27.07.2022 11:13

«У родным краю ёсць крыніца жывой вады…»

Магчыма, менавіта пра Ракуцёўшчыну напісаў гэтыя радкі самы малады класік беларускай літаратуры геніяльны паэт Максім Багдановіч.

Напярэдадні свята мы разам з загадчыцай філіяла «Фальварак Ракуцёўшчына» Любоўю Шчэрбач, а таксама з вучаніцамі Красненскай сярэдняй школы Ясеніяй Козел і Самірай Акбарыян прайшліся сцежкамі, па якіх летам 1911 года хадзіў 19-гадовы паэт, зачэрпалі вады з Максімавай крыніцы.

У Максімавай крыніцы вада чыстая, гаючая. У Максімавай крыніцы вада чыстая, гаючая.

Максім і Вераніка – папулярныя імёны

— У нашай школе ўсе вучні ведаюць, што паблізу Краснага ёсць «Фальварак Ракуцёўшчына», у якім два месяцы летам 1911 года адпачываў Максім Багдановіч. Мы з сябрамі любім прыйсці да крыніцы, пасядзець у цяньку на лавачцы. Тут такая прыгажосць! А калі заходзіш у музей, пагружаешся ў атмасферу мінулага стагоддзя. Здаецца, час спыніўся – і зараз у дом зойдзе сам Максім Багдановіч, – дзеляцца ўражаннямі Саміра, якая перайшла ў 11 клас, і Ясенія, якая будзе вучыцца ў дзявятым.

— Гэта і не дзіўна, бо ў нашым музеі адноўлены інтэр’еры дома Вацлава Лычкоўскага, Дом Гаспадара, як і Дом арандатара, абстаўлены мэбляй канца XIX — пачатку XX стагоддзя, — падключаецца да размовы Любоў Шчэрбач. — Вось, напрыклад, гэты вытанчанай прыгажосці буфет прывезены з Ігуменя (цяпер Чэрвень), адкуль родам маці Багдановіча Марыя Апанасаўна. Вялікі куфар, што стаіць у Доме арандатара, – з хаты Лычкоўскага, а драўлянае крэсла належала Зоф’і Лычкоўскай, сястры Вацлава.

Буфет, які ўпрыгожвае гасцёўню, прывезены з Чэрвеня, радзімы маці Багдановіча.

Дзяўчаты расказваюць, што ўпершыню яны ўбачылі «Фальварак Ракуцёўшчына» першакласніцамі. Як і многіх іншых вучняў, іх сюды прывяла на экскурсію настаўніца беларускай мовы і літаратуры Тамара Пшэннік. З таго часу бываюць тут часта. І абавязкова прыходзяць сюды з букетамі кветак на свята паэзіі і песні «Ракуцёўскае лета».

Мы вярталіся з крыніцы на сядзібу і ўспаміналі вершы Багдановіча, якія вучылі ў школе: «Па-над белым пухам вішняў», «Вераніку», «Слуцкіх ткачых», «Зорку Венеру»… Іх радкі самі ўсплываюць у памяці. Яны нібыта наша беларуская малітва, якая дапамагае нам гаварыць з нябёсамі і з усім светам.

— Дзяўчаткі, скажыце, магчыма, кагосьці з вашых равеснікаў завуць Максімам ці Веранікай? – пацікавілася я ў сваіх спадарожніц.

— Так! Гэта наш сябар Максім Козел, а ў дзявятым класе вучыцца Вераніка Данілевіч. Імя Максім у нашай мясцовасці наогул вельмі папулярнае, Вераніка сустракаецца радзей.

Гэты куфар належаў сястры Вацлава Лычкоўскага Зоф’і.

«Цяпер на месцы нашага дома – музей»

Літаральна за некалькі крокаў ад Дома гаспадара знаходзіцца хата сям’і Грышэль, якая раней жыла на сядзібе, дзе цяпер размешчаны музей. У пачатку XX стагоддзя Андрэй Грышэль арандаваў зямлю ў гаспадара фальварка Вацлава Лычкоўскага. Пасля яго смерці дом належаў пляменніку Лычкоўскага Антону Луцкевічу, які быў рэпрэсіраваны, заўчасна памёр. Гаспадаром дома стаў Андрэй, які ўвесь гэты час яго даглядаў. Андрэй Грышэль загінуў на Вялікай Айчыннай вайне, дом застаўся яго сыну Уладзіміру.

— Калі я ў 1975 годзе выйшла замуж за свайго Валерыя, мы жылі разам з яго бацькамі Уладзімірам і Марыяй Грышэль, — прыгадвае Вера Грышэль, з якой мы сустрэліся ля музея. – Свёкар і свякроў дом перабудавалі, пашырылі. Мы з мужам жылі ў вялікім пакоі налева ад увахода, пад акном рос куст бэзу. Да дома была прыбудавана веранда, з увахода ішла прыхожая, далей кухня, печ. За домам справа мы садзілі агарод. Справа перад домам стаялі склеп, хлеў, канюшня, а вось гумна, дома арандатара тады не было, як і саду. Расла толькі старая груша, ды гэты «вечны» ясень. Калі ў 1976 годзе нарадзілася наша старэйшая дачка Света, муж пасадзіў клён. А вось мой каштан — я яго садзіла…

Вера Грышэль прывяла ў музей унукаў Цімура і Сафію.

У 1980-я гады Вера Піліпаўна і Валерый Уладзіміравіч пераехалі ў Мінск, атрымалі там кватэру. Калі гісторык Генадзій Каханоўскі знайшоў дакументальнае пацвярджэнне таму, што Максім Багдановіч жыў у Ракуцёўшчыне два летнія месяцы 1911 года, пачалася работа па стварэнні філіяла «Фальварак Ракуцёўшчына». Сям’і Грышэль узамен дома прапанавалі кватэру ў Чысці ці Відзеўшчыне. Аднак Уладзімір Андрэевіч адмовіўся: «У муры жыць не буду!». Тады для іх узвялі дом побач з былым фальваркам. А Дом гаспадара поўнасцю перабудавалі, вярнулі яму выгляд, які ён меў пры Вацлаве Лычкоўскім.

Калі Вера Піліпаўна прыязджае на лета ў Ракуцёўшчыну, абавязкова прыводзіць у музей сваіх унукаў Софію і Цімура, расказвае ім і пра Максіма Багдановіча, і пра гісторыю сваёй сям’і…


«Добры дзень! Мяне завуць Рузалія!»

Любоў Шчэрбач загадвае філіялам «Фальварак Ракуцёўшчына» чатыры месяцы, да гэтага каля 30 гадоў адпрацавала ў культурнай сферы раёна. Купіла веласіпед, каб было хутчэй дабірацца сюды з суседняй Чысці. Шмат прачытала літаратуры, глыбока зацікавілася гісторыяй роду Багдановіча, пра лёс яго бацькоў, дзядоў расказвае так чулліва, нібыта пра сваіх сваякоў:

— У Багдановіча па бацькоўскай лініі была прабабка Рузалія, якая валодала сакрэтамі знахарства, ведала лячэбную сілу траў, была цудоўнай расказчыцай. Неяк да нас у музей завітала сямейная пара пенсіянераў. У Доме арандатара я ім пачала паказваць засушаныя букецікі з зёлкамі, расказваць пра прабабку Рузалію. І, уяўляеце, аказалася, што ў нашай госці такое ж рэдкае імя! Трэба было бачыць, з якой цікавасцю яна слухала пра сваю цёзку, пра яе знакамітага праўнука…

Загадчыца «Фальварка Ракуцёўшчына» Любоў Шчэрбач.

Штодня прыходзяць, прыязджаюць людзі ў «Фальварак Ракуцёўшчына». Філіял працуе без выхадных з 9.00 да 18.00. Уваходны білет для дарослых каштуе 4 рублі, экскурсія – 10 рублёў, для дзяцей – адпаведна 2 і 6 рублёў. Акрамя Любові Іванаўны тут працуе наглядчыкам музея Лілія Заліўская.

Загадчыца расказвае, што сёлета музей наведвалі госці не толькі з Маладзечна, Мінска, але і з Мазыра, Віцебска, іншых гарадоў Беларусі. Часта прыязджаюць сем’ямі, і гэта асабліва радуе. Прывозіць турыстаў маладзечанская турфірма «Маладэча», а вось ад сталічных хацелася б большай зацікаўленасці. Добрыя стасункі наладжаны з цэнтральнай раённай бібліятэкай імя Максіма Багдановіча, педагогамі Красненскай і Чысцінскай школ, дзіцячых садоў, дамоў культуры. Вось і цяпер у Красненскім СДК экспануецца выстаўка работ навучэнцаў Маладзечанскай дзіцячай мастацкай школы мастацтваў, якія ўдзельнічаюць у конкурсе малюнкаў «Ракуцёўскія краявіды». Яго вынікі будуць падведзены на свяце «Ракуцёўскае лета».

Кветкі Максіму Багдановічу ад Саміры Акбарыян і Ясеніі Козел.

Вялікая, у адзін гектар, тэрыторыя фальварка дагледжаная. За парадкам тут сочыць рабочы філіяла Міхаіл Ракоўскі. Радуюць вока пышныя кусты гартэнзіі, кветкі. Прадугледжаны нават утульны куточак, дзе турысты могуць пачаставацца гарбатай.

— Лясгас для нас вырабіў дзве адмысловыя драўляныя лаўкі. Ёсць задума побач з імі студню з жураўлём паставіць. Хочацца, каб тут было яшчэ больш утульна і прыгожа, — дзеліцца Любоў Іванаўна.

— Добры дзень! Мы хочам заказаць экскурсію! – перарвалі нашу гутарку дзве маладыя жанчыны.

Як аказалася, яны адпачываюць у санаторыі пад Радашковічамі, інфармацыю пра «Фальварак Ракуцёўшчына» знайшлі ў інтэрнэце.

— Мы вырашылі, што прыехаць сюды трэба абавязкова! Вельмі хочацца ўбачыць месца, звязанае з жыццём і творчасцю нашага любімага беларускага паэта! – сказалі чарговыя госці.

Хочацца спадзявацца, што гэты цудоўны куток, над якім навек запаліў сваю зорку Максім Багдановіч, застанецца ў іх сэрцах назаўсёды.

Тэкст і фота: Анжаліка КРУПЯНЬКОВА.

Прочитано 334 раз Последнее изменение 27.07.2022 11:13
Анжаліка Крупянькова

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.