15.09.2023 10:34

Бібліяноч: прайсці 18 лакацый і атрымаць суперпрыз

Па традыцыі напярэдадні Дня бібліятэк, які ў нашай краіне адзначаецца 15 верасня, цэнтральная раённая бібліятэка імя Максіма Багдановіча запрасіла сваіх чытачоў на «Бібліяноч», якая прысвячалася Дню беларускага пісьменства, Году міру і стварэння.

Сёлета яна прайшла надзвычай маштабна і цікава.І што самае галоўнае, кожны наведвальнік, пачынаючы з дзетсадаўскага ўзросту і заканчваючы пенсіённым, змог правесці час з карысцю, даведацца нешта новае, праверыць свае веды па літаратуры, мастацтве, гісторыі Беларусі.

--У фае ўсім жадаючым выдаецца пуцявы ліст з заданнямі бібліяквэсту. Каб атрымаць прыз, трэба прайсці 10 заданняў, для суперпрыза -- 18, -- патлумачыла нам загадчыца аддзела абслугоўвання і інфармацыі Наталля Меднікава.

Мы вырашылі таксама прайсціся па ўсіх лакацыях. У аддзеле абслугоўвання дзіцячага чытача пазнаёміліся з малодшымі ўдзельнікамі «Бібліяночы» -- выхаванцамі дзіцячага сада №10, якіх суправаджала выхавальніца Таццяна Карпіевіч. Бібліятэкары Святлана Сарока, Кацярына Сідарава, Лілія Яцыновіч, Наталля Фандорка падрыхтавалі для іх гульнявую праграму, у якой чатырохгодкі ўдзельнічалі з вялікім задавальненнем. А Маргарыта Бадзё, Аліса Савіна, Цімафей Багуцкі нават прачыталі вершы на беларускай мове.

Больш дарослых наведвальнікаў бібліятэкар Кацярына Дударчык запрашала на майстар-клас па вырабе вінтажных канвертаў. А ў фае пяцікласнікі СШ №2 разам з педагогам-арганізатарам Палінай Аўгусціновіч трапілі на інтэлектуальную размінку«Базар галаваломак», з азартам разгадвалі красворды, выконвалі іншыя заданні бібліятэкара Ірыны Баранавай.


Тым часам у фае другога паверха расставілі мальберты навучэнцы пятага класа дзіцячай школы мастацтваў. Іх педагог Тамара Марчанкава расказала, што юныя мастакі прапануюць усім жадаючым напісаць іх творчыя партрэты. І многія такой магчымасцю скарысталіся, пазіравалі, атрымалі партрэты.

На супрацьлеглым баку разгарнуўся сапраўдны спектакль: дырэктар Мінскага абласнога тэатра лялек «Батлейка» Таццяна Чаеўская і вядучы майстар сцэны Уладзімір Владыка ўпершыню прынялі ўдзел у «Бібліяночы», прыйшлі ў вобразах герояў аповесці Гогаля «Нос», знаёмілі чацвёртакласнікаў гімназіі №10 з лялькамі, давалі нават іх патрымаць. І гэта было вельмі захапляюча!

Навучэнцы музычнага каледжа імя М.К. Агінскага разам з бібліёграфам аддзела абслугоўвання Галінай Пісарэвіч успаміналі шэдэўр беларускага рэнесансу «Песню пра зубра» Міколы Гусоўскага. А бібліятэкар залы мастацтва Святлана Сянько прапанавала моладзі перакласці на рускую мову самабытныя беларускія словы, а таксама прыняць удзел у майстар-класе па вырабе сімвала міру голуба. Бібіятэкары залы літаратуры на замежных мовах Таццяна Летунова і Ларыса Берташ правялі бліц-апытанне «Самыя дзіўныя куткі Беларусі на мовах свету», прэзентавалі настольныя гульні. Валерыя Галадок у прыгожым беларускім касцюме запрашала на інтэрактыўна-пазнавальныя заняткі «Пантэон беларускіх багоў», а Марыя Сачак -- на віктарыну па творах беларускіх пісьменнікаў «Пытанні з куфэрка». Кожная лакацыя была маляўніча аформлена, адчувалася, колькі душы і працы ўклалі супрацоўнікі бібліятэкі ў падрыхтоўку гэтага мерапрыемства.

На дварэ сцямнела, але чытачы не спяшаліся дадому, імкнуліся прайсці ўсе пункты квэсту. Як расказала Наталля Меднікава, каля дзесяці самых дапытлівых змаглі прайсці ўсе 18 пунктаў і атрымалі суперпрызы: кубкі з лагатыпамі бібліятэкі з салодкімі прысмакамі.

Анжаліка КРУПЯНЬКОВА.
Фота: Аляксей ПЛАТКО.

Прочитано 461 раз
Анжаліка Крупянькова

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.