Новости Молодечно и Молодечненского района

Хутчэй на баль!

  • 2021-12-28 07:18:41
  • Ірына Рабушка

Ад нашага раёна гімназісты дэлегаваны невыпадкова. Лёша вучыцца ў адзінаццатым класе, і ён ужо яўны прэтэндэнт на медаль. Адзін з самых любімых яго прадметаў гісторыя. Цікавіць гэта навука яго з самага дзяцінства. Бацькі падтрымліваюць сына. Так, з малых гадоў ён стаў аматарам не толькі гістарычных энцыклапедый, але і мультфільмаў. З пятага класа гімназіі і да гэтага часу Аляксею дапамагае адкрываць таямніцы гісторыі выкладчыца Алена Мацкевіч. У выніку здольны вучань стаў пераможцам заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах «Сусветная гісторыя», «Гісторыя Беларусі». У яго планах паступленне на факультэт міжнародных зносін Белдзяржуніверсітэта. Асабліва юнака цікавіць эканоміка. Ён нават нядаўна прачытаў кнігу «Чаму адны краіны багатыя, а іншыя бедныя» амерыканскіх эканамістаў Дарона Аджэмоглу і Джэймса Робінсана. Дарэчы, Лёша ўжо спрабаваў свае сілы на рэпетыцыйным тэсціраванні і набраў больш за 90 балаў па ўсіх прадметах, якія яму спатрэбяцца для паступлення ў ВНУ.

Да таго як адправіцца на баль, Аляксей не быў знаёмы з Веранікай. Дзевяцікласніца – асоба творчая, на працягу амаль шасці гадоў захапляецца выцінанкай, займаецца ў цэнтры творчасці дзяцей і моладзі «Маладзік» ва ўзорнай студыі «Народныя крыніцы» пад кіраўніцтвам Вольгі Маславай.

Вераніка неаднойчы прадстаўляла свае работы і перамагала ў конкурсах, што ладзіліся ў нашай краіне і за мяжой. У яе скарбонцы і перамога ў рэспубліканскім конкурсе юных майстроў «Беларуская выцінанка», які лічыцца адным з самых прадстаўнічых форумаў для пачынаючых творцаў.

З выбарам прафесіі Вераніка пакуль не вызначылася. Ёй вельмі падабаецца вывучаць англійскую мову.

Яшчэ на асенніх канікулах гімназісты даведаліся, што паедуць на баль, і адразу пачалі рыхтавацца. Трэба было не толькі прыдумаць вобраз, але і развучыць шэсць танцаў у пары, што танцуюць на такіх мерапрыемствах.

— Вельмі дзіўна пабываць на балі, які не ўласцівы для сучаснага свету, тым больш для моладзі, і адчуць атмасферу мінулых часоў! – гаворыць Вераніка.

— Трэба будзе ўнікнуць у гісторыю баляў, — з усёй сур’ёзнасцю дадае Аляксей. – Гэта традыцыя пачалася яшчэ з Галантнага веку.

Каб дасягнуць поспехаў у вучобе, Аляксей Топаль чытае стосы кніг.

Адтачыць танцавальныя рухі дапамагла вучням педагог дадатковай адукацыі цэнтра «Маладзік» Вера Трус. Але на рэпетыцыі з іншымі ўдзельнікамі мерапрыемства даводзілася выязджаць у Заслаўе і Мінск.

Найбольш складаным для нашых гімназістаў аказаўся галоп, а вось любімы танец у кожнага свой: у Веранікі – паўночная кадрыля, у Аляксея – полька.

На баль яны ператварыліся ў сапраўднага галантнага кавалера ў строгім чорным касцюме і рамантычную даму ў бэжавай сукенцы да падлогі. Але як дзеці, яны не перастаюць верыць у цуды і загадваюць у гэтыя чароўныя дні жаданні.

Тэкст і фота: Ірына РАБУШКА.