Гэта мерапрыемства называюць адной з самых адметных фестывальных старонак вобласці і лічаць знакавай падзеяй у культурным жыцці. Фестываль папулярны і цікавы ў прафесійным плане як для кіраўнікоў творчых калектываў, так і для артыстаў-аматараў.
Па традыцыі фестываль сабраў удзельнікаў з усіх рэгіёнаў сталічнай вобласці. Выступленні аматарскіх калектываў ацэньвала журы, якое ўзначаліў заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь, дырыжор Нацыянальнага акадэмічнага аркестра народных інструментаў Рэспублікі Беларусь імя І. Жыновіча, дацэнт кафедры духавой музыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, кавалер ордэна Францыска Скарыны, прафесар Аляксандр Крамко.
-- «Напеў зямлі маёй» -- галоўны конкурс для ўсіх творчых калектываў Мінскай вобласці. Напэўна, таму што да яго рыхтуюцца цэлы год. І галоўны прыз – мікрааўтобус -- вельмі важны: дзякуючы яму вашу творчасць убачаць многія, вы зможаце наведваць розныя канцэрты, святы, фестывалі, -- адзначыла на адкрыцці свята начальнік галоўнага ўпраўлення культуры Мінскага абласнога выканаўчага камітэта Ала Шахоцька.
Конкурсная праграма «У творчым сузор’і» прынесла мноства яркіх уражанняў і артыстам, і гледачам. Маладзечанскі раён прадстаўлялі ансамбль народнага танца «Раздоліца» (кіраўнік Яўгеній Завацкі), Алеся Кульша, кіраўнік узорнай эстраднай студыі «Жывы гук» Палаца культуры, а таксама студыя сучаснага танца «Пластылін» (кіраўнік Яўгеній Завацкі), змешаны хор «Gaudeamus» (кіраўнік Вера Каханоўская) Маладзечанскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя М.К. Агінскага. Нашы землякі былі адзначаны дыпломам у новай намінацыі «За творчае ўвасабленне гістарычнай тэмы». Ім уручылі сертыфікат на настольную камп’ютарную сістэму для мантажу і апрацоўкі відэа.
Падрыхтавала Людміла ЦАР.
Фота: Аляксей ПЛАТКО.