03.10.2022 10:12

У Вязынцы прайшоў «Багач»

Рэканструкцыя старажытнага народнага абраду «Багач» прайшла ў Купалаўскім мемарыяльным запаведніку «Вязынка».

У час правядзення традыцыйнага абраду. У час правядзення традыцыйнага абраду.

Удзельнікі свята мелі магчымасць купіць сувеніры, наведаць майстар-класы, атрымаць задавальненне ад народных музыкі, песень, танцаў, зрабіць арыгінальныя фатаграфіі.

«Багач» можна параўнаць з «Дажынкамі». Праводзіцца абрад пасля збору ўраджаю і прыпадае на асенняе раўнадзенства. Менавіта ў гэты дзень раней запальвалі хатні ачаг пасля лета. Вось чаму свята суправаджаюць сімвалы прыродных стыхій і заможнага жыцця — свечка, збожжа, хлеб, мёд і іншае.

Сёлета нават прырода дапамагла арганізатарам (музейным работнікам і сябрам студэнцкага этнаграфічнага таварыства) стварыць святочны настрой. Дзень выдаўся цёплы і сонечны. Сам абрад быў відовішчны і нёс вялікі сэнс. Пад акампанемент народных песень розных рэгіёнаў Беларусі ўдзельнікі напаўнялі збожжам лубок з устаноўленай у ім васковай свечкай. Потым свечку запальвалі. Гасцей частавалі хлебам дамашняй выпечкі.

Неад’емная частка любога свята — танцы. Выконваліся яны пад гармонік, скрыпку, бубен. А яшчэ ўдзельнікі маглі пачуць, як гучыць беларуская дуда (аналаг шатландскай валынкі). Музыка кранала ўсіх, і ногі самі ішлі ў скокі.

Трэба сказаць, беларускія народныя строі вельмі гарманічна глядзеліся сярод пабудоў Купалаўскага мемарыяльнага запаведніка. Лілася па наваколлі мілагучная родная мова.

Тэкст і фота: Алег БЯГАНСКІ.

Прочитано 281 раз
Алег Бяганскі

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.