09.11.2022 14:27

«Лістапад» завітаў у Маладзечна!

У кінатэатры «Радзіма» дэманструецца кіно ў рамках XXVIII Мінскага міжнароднага кінафестывалю «Лiстапад».

Таццяна Дрозд і Віталій Сасункевіч звяраюць рабочыя планы. Таццяна Дрозд і Віталій Сасункевіч звяраюць рабочыя планы.

-- Наш кінатэатр не ўпершыню далучаецца да гэтага маштабнага форуму прафесіяналаў і аматараў кіно, -- заўважае дырэктар Маладзечанскага філіяла КУП «Мінаблкінавідэапракат» Таццяна Дрозд. -- Фільмы ў рамках «Лістапада» паказваюць у пераважнай большасці кінатэатраў сталічнага рэгіёна. У «Радзіме» ўвазе гледачоў прапануюцца дзве стужкі конкурснай праграмы: «Камешки» індыйскай вытворчасці і сумесная работа Расіі, Германіі і Ізраіля «Призрачно-белый». Яшчэ тры фільмы па-за конкурсам: «Ніка» (Расія), «Лунный папа» (Таджыкістан) і «Зимородок» (СССР), дарэчы, зняты ў 1972 годзе на кінастудыі «Беларусьфільм». Таксама наш кінатэатр стаў удзельнікам Дзён расійскага кіно ў рамках «Лістапада». Большасць стужак разлічана на дарослую публіку. У іх закранаюцца жыццёва важныя паняцці, пачуцці, раскрываюцца тэмы чалавечых адносін, гармоніі з Сусветам, вайны і міру.

Таццяна Антонаўна адзначае, што многія маладзечанцы прыходзяць паглядзець спецыяльна «фестывальнае» кіно і ўвогуле ведаюць, што такое «Лістапад».

-- Асабліва прыемна бачыць дарослых дзяцей з бацькамі, якія такім чынам разам з карысцю бавяць час і абагачаюць кругагляд, -- заўважае Таццяна Дрозд. -- Моладзі таксама шмат. Увогуле, кіно цяпер перажывае другое адраджэнне. У нашай «Радзіме» сучаснае абсталяванне, дзякуючы якому атрымліваюцца, калі можна так сказаць, якасныя сеансы з адпаведным гукавым і светлавым рашэннем. Усе фільмы ў лічбавым варыянце, фестывальныя -- дэманструюцца выключна ў вялікай зале. Але месцы для гледачоў утульныя і ў малой.

«Круцяць» кіно, у тым ліку ў рамках «Лістапада», вядучы інжынер Віталій Сасункевіч і інжынер Віталій Тамашэвіч, якія маюць ўжо немалы вопыт работы.

-- Мяне з дзяцінства цікавіць кіно, больш дакладна, яго тэхнічныя магчымасці! -- гаворыць Віталій Сасункевіч, які працуе ў «Радзіме» пасля заканчэння філіяла «Маладзечанскі дзяржаўны політэхнічны каледж» УА «Рэспубліканскі інстытут прафесіянальнай адукацыі». -- Я таксама сачу за гісторыяй «Лістапада». Нярэдка гледачы падыходзяць і распытваюць пра фільмы, хаця ўся неабходная інфармацыя ў нас размяшчаецца на спецыяльных стэндах. На рабоце часам люблю за публікай паназіраць. Мне падабаецца, калі гледачы рэагуюць на тое, што адбываецца на экране. Іншым разам смяюцца, апладзіруюць... І фестывальнае кіно таксама выклікае розныя эмоцыі, якія яны не саромеюцца праявіць.

Тэкст і фота: Ірына РАБУШКА.

Прочитано 649 раз Последнее изменение 09.11.2022 14:27
Ірына Рабушка

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.