30.05.2017 15:43

«Проще простого»: продолжение следует

Апошняя гульня вясенняй серыі «Прасцей простага», якую для працоўных калектываў горада арганізавалі супрацоўнікі цэнтралізаванай клубнай сістэмы раёна, абяцала быць цікавай і захапляльнай.

«Проще простого»: продолжение следует "Маладзечанская газета"

Настрой у фае і актавай зале культурнай установы быў адпаведны.

У фінале інтэлектуальнага шоу (менавіта так яго называюць арганізатары) сышліся чатыры каманды — пераможцы адборачных тураў. За галоўны прыз змагаліся разумнікі з «Камунальніка», «Рэгіянальнай газеты», Маладзечанскага камбіната хлебапрадуктаў, Маладзечанскіх электрасетак. Падтрымаць сваіх калег прыйшлі члены калектываў, блізкія і сябры. Па ўмовах конкурсу ў кожнай каманды абавязкова павінна была быць група падтрымкі (не менш за 15 чалавек). Балельшчыкам таксама была адведзена пэўная роля. На ўваходзе ў залу раздавалі раздрукаваныя лісты з назвамі каманд. У канцы мерапрыемства кожны прысутны мог аддаць свой голас за адну з іх. Як потым аказалася, менавіта гэтыя балы і сталі рашаючымі пры вызначэнні пераможцы.

Трэба было бачыць, як эмацыянальна на ўсё рэагавалі каманды, як, не баючыся падацца смешнымі, гульцы мімікай і жэстамі паказвалі сюжэты вядомых карцін, а група падтрымкі адгадвала іх назвы і аўтараў. Яшчэ былі конкурсы «Я люблю Беларусь» і музычны, калі спявала ўся зала. А вось у паядынку капітанаў трэба было праявіць не толькі інтэлектуальныя, але і артыстычныя здольнасці.

Без перабольшвання, самым яркім капітанам была Наталля Тур («Рэгіянальная газета»). Пытанні, што падрыхтавалі арганізатары, былі з самых розных сфер. Можна толькі здагадацца, колькі часу за кнігамі ды ў інтэрнэце правялі гульцы, пакуль рыхтаваліся да фіналу. Напрыклад, ці ведаеце вы, якая культура экспартуецца з Беларусі ў ЗША і выкарыстоўваецца пры вырабе долараў? А колькі пячэння штодня з’ядаюць насельнікі Гродзенскага заапарка? Усе каманды бліскуча спраўляліся з заданнямі, але, як і ў кожнай гульні, пераможца можа быць толькі адзін. І ім стала каманда Маладзечанскіх электрычных сетак, якую да перамогі прывёў капітан Уладзімір Мір. У яе складзе, дарэчы, толькі мужчыны, якія і паказалі выключныя веды ва ўсіх сферах. Іх група падтрымкі была, бадай, самай актыўнай і эмацыянальнай. Пры роўнай колькасці балаў у МЭСа і «Рэгіянальнай газеты» балельшчыкі і прынеслі перамогу сваёй камандзе. Гэта і ёсць сапраўдны карпаратыўны дух. Варта адзначыць балельшчыкаў «Камунальніка» і камбіната хлебапрадуктаў. Адчуваецца, што культурнае жыццё ў гэтых калектывах на вышыні. А капітаны Аляксей Ермаковіч і Кацярына Грыхуцік праявілі не толькі лідарскія якасці, але і неверагодную вынаходлівасць. Арганізатары праекта таксама падрыхтавалі відэаролік, дзе пацікавіліся ў кіраўнікоў прадпрыемстваў і арганізацый, чые каманды выйшлі ў фінал, як яны падтрымліваюць сваіх работнікаў, як адзначаць гульцоў, калі тыя перамогуць. Можна з упэўненасцю сказаць, што нават калі і не перамогуць, то словы падзякі ім скажуць абавязкова.

Пакуль журы падводзіла вынікі, гледачоў радавалі сваімі выступленнямі самадзейныя артысты. Затым былі абвешчаны вынікі, адбылося ўшанаванне пераможцаў і ўсіх без выключэння ўдзельнікаў фінальнай гульні. І ў гэтым заслуга спонсараў праекта. Члены каманды-пераможцы МЭСа атрымалі ювелірныя ўпрыгажэнні ад «Царскага золата» і 10-працэнтную скідку на тур у Адэсу ад турагенцтва «Маладэча». Сярод прызоў таксама бясплатныя прычоскі ў цырульні «Мерыдыян прыгажосці», паход у трэнажорную залу «Тытан», урокі верхавой язды на каняферме «Палачаны», бясплатная паслуга па рамонце аўтамабіля на СТА «БошАўтасэрвіс», а таксама магчымасць для кожнай каманды правесці карпаратыў у цэнтры культуры і побыту «Плябань» з 50-працэнтнай скідкай.

Маладзечанцаў чакае працяг інтэлектуальнага шоу «Прасцей простага». Мяркуецца, што восенню адбудзецца чарговая серыя гульні. Таму ў працоўных калектываў раёна ёсць магчымасць паказаць сябе і ўжо сёння пачаць рыхтавацца да адборачнага тура.


Фота: архіў цэнтралізаванай клубнай сістэмы.

Галерея изображений

Просмотреть встроенную фотогалерею в Интернете по адресу:
https://www.mgazeta.by/kultura/item/1325-proshche-prostogo-prodolzhenie-sleduet.html#sigProIdc12a292b26
Прочитано 2520 раз Последнее изменение 30.05.2017 15:43
Алена Лашук

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.