Тое ж можна сказаць і пра Алега Мікалаевіча: у сваім родным горадзе ён не госць, часта бывае тут на мерапрыемствах, канцэртах, працуе ў журы на конкурсах. Яго дзяцінства і юнацтва прайшлі ў Маладзечне. Тут ён склаў свой першы твор, закончыў музычнае вучылішча, іграў у складзе поп-групы ў Доме культуры чыгуначнікаў. Тут сустрэў сваё каханне -- будучую жонку Таццяну.
Чарговая сустрэча з кампазітарам адбылася ў рамках праекта «Асоба эпохі», які традыцыйна праходзіць у час Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі. Вяла мерапрыемства, як і ўсе папярэднія, галоўны рэдактар музычных праграм Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё Таццяна Якушава.
Бацька вучыў Юрыя Антонава
-- Калі пры знаёмстве з Юрыем Антонавым я назваў сваё прозвішча, ён спытаў: «Вы сын Мікалая Георгіевіча Елісеенкава, майго выкладчыка па сальфеджыа?». Было прыемна, што праз дзясяткі гадоў ён памятае майго бацьку, які працаваў у нашым музвучылішчы, быў таленавітым, харызматычным, патрабавальным. Безумоўна, ён аказаў на мяне вялізарны ўплыў, як і мама Антаніна Сцяпанаўна, якая працавала ў СШ №2 настаўніцай пачатковых класаў, рускай мовы і літаратуры, -- успамінае Алег Мікалаевіч. -- Бацька быў «акадэмістам», у нас дома не было ніводнай эстраднай пласцінкі. Толькі класіка, харавая музыка. Аднак калі я быў зусім малым, насупраць нашага дома на вуліцы Прытыцкага знаходзілася танцпляцоўка. Бацькі гаварылі, што я спяваў хіты, якія там гучалі. Магчыма, гэтыя мелодыі, інтанацыі адбіліся ў маёй памяці. І хто ведае, ці пісаў бы я песні, каб не было б той танцпляцоўкі…
Першая песня -- пад прымусам
З адметным яму гумарам Алег Мікалаевіч успамінаў, як на ўроку сальфеджыа ў музычнай школе (на той час яна існавала пры музвучылішчы) далі заданне скласці музычны твор, а ён забыўся. На наступным уроку настаўнік даў яму ноты песні, якую напісала адна з дзяўчынак, і папрасіў яе вывучыць і спець.
-- З першых нот мелодыя мне не спадабалася. А вось тэкст убачыў -- і вось цуд: у галаве пачала гучаць мелодыя! Хуценька запісаў ноты, здаў выкладчыку. Прайшоў месяц, і аказалася, што гэта быў рэспубліканскі дзіцячы кампазітарскі конкурс, лаўрэатам якога я неспадзявана для сябе стаў. У час уручэння дыпломаў маю песню выконваў пад фартэпіяна ў акадэмічнай манеры адзін з выкладчыкаў. Я нават не адразу зразумеў, што гэта мой твор, які, як я ўяўляў, трэба было выконваць пад гітару. Усе заапладзіравалі, закрычалі «Брава!», а я толькі потым усвядоміў, што гэта быў мой першы поспех…
Першакурснікам нашага музычнага вучылішча Алег Елісеенкаў стаў пераможцам рэспубліканскага конкурсу маладых кампазітараў са сваёй п’есай для фартэпіяна. Дыплом яму ўручыў старшыня Саюза кампазітараў БССР Анатолій Багатыроў. А ў 1982 годзе яго дыпломную работу ў кансерваторыі (сімфонію №2 для камернага аркестра) выконваў на сцэне філармоніі адзін з лепшых калектываў -- Мінскі камерны аркестр пад кіраўніцтвам Юрыя Цырука.
«Добрыя людзі» прагучалі ў Юрмале
У 1988 годзе дзве песні нашага земляка Дзяржтэлерадыёкамітэт СССР адабраў на Усесаюзны тэлевізійны конкурс маладых выканаўцаў савецкай эстраднай песні ў Юрмале, яны прагучалі ў эфіры па Цэнтральным тэлебачанні. Гэта быў грандыёзны поспех! Дарэчы, адну з іх -- «Добрыя людзі» на словы Алеся Бадака -- цудоўна выканаў у час мерапрыемства ў Палацы культуры Павел Данілаў. Гэты хіт гучыць не толькі ў Беларусі. У Сібіры яго спяваюць «Сібірскія сябры», а беларускія італьянцы -- у Неапалі. А ў Юрмале песню выконваў гомельскі ВІА «Сябры». З таго часу ў кампазітара завязалася творчае сяброўства з Анатолем Ярмоленкам, якое плённа працягваецца і сёння. «Не творчасць засноўваецца на дружбе, а дружба на творчасці», -- падкрэслівае маэстра.
Пасля поспеху ў Юрмале маладога кампазітара запрасілі ў склад творчай агітбрыгады, якая тыдзень калясіла па Германіі.
З вялікай цеплынёй Алег Мікалаевіч успамінаў Міхаіла Фінберга, дзякуючы якому ў Маладзечне атрымаў прапіску Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі. На першым фестывалі ў 1993 годзе Міхаіл Фінберг прапанаваў Елісеенкаву ўключыць у праграму яго аўтарскі блок з чатырох песень. Малады кампазітар сам іграў на раялі, адчуваў дыханне шматтысячнай аўдыторыі. «Заварожаная фея» ў выкананні Аляксандра Саладухі прагучала пасля і на «Славянскім базары». Фрагменты выступлення можна было ўбачыць на відэа, як і фота, на якіх маладыя Елісеенкаў і Саладуха з доўгімі валасамі, з бародамі… Пазней у рамках фестывалю прайшлі аўтарскія канцэрты Елісеенкава, адзін з якіх называўся «Маладзечна -- мой дом».
Як Пеня агучваў каня
Расказаў Алег Мікалаевіч, як запісвалі яго песню для беларускага мультфільма «Пра рыцара, што нікога не баяўся», знятага на «Беларусьфільме» Аленай Туравай. Песню выконваў ансамбль «Песняры»: Уладзімір Мулявін агучыў рыцара, Валерый Дайнэка -- яго слугу (па сцэнарыі ён пакутаваў ад насмарку, таму Дайнэку давялося заціснуць нос прышчэпкай). Быў у мультфільме і спяваючы конь, агучваць якога трэба было басам. У «Песнярах» з басам нікога не было. Тады знайшлі выйсце: запісалі тэнара Ігара Пеню, але змянілі хуткасць на магнітафоне -- і атрымалася тое, што трэба. Мультфільм, дарэчы, можна паглядзець на Ютубе.
«Зорная ростань» адкрыла таленты
Таццяна Якушава прыгадала яшчэ адзін значны этап дзейнасці кампазітара: на працягу дзесяці гадоў ён быў музычным кіраўніком папулярнай у 1990-я гады «Зорная ростань». Тэлепраект стаў стартавай пляцоўкай на вялікую сцэну для такіх вядомых сёння выканаўцаў і музыкантаў як Дзмітрый Качароўскі, Юрый Вашчук (Тэа), Святлана Стацэнка і іншых. Там упершыню загарэлася зорка Валерыя Дзідзюлі, сусветна вядомага гітарыста-віртуоза. Алег Мікалаевіч успамінае, што спецыяльна для Валерыя ўнеслі змяненні ў палажэнне аб конкурсе, уключылі намінацыю інструментальнай музыкі.
«Талентам трэба дапамагаць!» -- перакананы кампазітар, які з’яўляецца кіраўніком студыі «Гран-пры» пры Дзяржаўным канцэртным аркестры. Сярод яго выхаванцаў Вера Карэтнікава, Вячаслаў Нагорны, група «Ванільнае неба». Песні Елісеенкава ёсць у рэпертуары ансамбля «Сябры», Алесі, Аляксандра Саладухі, Ірыны Дарафеевай, Андрэя Хлястова і іншых вядомых выканаўцаў.
Кампазітар з задавальненнем слухаў, як выконваюць яго песні нашы мясцовыя вакалісты Юлія Абрамовіч, Ганна Мартынава, Павел Данілаў, Дзіяна Бажко, Мілана Соніч, Эвеліна Ламейка, падпяваў ім, падтрымліваў.
А працягам цёплай, душэўнай сустрэчы стаў творчы вечар Алега Елісеенкава «Добрыя людзі», які з аншлагам прайшоў у канцэртнай зале Палаца культуры.