18.02.2022 10:27

На дварэ люты. А ў музеі – матылькі

У Мінскім абласным краязнаўчым музеі адбылася творчая сустрэча «Падарожжа ў сад з матылькамі» з нашай зямлячкай пісьменніцай Тамарай Бунта.

На памяць аб сустрэчы з пісьменніцай засталіся прызы і паштоўкі з матылькамі, зробленыя ў час майстар-класа. На памяць аб сустрэчы з пісьменніцай засталіся прызы і паштоўкі з матылькамі, зробленыя ў час майстар-класа.

На мерапрыемства прыйшлі пачаткоўцы з сярэдніх школ №4, 14, гімназіі №10, гімназіі-каледжа мастацтваў. Аўдыторыя сабралася вялікая: каля ста хлопчыкаў і дзяўчынак уладкаваліся ў выставачнай зале музея – хто на крэслах, а хто і на ўтульных падушках проста на падлозе…

Тамара Пятроўна адразу заінтрыгавала дзяцей сваім іміджам: на галаве капялюшык з рознакаляровымі матылькамі, у руках кошычак з прызамі. І гэта невыпадкова: пісьменніца, нібы добрая чараўніца, запрасіла дзяцей у свой «Сад з матылькамі». Менавіта так называецца яе новая аповесць-казка, якую аўтар прэзентавала ў час сустрэчы. Яна расказала пра сваю новую кнігу, пра галоўную гераіню Дашу – дзяўчынку ў інвалідным вазку, якая разумела мову матылькоў і ў сваіх снах лятала з імі. Нельга не сказаць пра тое, што гэту кнігу, як і дзве папярэднія, прыгожа ілюстравала таленавітая беларуская мастачка Аксана Аракчэева. Усе тры кнігі выйшлі ў выдавецтве «Мастацкая літаратура».

Спадабалася слухачам «літаратурная зарадка» ад Тамары Бунта. Дзеці наперабой расказвалі пісьменніцы, якія апошнія кнігі прачыталі, успаміналі беларускіх аўтараў, словы на роднай мове, якія ім падабаюцца найбольш, разгадвалі загадкі і старанна прамаўлялі «языкаломкі». Самыя актыўныя атрымалі прызы з чароўнага кошыка – блакноты, алоўкі, закладкі з намаляванымі на іх матылькамі.

Тамары Пятроўне было вельмі прыемна пачуць, што некаторыя дзеці прачыталі ўжо яе новую кнігу, а таксама папярэднія «Дзяўчынка з Вішнёвага завулка» і «Чароўны кошык». Расчуліла аўтара і знаёмства з сям’ёй Усішчавых з Чысці. Матуля Наталля даведалася пра мерапрыемства з сацсетак і спецыяльна прывезла на яго дзяцей, каб пазнаёміць з пісьменніцай, творы якой ім спадабаліся. А на памяць аб сустрэчы ў сям’і застанецца кніга з аўтографам аўтара.

Бонусам для ўсіх прысутных стаў майстар-клас ад арганізатара мерапрыемства навуковага супрацоўніка музея Таццяны Беразавец. З яе дапамогай дзеці майстравалі з каляровай паперы незвычайныя паштоўкі. Няцяжка здагадацца, чым яны ўпрыгожаны: каля 300 рознакаляровых матылькоў нарыхтавала напярэдадні Таццяна Аляксандраўна.

— Ад наведвання музея ў мяне засталося вельмі светлае ўражанне. Мерапрыемства цудоўна арганізавана, адчувалася вялікая зацікаўленасць супрацоўнікаў. А майстар-клас – проста вышэйшы пілатаж! – падзялілася Тамара Бунта.

— Чытайце беларускія кнігі, абавязкова запамінайце іх аўтараў, прыходзьце на творчыя сустрэчы, наведвайце музей з сябрамі, бацькамі, – такія пажаданні юным маладзечанцам гучалі ў канцы сустрэчы.

Анжаліка КРУПЯНЬКОВА.
Фота: архіў МІНСКАГА АБЛАСНОГА КРАЯЗНАЎЧАГА МУЗЕЯ.

Прочитано 328 раз
Анжаліка Крупянькова

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.