арно Бабаджаняну, Роберту Раждзественскаму, Аляксандры Пахмутавай, Мікалаю Дабранрававу», -- сказаў выканаўца. Дарэчы, канцэрт адбыўся 12 красавіка, у Дзень касманаўтыкі. Сімвалічна, што Аляксей Ісаеў разам з маладзечанцамі праспяваў песню «Надзея», першымі слухачамі якой былі касманаўты Юрый Гагарын і Герман Цітоў. Гэты хіт савецкіх часоў і сёння выклікае ў душы самыя лепшыя пачуцці, збліжае людзей рознага ўзросту.

Падтрымаць спевака прыехала заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь, былая партнёрка па спектаклях у музычным тэатры Маргарыта Александровіч. Дуэтам яны выканалі песню «Рэха кахання», некалькі арый з вядомых аперэт. Артыстка падарыла маладзечанскай публіцы і сольныя нумары.

Сюрпрызам стаў выхад на сцэну сына спевака Мікіты Ісаева. Гучалі таксама папулярныя музычныя кампазіцыі ў выкананні аркестра, знакамітая «Ямайка», у якой саліраваў трубач Аляксандр Ерафееў. «У Беларусі такіх няшмат!» -- адзначыў, прадстаўляючы яго, Рыгор Сарока.

Аляксей Ісаеў сам вёў канцэрт. Ён адзначыў што Маладзечна праслыў у Беларусі як адзін з самых музычных гарадоў, і ў многім дзякуючы таленавітаму музыканту і кіраўніку Рыгору Сароку. Дарэчы, зусім нядаўна сімфанічны аркестр музычнага каледжа з вялікім поспехам выступіў на сцэне Беларускай дзяржаўнай філармоніі ў праграме «Масты дружбы: Беларусь-Расія». Гэты калектыў – гонар не толькі Маладзечна, але і ўсёй рэспублікі. Кожная яго новая праграма – тытанічная праца, нястомны пошук, жаданне падарыць публіцы нешта новае, прыгожае, вечнае. Іншым разам яго музыкантам, кіраўніку бывае прыкра, што ў сталіцы, гарадах блізкага і далёкага замежжа публіка больш актыўна ідзе на канцэрты, чым у родным горадзе. «Калі бачыце афішы новай праграмы, калі ласка, прыходзьце на канцэрт. І абавязкова прыводзьце сваіх дзяцей, каб яны змалку вучыліся разумець і цаніць сапраўднае мастацтва!» -- звярнуўся да землякоў Рыгор Сарока. І паабяцаў, што ў сёлетні юбілейны для музычнага каледжа і яго аркестра год маладзечанцы яшчэ раз змогуць убачыць пастаноўку оперы «Міхал Клеафас Агінскі. Невядомы партрэт».

Фота: архіў музычнага каледжа імя Міхала Клеафаса Агінскага.


Прочитано 3785 раз Последнее изменение 01.05.2018 10:18
Анжаліка Крупянькова

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.