13.05.2022 14:43

Ідэальны адпачынак – у «Адпачынку»

Так лічаць удзельнікі народнага клубнага аб’яднання «Адпачынак» гарадскога Палаца культуры. Нядаўна яны сталі лаўрэатамі XVI Рэспубліканскага фестывалю народнай творчасці ветэранскіх калектываў «Не старэюць душой ветэраны».

Народнае клубнае аб’яднанне «Адпачынак» — лаўрэат рэспубліканскага фестывалю «Не старэюць душой ветэраны». Народнае клубнае аб’яднанне «Адпачынак» — лаўрэат рэспубліканскага фестывалю «Не старэюць душой ветэраны».

Гала-канцэрт праходзіў у сталічным Палацы прафсаюзаў. Адметна, што наш «Адпачынак» стаў пераможцам абласнога этапу фестывалю, і яму разам з дэкламатарам Міхаілам Міткевічам са Стаўбцоўскага раёна выпаў гонар прадстаўляць на рэспубліцы Мінскую вобласць.

— На фестывалі мы выступалі з вакальна-харэаграфічнай кампазіцыяй «На гулянні» па матывах рускай народнай песні «Ах, утушка моя луговая», — расказвае кіраўнік народнага клубнага аб’яднання «Адпачынак» Ядвіга Чаеўская. – Наша перамога тым больш каштоўная, што з-за пандэміі не ўсе самадзейныя артысты маглі пастаянна прыходзіць на рэпетыцыі, даводзілася праводзіць іх малымі групамі. Аднак любоў да песні, аптымізм, сяброўства, падтрымка адміністрацыі Палаца культуры і ўдзячных гледачоў дапамаглі нам выступіць з трыумфам.

Кіраўнік клубнага аб’яднання Ядвіга Чаеўская (другая злева) са сваім актывам: Аліна Брыль, Вольга Ткачук, Ніна Падцялежнікава, Валянціна Кудзік.

Калектыў узнагароджаны дыпломам лаўрэата фестывалю, а таксама каштоўным прызам – прафесійным прасам-адпарвальнікам.

Сёння «Адпачынак» аб’ядноўвае больш за 40 удзельнікаў ва ўзросце ад 60 да 80 гадоў і старэйшых. Розныя прафесіі ў самадзейных артыстаў: інжынер, медык, педагог, журналіст, будаўнік, чыгуначнік… Большасць з іх спявалі з дзіцячых, юнацкіх гадоў, марылі аб сцэне, ды клопаты на рабоце і ў сям’і не дазвалялі ў поўнай меры рэалізаваць свае здольнасці. Недарэмна ж кажуць: жыццё на пенсіі толькі пачынаецца…

Дзесяць гадоў працуе кіраўніком хору Людміла Пагарэлава. Яна сама робіць аранжыроўкі песень, тонка адчувае кожнага артыста, ведае іх магчымасці. Большасць не валодае нотнай граматай, таму песні даводзіцца развучваюць на слых. Аднак гэта не перашкода, калі ёсць жаданне і энтузіязм. Акампаніруе хору вопытны і вядомы ў Маладзечне музыкант Сяргей Янушкевіч. Дарэчы, яго бацька Іван Янушкевіч спяваў у калектыве. У рэпертуары харэаграфічнай групы каля 20 танцаў, якія ставіць Таццяна Савіна. Трэба бачыць, як людзі залатога ўзросту танцуюць «Яблычак», вальс, мазурку і нават рок-н-рол… Самай старэйшай танцорцы Людміле Ціхаміравай 82 гады. Яе каронны нумар — «драбушкі», якія яна выбівае па-майстэрску. А яшчэ спявае прыпеўкі. Ёсць сярод іх і такая: «Не хожу теперь в аптеку, не хожу теперь к врачу. Я теперь свои болезни только песнями лечу!».

Харэаграфічная група і яе кіраўнік Таццяна Савіна (крайняя злева).

Хормайстар Людміла Пагарэлава і ўдзельнікі мужчынскай вакальнай групы Іван Апанасевіч, Валерый Дуйноў, Аляксандр Хазянін, Уладзімір Маркелаў.

Дарэчы, у «Адпачынак» больш за 20 гадоў ходзіць яе родная сястра Тамара Андрэева, а таксама брат Аляксандр Шалімаў, які бліскуча саліраваў у харэаграфічнай кампазіцыі «На гулянні».

Прыгожыя касцюмы шые ўдзельніца калектыву Людміла Раўба, якая працуе ў Палацы культуры загадчыцай касцюмернай. На фестывальнай сцэне маладзечанцы выступалі ў шыкоўных новых касцюмах — яркіх, у каралавых тонах, якія пашылі для іх у канцы мінулага года.

Сярод старэйшых удзельнікаў – Ларыса Нікіфарава, якая спявае тут 24 гады. 15 гадоў старастам «Адпачынку» была Вольга Ткачук, яе змяніла Ніна Падцялежнікава – салістка, выканаўца рамансаў, аўтар вершаў. Без перабольшвання, залатыя галасы ў салістак Аліны Брыль, Валянціны Кудзік, Марыі Рудык, удзельнікаў мужчынскай вакальнай групы «Спявай, душа!» Аляксандра Хазяніна, Уладзіміра Маркелава, Івана Апанасевіча, Анатолія Пташніка, Васілія Таркана, Валерыя Дуйнова. На базе хору створаны жаночая вакальная група «Откровение», фальклорная група «Струмочак». А яшчэ самадзейныя артысты выступаюць з тэатралізаванымі сцэнкамі, якія карыстаюцца вялікай папулярнасцю ў гледачоў. Напрыклад, «Фітнес для пенсіянераў» — п’еса ў вершах, якую напісала Ядвіга Чаеўская. Сярод дэкламатараў – Соф’я Аўсюкевіч, Вольга Ткачук, Аліна Брыль, Людміла Яблонская, Лідзія Гаўлоўская, Марыя Рудык.

Вакальная група «Откровение».

Фотахроніку калектыву стварае Ірына Гурская, былы інжынер-тэхнолаг, удзельніца харэаграфічнай групы, якая, як і педагог Таццяна Власавец, не так даўно ўлілася ў калектыў і знайшла тут аднадумцаў. Кожны самадзейны артыст – творчая асоба, талент, прыклад для людзей залатога ўзросту, якія сумуюць на пенсіі і не ведаюць, чым заняцца. «Адпачынкаўцы» не толькі рэпеціруюць, выступаюць з канцэртамі, але і разам адзначаюць святы, юбілеі, ездзяць на экскурсіі, плаваюць у басейне. Яны адна каманда, і ў гэтым сакрэт іх поспеху.

— Дарагія маладзечанцы! Нашы рэпетыцыі праходзяць па панядзелках і чацвяргах з 15.00. Калі вы хочаце, каб ваша жыццё атрымала новы імпульс, жадаеце захаваць добрую фізічную форму і памяць, знайсці новых сяброў — прыходзьце да нас! – запрашаюць удзельнікі клубнага аб’яднання.

А чарговае выступленне «Адпачынку» можна будзе ўбачыць на сцэне Летняга амфітэатра 15 мая, на мерапрыемстве, прысвечаным Дню сям’і.

Анжаліка КРУПЯНЬКОВА.
Фота: Аляксей ПЛАТКО, архіў ПАЛАЦА КУЛЬТУРЫ.

Прочитано 370 раз
Анжаліка Крупянькова

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.