22.09.2021 10:21

Папяровыя валошкі, бусел з фаамірану і калаўрот ад бабулі

Вы былі ў бібліятэцы… ноччу? Калі не, то шмат што страцілі. Многія жыхары раёна недарэмна чакаюць бібліяноч, якая бывае толькі раз на год.

Майстар-клас «Валошкавы край» наладзіла бібліятэкар ЦРБ імя Максіма Багдановіча Жанна Куляшова (крайняя злева). Майстар-клас «Валошкавы край» наладзіла бібліятэкар ЦРБ імя Максіма Багдановіча Жанна Куляшова (крайняя злева).

Адзіная і непаўторная

Павандраваць па старонках мінулага роднай краіны, паспытаць шчасце ў літаратурнай рулетцы, віктарыне ці латарэі, завітаць у пячору да Цмока, паўдзельнічаць у майстар-класах… Гэта і не толькі можна было зрабіць на бібліяночы-2021.

Розныя мерапрыемствы на любы густ і ўзрост правялі ў цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Максіма Багдановіча, ва ўсіх яе гарадскіх філіялах і ў гарпасялковай Радашковіцкай бібліятэцы.

— Стала добрай традыцыяй ладзіць з нагоды нашага прафесійнага свята бібліяноч, — заўважае дырэктар раённай бібліятэкі Марыя Стасяловіч. – Сёлета мы праводзілі яе ў шосты раз і прымеркавалі да Года народнага адзінства. Мерапрыемствы з’ядналі агульнай тэмай «Адзіная непаўторная Беларусь». Безумоўна, не змаглі мінуць і важную дату 17 Верасня, якую ўся краіна адзначала ў пятніцу.

Прабачце! Больш не буду

… Чым больш густымі станавіліся прыцемкі, тым больш дружная ўтваралася талака ў бібліятэках, дзе працавалі літаральна да апошняга наведвальніка. Мы таксама пабывалі на некаторых мерапрыемствах.

На бібліяночы ўвогуле шмат бонусаў. Па традыцыі можна бясплатна атрымаць чытацкія білеты. Сёлета іх выдалі больш за 30. А яшчэ бібліятэкары даруюць доўг, калі хтосьці своечасова забыўся здаць кнігі.

Карыстаючыся больш працяглым рэжымам работы бібліятэк, наведвальнікі прыходзяць на бібліяноч і проста для таго, каб узяць пачытаць штосьці новае для сябе.

— Нягледзячы на шматлікія гаджаты, на друкаваныя кнігі таксама ёсць попыт, — гаворыць Марыя Стасяловіч. – Дзеці бяруць творы школьнай праграмы, моладзь аддае перавагу творчасці Фёдара Дастаеўскага, Эрыха Марыі Рэмарка, Габрыэля Маркеса, Фрэнсіса Фіцджэральда, Даніэла Кіза. Дарослым падабаюцца фантастыка, раманы, дэтэктывы. Таксама чытачы цікавяцца аўтарамі, якія становяцца намінантамі міжнародных літаратурных прэмій.

Як зазначае дырэктар, несучасных і нямодных кніг не бывае, таму ў бібліятэках заўсёды рады, калі чытачы прыносяць літаратуру з дамашняга архіва. З 50-х гадоў мінулага стагоддзя ствараецца і фонд рэдкай кнігі, у якім 382 экзэмпляры, у тым ліку спецыяльна закупленыя ў Маскве і Санкт-Пецярбургу. Найстарэйшы — 1820 года выпуску, гэта другі том збору сачыненняў Гаўрыіла Дзяржавіна. З рэдкімі выданнямі можна працаваць у чытальнай зале, і часам наведвальнікі вывучаюць гістарычную літаратуру.

Што аб’ядноўвае «Верасок» і Юрыя Гагарына?

Сярод удзельнікаў бібліяночы была Вікторыя Сахацкая – фармацэўт з Маладзечна і мама траіх дзяцей.

— У нашай сям’і ўсе любяць чытаць, — усміхаецца яна. – Мой муж Анатолій, які працуе навуковым супрацоўнікам у Акадэміі навук, сапраўдная «хадзячая энцыклапедыя». Нам падабаецца бываць у бібліятэцы, але на бібліяноч разам са старэйшымі дочкамі прыйшла ўпершыню.

І недарэмна! Вікторыя атрымала салодкі прыз ад ЦРБ імя Максіма Багдановіча ў літаратурнай рулетцы «Пад сузор’ем Янкі і Максіма», правільна адказаўшы на пытанне «Дзе радзіма Янкі Купалы?».

Фармацэўт Вікторыя Сахацкая (злева) выйграла ў літаратурнай рулетцы салодкі прыз. Уручыла яго бібліёграф ЦРБ імя Максіма Багдановіча Святлана Нарэйка.

— Падыходзьце да нас: навучым рабіць валошкі! А з намі вы адправіцеся ў космас на ракеце, якую сканструюеце самі са спадручнага матэрыялу! Зазірніце на хіт-парад новых кніг! – наперабой заклікалі бібліятэкары.

Трэба заўважыць, яны адмысловыя творцы. З веданнем справы сарыентуюць у літаратуры і дапамогуць зрабіць правільны выбар. І гэта далёка не ўсё, на што яны здольныя. Кожны раз ім ёсць чым здзівіць чытачоў. Асаблівую ўвагу дзяцей і дарослых прыцягнуў майстар-клас па вырабе валошак з паперы. Яго наладзіла бібліятэкар аддзела абслугоўвання і інфармацыі ЦРБ імя Максіма Багдановіча Жанна Куляшова. Дарэчы, не ўсе ведаюць, што менавіта валошка, у якую ператвараецца разгорнутая кніга, з’яўляецца сімвалам гэтай установы.

— Літаральна тыдзень таму валошкі навучыла мяне рабіць загадчыца бібліятэкі сямейнага чытання «Верасок» Лідзія Якуш, — усміхаецца Жанна. – І вось я ўжо дзялюся ўменнем з іншымі. Пераняла эстафету!

«Вераскоўцы» ўвогуле запрасілі наведвальнікаў у касмічнае падарожжа, як мае быць, з прыгодамі і нават сусветным кірмашом. Справа ў тым, што сёлета бібліятэка сямейнага чытання працуе пад сузор’ем 60-годдзя з дня заснавання. Дату спалучылі з палётам у космас Юрыя Гагарына – падзеі падзяляюць усяго некалькі тыдняў.
Таксама ў рамках бібліяночы ў «Вераску» адбылася творчая сустрэча з пісьменніцай Тамарай Бунта.

Спадчына – у сэрцы

У бібліятэцы-філіяле №1 бібліятэкар залы мастацтваў ЦРБ Вольга Пінчук адкрыла арт-майстэрню «Сімвал маёй краіны» і паказала, як рабіць бусла з фаамірану. Гэты від дэкаратыўна-прыкладной творчасці яна асвоіла па інтэрнэце.

Тут жа маладзечанцаў запрасілі і на захапляльны квэст-гульню «Цмок-тур». Літаральна кожнае заданне непрадказальнае і нават інтрыгуючае. Напрыклад, каб даведацца назву наступнай станцыі, трэба было трымаць ліст паперы над запаленай свечкай: толькі так праяўляўся надпіс, нанесены… малаком.

Каб даведацца назву наступнай станцыі, удзельнікам квэст-гульні «Цмок-тур» трэба было трымаць ліст паперы над запаленай свечкай: толькі так праяўляўся надпіс, нанесены… малаком. 

А тэматычную фотазону «Беларуская хатка» ў гэтым філіяле па просьбах чытачоў захаваюць і пасля бібліяночы. Пераважная большасць хатніх прылад, у тым ліку пачатку ХХ стагоддзя, што выкарыстаны для аздаблення, з уласнага збору загадчыцы Веры Саганавай.

Загадчыца бібліятэкі-філіяла №1 Вера Саганава: «Гісторыю сям’і трэба берагчы…».

— Самавары, газавая лямпа, гліняныя збаны, плеценыя кошыкі, чыгуны, серп, калаўрот, тканае пакрывала, ручнікі… Усё гэта гісторыя маёй сям’і розных пакаленняў, — заўважае Вера Юр’еўна. – Я і цяпер памятаю, як бабуля па мамінай лініі Марыя Афанасьеўна Баранава ткала на кроснах. Дарэчы, наш род пайшоў з Гомельшчыны, таму ў «Беларускай хатцы» многія хатнія прылады і прадметы творчасці характэрныя менавіта для гэтага рэгіёна. У Маладзечна давялося перабрацца з Брагіна з сям’ёй у 1996 годзе як перасяленцам. У дарогу ўзялі ўсё толькі самае неабходнае — не маглі там пакінуць дарагую сэрцу спадчыну…

Тэкст і фота: Ірына РАБУШКА.

Прочитано 234 раз
Ірына Рабушка

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.