16.01.2018 15:39

Брава, маэстра!

Намесніку дырэктара па вучэбнай рабоце музычнага каледжа імя М.К. Агінскага Георгію Юрэвічу прысвоена званне «Заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь». Цяпер ва ўстанове двое педагогаў маюць гэта ганаровае званне. Першым яго атрымаў дырэктар Рыгор Сарока.

Георгій Іларыёнавіч на педагагічнай ніве 37 гадоў і навучае класічнаму вакалу. У свой час таксама закончыў наша тады яшчэ музычнае вучылішча, а потым – кансерваторыю ў Мінску.

Навіна аб тым, што мне прысвоена званне «Заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь», застала ў дарозе. Я пачуў яе па радыё, і адразу інфармацыя ад прэс-службы Прэзідэнта краіны з’явілася ў інтэрнэце, — гаворыць педагог. — Разам з калегамі я якраз вяртаўся са сталіцы з урачыстасці, прысвечанай

80-годдзю Мінскай вобласці. У мой адрас адразу «пасыпаліся» віншаванні. У аўтобусе ехала больш за сто чалавек. Неўзабаве пачалі тэлефанаваць сваякі, калегі, сябры, знаёмыя.
Узнагароду Георгій Іларыёнавіч лічыць надзвычай важкай і не толькі асабіста для сябе, але і для ўсяго свайго калектыву, якім вельмі даражыць. За сваю педагагічную дзейнасць ён выхаваў мноства таленавітых вучняў. На пытанне, дасягненнямі якіх выхаванцаў ён асабліва ганарыцца, настаўнік па-філасофску адказаў: «Яны мне ўсе як дзеці…». Тым не менш нельга не прыгадаць Анатолія Сіўко.
Чатыры разы выдатны вакаліст адзначаўся спецыяльным фондам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў, таленавітай моладзі; таксама ён з’яўляецца лаўрэатам шматлікіх конкурсаў. Анатолій, дарэчы, адзін з першых павіншаваў з узнагародай свайго выкладчыка. Вызначыў Георгій Іларыёнавіч і свайго выхаванца ў Беларускай акадэміі музыкі, дзе таксама працуе. Гэта пяцікурснік Андрэй Мацюшонак, імя якога ўжо добра вядомае аматарам класічнага вакалу.

Калектыў рэдакцыі і шматлікія чытачы газеты далучаюцца да віншаванняў нашаму земляку з высокай узнагародай.

Фота: Аляксей ПЛАТКО.

Прочитано 3167 раз
Ірына Рабушка

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.