Супрацоўнікі Мінскага абласнога краязнаўчага музея заўсёды ведаюць, чым здзівіць і дзяцей, і дарослых. На гэты раз на другім паверсе музея яны размясцілі не адну, не дзве, а чатыры батлейкі! Чым адметная кожная з іх — дакладна ведае навуковы супрацоўнік музея Таццяна Беразавец, з дапамогай якой можна зазірнуць і ў гісторыю стварэння батлейкі.
Адзін з экспанатаў цэнтра творчасці дзяцей і моладзі «Маладзік». Скрыня іх аднаяруснай батлейкі, дзе ўвасоблены беларускі калядны сюжэт, упрыгожана выцінанкай, фігуркі таксама выкананы ў гэтай вытанчанай тэхніцы. Падлога аформлена кавалачкам штучнага футра для таго, каб не было бачна проразяў, па якіх рухаюцца героі. Верх скрыні па старадаўняй традыцыі вянчае Віфлеемская зорка.
— Батлеечнік станавіўся за скрыняй, кіраваў дзеяннем і агучваў яго. Нярэдка ажыўлялі дзейства цэлымі сем’ямі, прычым творчыя сакрэты беражліва перадавалі з пакалення ў пакаленне, — удакладняе Таццяна Беразавец.
Сваёй самабытнасцю выдзяляецца экспанат Мінскага абласнога тэатра лялек «Батлейка». Здаецца, двухпавярховая скрыня, якая нагадвае царкву ці домік, вось-вось адкрыецца, драўляныя лялькі ажывуць, будуць перамяшчацца на нябачных стрыжнях. Калі мы глядзім на вешчуноў, якія прынеслі свае дары немаўляці, іншых біблейскіх герояў, у думках пераносімся ў той далёкі час. З гэтай канструкцыяй таксама працуюць артысты. Звяртаем увагу на свечкі, якія запальвалі, каб водблескі агню стваралі ілюзію руху. Пагадзіцеся, гульня святла і ценяў зачароўвае.
Батлеечная тэма лягла ў аснову дыпломнай работы былых навучэнцаў Маладзечанскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя М.К. Агінскага. Нараджэнне Ісуса (верхні ярус) сімвалізуе высокае мастацтва. А тым часам каларытныя персанажы, сабраныя ўнізе, гэта героі немудрагелістай жанравай бытавой сцэнкі. У свой час на плошчы батлеечнікі ігралі запар два дзеянні, процілеглыя па сваёй сутнасці. Такое спалучэнне ўзвышанага і зямнога выклікала неадназначнасць.
Сюжэт пра цара Ірада ўвасобіў дзіцячы цэнтр культуры «Расток». За прыгожымі распіснымі дзверцамі ў батлейцы знаходзіцца некалькі аб’ёмных фігурак. Па правілах пры іх размяшчэнні на верхнім і ніжнім ярусах трэба захоўваць пэўны парадак. Галоўнае дзейства адбываецца ўнізе.
Калядную экспазіцыю адрознівае светлы, узнёслы настрой. Музейныя супрацоўнікі ўдзячныя ўстановам за супрацоўніцтва, а таксама касцёлу святога Піа парафіі святога Казіміра, які прадставіў стылізаваныя калядныя вулічныя фігуркі.
Тэкст і фота: Людміла ЦАР.