«Любімыя песні. Спяваем разам»




Так называўся гала-канцэрт закрыцця ХХІІ Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі «Маладзечна-2023».


Жыхары і госці нашага горада гучна апладзіравалі вядомым артыстам беларускай эстрады і маладым выканаўцам, якія выступалі на сцэне Летняга амфітэатра. Праграма праходзіла ў фармаце народнага караоке, дзе ўсе кампазіцыі дубліраваліся бягучым радком на відэаэкранах.




Музычны матэрыял -- сучасныя і народныя песні, а таксама хіты мінулых гадоў у новым гучанні. Гледачы спявалі разам з народнымі артыстамі Беларусі Анатолем Ярмоленкам, Уладзімірам Громавым, заслужанымі артыстамі Рэспублікі Беларусь Ірынай Дарафеевай, Вікторыяй Алешка, Жанет, Нацыянальным акадэмічным народным хорам Рэспублікі Беларусь імя Г.І. Цітовіча, заслужанымі калектывамі Рэспублікі Беларусь ансамблем танца, музыкі і песні «Белыя росы», Беларускім дзяржаўным ансамблем «Песняры», групай «AURA», арт-групай «Беларусы» і іншымі.





Вядучыя праграмы - Алена Спірыдовіч, якую выдатна ведае маладзечанская і ўвогуле беларуская публіка, а таксам наш зямляк Павел Лазовік, і ён ўжо не мае патрэбы ў дадатковым прадстаўленні.





































Гран-пры - у Данііла Савені, які вучыўся ў нашым горадзе

На ўрачыстым закрыцці ХХІІ Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі "Маладзечна-2023" была адкрыта галоўная інтрыга: названы пераможцы конкурсу маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні.


З прывітальным словам да канкурсантаў звярнуўся міністр культуры Рэспублікі Беларусь Анатолій Маркевіч, які пажадаў артыстам далейшага плёну на творчай ніве. Таксама слова ўзяў старшыня раённага выканаўчага камітэта Юрый Горлаў. Цёплыя прывітанні ад іх прагучалі і ў адрас добразычлівай маладзечанскай публікі.






Узнагароды ўручаў старшыня журы конкурсу маладых выканаўцаў, мастацкі кіраўнік і галоўны дырыжор заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь "Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі імя М.Я. Фінберга" Максім Расоха.
Гран-пры і спецыяльны прыз імя Уладзіміра Мулявіна -- сімвалічную хрустальную гітару -- атрымаў Данііл Савеня, які прадстаўляў Мінскую вобласць. Родам ён са Слуцка. Першыя крокі ў музыку рабіў у Маладзечанскай спецыяльнай агульнаадукацыйнай школе-інтэрнаце (для дзяцей з праблемамі зроку). Першае месца заняла Маргарыта Шыбаева (Мінская вобласць). Другое раздзялілі Аляксандр Журовіч (Мінск) і Аляксандр Малашэнка (Віцебская вобласць). Трэцяе месца ў Дар'і Часлаўскай (Магілёўская вобласць).








За галоўную ўзнагароду і ўвогуле прызавыя месцы змагаўся 21 канкурсант з шасці абласцей і горада Мінска. У фестывальны дзень адбыліся ІІ і ІІІ туры рэспубліканскага этапу Нацыянальнага конкурсу маладых выканаўцаў-эстраднікаў. Яны спявалі па дзве кампазіцыі -- пад фанаграму «мінус 1» і ў суправаджэнні заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь «Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі імя М.Я. Фінберга».


Пачынаючыя выканаўцы лічаць фестываль «Маладзечна» выдатнай стартавай пляцоўкай для далейшага развіцця ў творчасці. І мэты яго нязменныя: далучэнне да нацыянальных каштоўнасцей беларускай культуры, прапаганда роднай мовы і папулярызацыя твораў беларускіх кампазітараў і паэтаў, раскрыццё і падтрымка маладых талентаў.





Штогод у конкурсе прымаюць удзел спевакі, якія займаюцца вакалам з ранніх гадоў, многія маюць музычную адукацыю, актыўна выступаюць у абласных, раённых і гарадскіх канцэртных праграмах, дабрачынных мерапрыемствах, з’яўляюцца лаўрэатамі міжнародных і рэспубліканскіх конкурсаў і фестываляў. У гісторыю «Маладзечна-2023» таксама ўвойдуць новыя імёны. Канкурсанты парадавалі гледачоў песняй, прысвечанай нашаму гораду, якую спелі разам.
Дрэва сяброўства

Міністр культуры Рэспублікі Беларусь Анатолій Маркевіч, начальнік галоўнага ўпраўлення культуры Мінаблвыканкама Ала Шахоцька, старшыня Маладзечанскага райвыканкама Юрый Горлаў і ўдзельнікі народнага ансамбля "Напевы Аполья" пасадзілі ля Палаца культуры г.Маладзечна сімвалічнае дрэва сяброўства. Нявежынская рабіна прывезена з расійскага горада Юр’еў-Польскі Уладзімірскай вобласці.







Актыўна. Молада. Крэатыўна…


У час Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі «Маладзечна-2023» адбыўся ІІ рэспубліканскі форум маладых спецыялістаў устаноў культуры.
У Палацы культуры быў арганізаваны круглы стол з удзелам міністра культуры Рэспублікі Беларусь Анатолія Маркевіча, старшыні Маладзечанскага райвыканкама Юрыя Горлава, заслужанага артыста Рэспублікі Беларусь кіраўніка арт-групы "Беларусы" Валерыя Шмата. Мадэратарам выступіла начальнік галоўнага ўпраўлення культуры Мінаблвыканкама Ала Шахоцька.













































У час адкрытага дыялогу абмяркоўваліся пытанні патрыятычнага выхавання моладзі, шляху станаўлення ў прафесіі, удасканалення навучальнага працэсу, рэалізацыіі новых ідэй. Прадстаўнікі розных рэгіёнаў краіны змаглі задаць пытанні, якія іх цікавяць, атрымаць прафесійную параду. Маладыя людзі прадстаўлялі свае "візіткі", агучвалі творчыя планы, дзяліліся ўражаннямі. Праграма двухдзённага знаходжання моладзі ў нашым горадзе ўключала наведванне розных мерапрыемстваў Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі, удзел у традыцыйных і новых праектах.








Конкурс маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні

Яшчэ ў лютым на сцэне Маладзечанскага Палаца культуры ў рамках Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі «Маладзечна-2023» прайшоў рэгіянальны адборачны тур Нацыянальнага конкурсу маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні.
У ліку яго абавязковых умоў -- выкананне сачыненняў беларускіх аўтараў і на беларускай мове. Тады ўсе музыканты прадставілі на суд журы па дзве песні. Сярод шматлікіх прадстаўнікоў Мінскай вобласці рашэннем журы былі адабраныя тры кандыдаты. Двое з іх з’яўляюцца навучэнцамі Мінскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў -- Вераніка Высоцкая і Данііл Савеня. Таксама вобласць прадстаўляе Маргарыта Шыбаева з Мінскага раёна.



У конкурсе маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні прымае ўдзел 21 канкурсант -- па тры ад кожнай вобласці і горада Мінска. Са сцэны гучыць мноства беларускіх песень, якія ўдзельнікі конкурсу самі падбіралі для выканання.
Сёлета другі і трэці туры рэспубліканскага этапу конкурсу праходзяць у другі дзень фестывалю.
У час правязення трэцяга тура ў канцэртнай зале Палаца культуры быў аншлаг. Прамую тэлетрансляцыю вёў канал "Беларусь-3'. Канкурсанты выконвалі песні на беларускай мове ў суправаджэнні Заслужанага калектыву "Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі імя М. Фінберга". Мастацкі кіраўнік і галоўны дырыжор аркестра Максім Расоха выступаў і ў якасці старшыні журы конкурсу. Прадстаўнікі Мінскай вобласці Вераніка Высоцкая, Данііл Савеня і Маргарыта Шыбаева адны з першых пачалі выступленне канкурсантаў.

Лепшы выканаўца стане ўладальнікам Гран-пры і спецыяльнага прыза імя Уладзіміра Мулявіна -- хрустальнай гітары. У час гала-канцэрта закрыцця фестывалю адбудзецца цырымонія ўзнагароджання лаўрэатаў Нацыянальнага конкурсу маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні.
Без слоў няма песні



Сёння Маладзечаншчыну наведвае вялікі творчы дэсант майстроў роднага слова. Члены Саюза пісьменнікаў Беларусі чытаюць свае вершы і сустракаюцца з чытачамі на радзіме Янкі Купалы ў Вязынцы, у Маладзечне, культурнай сталіцы цэнтральнага рэгіёна.




Сярод тых, хто ў Вязынцы дзяліўся з чытачамі сваімі думкамі і творчасцю, былі Міхась Пазнякоў, Алена Стэльмах, Людміла Кебіч.
Кожны меў магчымасць задаць пытанне творцам, папрасіць аўтограф. Размова атрымалася вельмі шчырай. Інакш і не можа быць. Бо сустракаліся сапраўдныя аднадумцы, тыя, каму неабыякавы лёс беларускай нацыянальнай культурнай спадчыны.

Фестывальны вечар у Маладзечне




Здаецца, увесь горад выйшаў на вуліцы, каб на свае вочы ўбачыць тую прыгажосць, якую дорыць нам фестываль.













На маладзечанскай сцэне ўсе зоркі сышліся


Цэнтральнай падзеяй першага дня XXII Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі «Маладзечна-2023» стала яго ўрачыстае адкрыццё на сцэне Летняга амфітэатра.








Адкрылi фестываль міністр культуры Рэспублікі Беларусь Анатолій Маркевіч i намеснiк старшынi Мiнскага аблвыканкама Iван Маркевiч. Яны павіншавалi ўдзельнікаў са святам беларускай песні і паэзіі, пажадалi незабыўных уражанняў, цікавых адкрыццяў. Анатолій Маркевіч зачытаў прывітальны адрас удзельнікам фестывалю ад Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі.










Аўтарамі канцэпцыі адкрыцця фестывалю сталі спецыялісты Белтэлерадыёкампаніі. Па іх прапанове ў канцэртнай праграме «Усе зоркі сышліся» прынялі ўдзел фіналісты тэлепраектаў «Х-Фактар Belarus» і «Фактар.BY». Маладыя таленты выступілі ў суправаджэнні Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі імя Міхаіла Фінберга пад кіраўніцтвам галоўнага дырыжора Максіма Расохі.







Прадстаўленне раздзелена на шэсць тэматычных частак, кожная са сваёй пастаноўкай, харэаграфіяй, касцюмамі, відэасюжэтамі. 15 выканаўцаў прадставілі 25 нумароў. Чырвонай ніткай праз усю праграму, як і праз іншыя мерапрыемствы маладзечанскага маштабнага музычна-песеннага форуму, праходзіць тэма Года міру і стварэння, у кожным нумары канцэртнай праграмы прысутнічае культурны код нашай краіны.



































"Нас пять Наташ, и с нами водитель Саша"

Так представились при знакомстве с корреспондентом "Маладзечанскай газеты" приветливые и разговорчивые гости из России. Работники центрального Дворца культуры "Созвездие", которым руководит заслуженный работник культуры Наталья Мутовкина, представляли Дмитровский городской округ Московской области.

Гости рассказали, что в дороге они были семнадцать часов, привезли на фестиваль национальные костюмы, которым более ста лет. Привлекали внимание молодечненцев также расписные тарелки и сувениры, пряники с символом Дмитрова, а ещё лакомники, которые шьют мастера народного творчества. Как оказалось, одна Наталья родом из Минска. Всем очень понравился наш город и его жители.

Міхаіл Фінберг з Маладзечнам назаўсёды




Мемарыяльная дошка, прысвечаная памяці народнага артыста Беларусі Міхаіла Фінберга, адкрыта ля цэнтральнага ўвахода ў Палац культуры горада Маладзечна.
Яе ўрачыстае адкрыццё стала адной са знакавых падзей XXII Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі «Маладзечна-2023».
У цырымоніі прынялі ўдзел міністр культуры Рэспублікі Беларусь Анатолій Маркевіч, намеснік старшыні Мінскага аблвыканкама Іван Маркевіч, старшыня Маладзечанскага райвыканкама Юрый Горлаў.





Цяжка пераацаніць уклад Міхаіла Фінберга ў развіццё нашага фестывалю. Ён стаў адным з яго ініцыятараў і стваральнікаў. Разам са сваім калектывам -- Нацыянальным акадэмічным канцэртным аркестрам Беларусі -- маэстра ствараў новыя праграмы, папулярызаваў беларускую песню, вучыў любіць сваё, роднае. Дзякуючы яго таленту, нястомнай працавітасці і патрыятызму фестываль набыў папулярнасць, стаў адным з брэндаў нашага краю. Ён даў пуцёўку на вялікую сцэну многім вядомым сёння беларускім выканаўцам. І кожны з іх захоўвае ў душы ўдзячнасць маэстра за свой шчаслівы шанс выступіць у суправаджэнні аркестра на фестывальнай сцэне, у поўную моц заявіць аб сабе.




Міхаіл Якаўлевіч пайшоў з жыцця 11 снежня 2021 года на 74-м годзе. Другі фестываль праходзіць без яго, аднак яны напоўнены духам нашай удзячнай памяці аб маэстра. Імя Міхаіла Фінберга было прысвоена аркестру, яго любімаму дзецішчу. Цяпер імя слыннага дзеяча беларускай культуры ўвекавечана і на мемарыяльнай дошцы. А значыць, ён назаўсёды з намі. Хто б ні заходзіў у Палац культуры, успомніць маэстра, у думках падзякуе яму за каласальную асветніцкую працу, адданасць беларускай культуры.
Хто пад якім нумарам выступаць будзе?
У Палацы культуры адбылася жараб'еўка, якая вызначыла парадак выступлення ўдзельнікаў конкурсу маладых выканаўцаў. Кожны з 21 канкурсантаў выбраў сімвалічную статуэтку ў выглядзе ліста папараці. На ёй пазначаны нумар, пад якім ён выйдзе на сцэну.
Вось пад якімі нумарамі выступяць прадстаўнікі Мінскай вобласці.



Алег Елісеенкаў у праекце «Асоба эпохі»

У малой зале Палаца культуры горада Маладзечна адбылася творчая сустрэча з вядомым беларускім кампазітарам, аранжыроўшчыкам, выканаўцам, заслужаным дзеячам мастацтваў Беларусі, ганаровым грамадзянінам Маладзечанскага раёна Алегам Елісеенкавым.




Мерапрыемства прайшло ў рамках праекта «Асоба эпохі», які рэалізуецца на кожным фестывалі. Гасцямі праекта ў мінулыя гады былі народныя артысты Беларусі Зінаіда Бандарэнка, Анастасія Масквіна, Леанід Захлеўны, заслужаная артыстка Беларусі Надзея Мікуліч, іншыя вядомыя дзеячы беларускай культуры.

Дзяцінства і юнацтва Алега Елісеенкава прайшло ў Маладзечне. Тут ён склаў свой першы твор, закончыў музычнае вучылішча, іграў у складзе пап-групы ў Доме культуры чыгуначнікаў. Тут сустрэў сваё каханне -- будучую жонку Таццяну. Да гонару кампазітара, ён ніколі не перарываў сувязь з родным горадам, рад кожнай новай сустрэчы з ім. Алег Мікалаевіч пастаянны ўдзельнік усіх фестываляў, іншых значных мерапрыемстваў абласнога, рэспубліканскага маштабаў. Яго песні ёсць у рэпертуары ансамбля «Сябры», Алесі, Ірыны Дарафеевай, Аляксандра Саладухі. І сам Алег Мікалаевіч выдатна спявае, што ў чарговы раз пацвердзіў у час мерапрыемства.
Вяла сустрэчу, як і ўсе папярэднія, галоўны рэдактар музычных праграм Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё Таццяна Якушава.
А працягам цёплай, душэўнай сустрэчы стаў творчы вечар Алега Елісеенкава «Добрыя людзі», які прайшоў у канцэртнай зале Палаца культуры. На ім прагучалі не толькі музычныя творы маэстра ў выкананні артыстаў беларускай эстрады, але і песні ўраджэнцаў маладзечанскай зямлі.
Фотамадэль -- гэта ты!



Гарадскі парк сёння не толькі месца для адпачынку жыхароў і гасцей Маладзечна, але і пляцоўка, дзе адбываецца шмат цікавага. Тут выступаюць дзіцячыя калектывы і асобныя выканаўцы, праводзяцца майстар-класы і флэшмобы, арганізаваны арт-зоны.


Творчая пляцоўка «Беларускі АРТ-гурток» радуе слухачоў выступленнем самадзейных артыстаў з Палаца культуры горада Маладзечна, дзіцячага цэнтра культуры «Расток», маладзечанскіх школ, гімназій і каледжаў, а таксама гасцей нашага горада.




Для людзей крэатыўных, тых, хто не баіцца эксперыментаваць са сваім вобразам, створана фотазона «Бабуліна хатка». Тут можна пабываць у мінулым, не пакідаючы Маладзечна. А ўласнае сэлфі або крэатыўны здымак з каханым чалавекам можа стаць застаўкай на тэлефон. І памяць пра фестываль застанецца, і настрой узнімецца.


На пляцоўцы ля возера ў парку прыхільнікі выяўленчага мастацтва могуць ацаніць работы творцаў-аматараў прадпрыемстваў і арганізацый Маладзечаншчыны. Работы гэтыя шчырыя, адкрытыя, прасякнутыя любоўю да роднай зямлі.

Такія выставы гарманічна дапаўняюць асноўную тэматыку фестывалю як свята песні і паэзіі. Бо беларуская культура мае самыя розныя праявы. І яркай зоркай на небасхіле айчыннай культуры зіхаціць наша Маладзечаншчына.
Свае таленты на вышэйзгаданай пляцоўцы паказваюць работнікі і выхаванцы дзіцячай мастацкай школы мастацтваў.
Не абышлося ў парку без «новабудоўлі». Кардонны горад «узвялі» работнікі Цэнтралізаванай клубнай сістэмы Маладзечанскага раёна. А размаляваць архітэктуру, удыхнуць у яе жыццё можа кожны жадаючы.



На экранах -- космас

Адна з самых арыгінальных пляцовак Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі «Маладзечна-2023» -- кінатэатр «Радзіма», на экранах якога па традыцыі дэманструецца кіно.


Сёлета ўвазе публікі прапанавалі два дакументальныя фільмы. Стужка «Вселенная Ивана Миско» РУП «Нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм». Аўтар сцэнарыя -- Аляксандра Маркава, рэжысёр -- Яўгеній Сяцько. Яна прысвечана народнаму мастаку Беларусі Івану Міско -- скульптару, у творчасці якога асноўнае месца займае космас. Гэта яго захапленне, і ён верны яму на працягу многіх гадоў. Дарэчы, Івану Якімавічу 91 год. Творца па-ранейшаму на грэбні творчай хвалі. А яго майстэрня знаходзіцца ў гістарычным цэнтры Мінска на Нямізе.
Каб бліжэй пазнаёміць публіку з гэтай неардынарнай асобай і фільмам «Вселенная Ивана Миско», у Маладзечна прыехалі прадстаўнікі Саюза кінематаграфістаў Беларусі на чале з яго старшынёй акцёрам, рэжысёрам Віктарам Васільевым. Таксама наш горад наведала генеральны дырэктар КУП «Мінаблкінавідэапракат» Таццяна Дарашкевіч.
Не меншую зацікаўленасць публікі выклікаў фільм «Город под нами» тэлекампаніі «ВоенТВ» Беларусь, прысвечаны лётчыкам Героям Беларусі 33-гадоваму маёру Андрэю Нічыпорчыку і 22-гадоваму лейтэнанту Мікіту Куканенку. Два гады таму ваенныя пілоты адвялі падаючы вучэбна-баявы самалёт ЯК-130 ад жылых дамоў у горадзе Баранавічы, але самі загінулі.
-- Гэтыя дакументальныя фільмы ўпершыню дэманструюцца ў нашым кінатэатры, -- заўважыла дырэктар Маладзечанскага філіяла КУП «Мінаблкінавідэапракат» Таццяна Дрозд. -- Фестывальная праграма атрымалася вельмі насычанай, было што паглядзець і дзецям, і моладзі, і дарослым. Рэпертуар мы размясцілі на афішах загадзя, каб кожны змог штосьці выбраць на свой густ. Калі гаварыць пра дакументалістыку, то фільмы гэтага жанру паказваюцца ў нас пастаянна, і яны запатрабаваныя гледачамі. На фестывалі стараемся адкрываць публіцы штосьці новае, здзіўляць.


Своеасаблівую творчую сустрэчу арганізаваў Віктар Васільеў, які адразу наладзіў кантакт з публікай. Разам з ім гледачы павандравалі па старонках стварэння кіно. Таксама парадаваў іх сольным выкананнем папулярнай у савецкія часы песні «Рыжик». Дарэчы, Віктар Васільеў родам з-пад Екацерынбурга. Ён заўважыў, што нярэдка бывае ў розных рэспубліках былога Савецкага Саюза. На яго погляд, менавіта Беларусь адрозніваецца добразычлівымі людзьмі, і гэта шчасце жыць у такой краіне. Падабаецца яму і наш горад, які лічыць прыгожым і ўтульным. «Прагульваючыся па фестывальным Маладзечне, куды прыехаў разам з унучкай, сустрэў шмат знаёмых і мне прыемна чуць: «Прывітанне, Віцька!», -- заўважыў з усмешкай творца.
Паэзія каштоўнасцей музейных






Адным з першых мерапрыемстваў ХХII Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі «Маладзечна-2023» стала ўрачыстае адкрыццё выстаўкі галаграм «Паэзія музейных каштоўнасцей».











Часовая экспазіцыя размешчана ў Мінскім абласным краязнаўчым музеі. Тут прадстаўлены рарытэты з фондаў музеяў Мінскай вобласці, побач з якімі размешчаны іх галаграмы. Наведвальнікі маюць магчымасць параўнаць арыгінал з аптычнай копіяй. Эпіграфамі да экспанатаў выстаўкі сталі трапныя вершаваныя радкі з твораў беларускіх паэтаў.
Праект рэалізаваны дзякуючы падтрымцы Мінскага абласнога выканаўчага камітэта. Начальнік галоўнага ўпраўлення культуры аблвыканкама Ала Шахоцька падкрэсліла ўнікальнасць праекта, які стане ўпрыгажэннем не толькі выставачнай, але і адукацыйнай, асветніцкай дзейнасці.
-- У адным месцы прадстаўлены сапраўдныя рарытэты, якія паказваюць тое, чым адметны кожны рэгіён Міншчыны. Свая гісторыя звязана з кожным прадметам. Новыя ідэі, увасобленыя ў сучасных тэхналогіях, -- гэта заўсёды яркія эмоцыі, моцныя ўражанні, -- сказала Ала Канстанцінаўна.
Ва ўрачыстасці прынялі ўдзел галоўны саветнік ЗАТ «Галаграфічная індустрыя», кіраўнік Прадстаўніцтва Міжнароднай інжынернай акадэміі ў Рэспубліцы Беларусь, заслужаны вынаходнік Рэспублікі Беларусь Леанід Танін, генеральны дырэктар і сузаснавальнік кампаніі «Магія Святла» Людміла Таніна, начальнік галаграфічнай вытворчасці, галоўны тэхнолаг ААТ «Магія святла» Сяргей Гінак.
Прадстаўленыя ў экспазіцыі галаграмы створаны дзякуючы цеснаму супрацоўніцтву Мінскага абласнога краязнаўчага музея з кампаніяй «Магія Святла». Яе выстаўкі былі прадстаўлены ў сталіцы і абласных гарадах Беларусі, а таксама ў сямнаццаці краінах свету.


Як адзначалася ў час мерапрыемства, слова «галаграфія» ў перакладзе з грэчаскай мовы азначае «пішу ўсё». Аптычныя галаграмы не толькі дапамагаюць захоўваць арыгіналы, але і робяць даступнымі для наведвальнікаў рэдкія прадметы мастацтва. А яшчэ яны здольныя перадаваць моцную энергетыку арыгінальных аб’ектаў.
Экскурсію па экспазіцыі «Паэзія музейных каштоўнасцей» правяла намеснік дырэктара па навуковай рабоце музея Вольга Шылько. Прагучала пажаданне наведвальнікам экспазіцыі знайсці свае каштоўнасці ў жыцці.
Атрымаць асалоду ад прадстаўленых на экспазіцыі рарытэтаў можна да 9 ліпеня.
У ТЭМУ. Выстава складаецца з некалькіх раздзелаў: археалагічныя знаходкі, прадметы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і рэчавыя помнікі, пісьмовыя і рэчавыя помнікі, культавыя рэчы, сфрагістыка і фалерыстыка. На экспазіцыі можна ўбачыць старажытныя рэчы: пояс Вітаўта, шыйную грыўню, слуцкі пояс, напрастольны крыж «Распяцце», Евангелле, пярсцёнак для шлюбнай цырымоніі, чарнільны прыбор і іншае.






«Наш абавязак – помніць»




Так называецца патрыятычная акцыя, якая праводзіцца ў рамках Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі «Маладзечна-2023».
На Цэнтральнай плошчы разгарнулася мабільная экспазіцыя Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, асновы якой -- дакументы і матэрыялы фондаў. Гэта своеасаблівы музей на колах, дзе таксама створаны тэматычныя фотазоны.



Восенню гэтага года адзначаецца 80-годдзе пачатку вызвалення Беларусі, а ў 2024-м -- юбілейная дата аперацыі «Баграціён», у ходзе якой уся тэрыторыя Беларусі была вызвалена ад гітлераўскіх захопнікаў. Улічваючы важнасць падзей, у экспазіцыі зроблены акцэнт менавіта на гэтыя гістарычныя даты. Асноўная частка складаецца з трох раздзелаў. Матэрыялы з фондавых калекцый -- сюжэтныя фотаздымкі, копіі дакументаў, плакатаў, рэпрадукцыі карцін, фотапартрэты Герояў Савецкага Саюза -- беларусаў і прадстаўнікоў розных нацыянальнасцей СССР, якія здзейснілі подзвігі ў гады вайны на беларускай зямлі. Таксама можна ўбачыць прадметы і асабістыя рэчы ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай, муляжы ўзбраення і рыштунку байцоў Чырвонай арміі і партызан.


У першым раздзеле прадстаўлены матэрыялы аб гераічнай абароне Брэсцкай крэпасці і абараняльных баях Чырвонай арміі ў Беларусі летам 1941 года. Сярод абаронцаў крэпасці не толькі воіны, але і жанчыны, дзеці -- сем’і каманднага складу. У 1965 годзе за мужнасць і гераізм гэтай цвярдыні над Бугам было прысвоена ганаровае званне «Брэсцкая крэпасць -- герой».

Другі раздзел экспазіцыі прысвечаны партызанскаму руху ў Беларусі ў 1941-1944 гадах, у якім прынялі ўдзел 374 тысячы партызан і 70 тысяч падпольшчыкаў. За тры гады барацьбы ў тыле ворага беларускія партызаны пусцілі пад адхон 11128 эшалонаў, 34 браняпоезды, узарвалі 18700 аўтамашын, 5529 мастоў, больш за 300 тысяч рэек, знішчылі 305 самалётаў, шмат іншай тэхнікі і жывой сілы праціўніка. 88 партызан і падпольшчыкаў Беларусі былі ўдастоены звання Героя Савецкага Саюза.

Трэці раздзел экспазіцыі прысвечаны 80-й гадавіне вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Пачаўся гераічны шлях вызвалення ў верасні 1943-га. У гэты перыяд да зімы 1944-га войскі Чырвонай арміі вызвалілі 36 раённых і 2 абласныя цэнтры (Гомель і Мазыр). У ходзе Беларускай стратэгічнай наступальнай аперацыі «Баграціён», праведзенай у чэрвені-ліпені 1944 года, савецкія войскі цалкам вызвалілі тэрыторыю Беларусі. 3 ліпеня была вызвалена сталіца -- Мінск. У баях за Беларусь вялікія групоўкі гітлераўскіх войскаў трапілі ў акружэнне пад Віцебскам, Бабруйскам. У самым маштабным Мінскім «катле» было знішчана звыш за 70 тысяч і ўзяты ў палон каля 35 тысяч варожых салдат і афіцэраў, у тым ліку 12 генералаў.
Пляцоўка «Міншчына -- сэрца Беларусі»








Пляцоўка «Міншчына -- сэрца Беларусі» размясцілася на вуліцы Прытыцкага. Маладзечанцы, госці знаёмяцца з экспазіцыяй, у якой прадстаўлены ўсе раёны цэнтральнага рэгіёна. Экспазіцыя ўяўляе сабой жывое ўвасабленне твораў беларускай літаратуры. Адбываецца зацікаўлены дыялог з творцамі, аўтарамі работ, асноўная тэма якога -- захаванне і развіццё культурнай спадчыны беларускага народа, падтрымка дзяржавай культурных ініцыятыў.




























Майстры сабраліся ў Маладзечне

«Горад майстроў» -- адно з традыцыйных і вельмі чаканых мерапрыемстваў, якое праходзіць у рамках Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі.




Вуліца Прытыцкага, Цэнтральная плошча сёння пераўтварыліся ў адну маляўнічую пляцоўку, на якой майстры з усіх рэгіёнаў Беларусі, а таксама з Расіі прадстаўляюць свае лепшыя вырабы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.













Увагу прыцягваюць вышыванкі, ручнікі, вышываныя дываны, прадметы з саломкі, дрэва, шкла, гліны, іншых матэрыялаў. Для гасцей адкрыты інтэрактыўныя пляцоўкі, тэматычныя экспазіцыі. Людзі знаёмяцца з творчасцю паэтаў і пісьменнікаў Міншчыны.






На выстаўцы-кірмашы можна не толькі купіць сувеніры, але і вырабіць іх. У «Горадзе майстроў» праходзяць майстар-класы, на якіх наведвальнікі пераймаюць сакрэты майстэрства рамеснікаў. Радуюць гледачоў і выдатна аформленыя экспазіцыі.




Прадстаўнікі кожнага рэгіёна падкрэсліваюць адметнасць сваёй малой радзімы. У выніку атрымліваецца цудоўны калейдаскоп, у якім Беларусь прадстаўлена ва ўсёй сваёй разнастайнасці. Такім чынам удзельнікі мерапрыемства ў чарговы раз пацвярджаюць бясспрэчную ісціну, што беларуская зямля багатая на таленты.



ПРАГРАМА
Вуліцы горада, плошчы, гарадскі парк
“Бачу Беларусь такой” – размяшчэнне чатырохрадкоў паэтаў-класікаў, фотаработ сучасных творцаў, надрукаваных на банерах і інфармацыйных лістоўках, на аўтобусных прыпынках, у грамадскім транспарце, білбордах, інфармацыйна-рэкламных стэндах.
АРТ-праект “Фестывальны шлях” – размяшчэнне на агароджах гарадскога парку ўздоўж вуліцы В.Гасцінец з тэматыкай фестываля розных гадоў.
“Горад майстроў” – экспазіцыя дэкаратыўна-прыкладнога і выяўленчага мастацтва.
“Картонный город” – інтэрактыўная пляцоўка для жыхароў і гасцей горада.
“Пляцём узор краіны роднай” – творчы арт-пляц удзельнікаў ІІ фестывалю лозапляцення “ДзіваФэст”. Выставы-прэзентацыі і майстар-класы лепшых майстроў лазапляцення Беларусі.
Вуліца Прытыцкага, пляцоўка ля кінатэатра “Радзіма”
“Міншчына – сэрца Беларусі” – жывое ўвасабленне твораў беларускай літаратуры, экспазіцыя, прадстаўленая рэгіёнамі Мінскай вобласці. Выстава дэкаратыўна-прыкладного мастацтва майстроў з Мінскай, Магілеўскай, Гродзенскай, Віцебскай і Гомельскай абласцей, г.Мінска, гасцей з Расійскай Федэрацыі (Маскоўскай, Уладзімірскай, Ніжагародскай і Смаленскай абласцей, Калінінскага раёна г.Санкт-Пецярбурга і Рэспублікі Мардовія).
- інтэрактыўныя пляцоўкі, тэматычныя экспазіцыі, прэзентацыі творчасці вядомых беларускіх пісьменнікаў і паэтаў Міншчыны;
- “Новы позірк” – выставы маладых мастакоў-партрэтыстаў, інтэрактыўная пляцоўка з удзелам маладых фатографаў фотаклуба “Проявление” ДУ “Палац культуры г.Маладзечна”, фотабудка (насупраць кінатэатра “Радзіма”);
- “Танцавальная майстэрня” – пляцоўкі для майстар-класаў па нацыянальных танцах;
- тэатр пад адкрытым небам – народныя тэатры Мінскай вобласці;
- продаж сувенірнай прадукцыі.
КУП “Тэлевізійная вяшчальная сетка” тэлепраграма “МКТБ”
Тэлеперадача “Фестываль у аб’ектыве” з удзелам дзеячаў культуры і мастацтва Беларусі
9 чэрвеня
Мінскі абласны драматычны тэатр
11.00 -- спектакль «Вучань ведзьмака, альбо Бітва чарадзеяў».
Выставачная зала Палаца культуры
12.00 -- творчая інтэрактыўная пляцоўка «Колеры роднага слова» -- выстава работ мастакоў Міншчыны.
Мінскі абласны краязнаўчы музей
12.00 -- выстава «Паэзія музейных каштоўнасцей» -- дэманстрацыя прадметаў з фонду музеяў Мінскай вобласці разам з іх галаграмамі.
Мінскі абласны тэатр лялек «Батлейка»
12.00 -- спектакль «История маленькой улитки».
Канцэртная зала Маладзечанскай ДШМ
14.00 -- канцэрт акадэмічнай музыкі Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі імя М.Я. Фінберга. Мастацкі кіраўнік -- Максім Расоха.
Пляцоўка ля кінатэатра «Радзіма»
15.00 -- выступленні народных тэатраў Мінскай вобласці па творах класікаў беларускай драматургіі.
Парк Перамогі
15.00 -- «Беларускі АРТ-куток»: выступленне дзіцячых калектываў і асобных выканаўцаў г. Маладзечна і гасцей фестывалю; майстар-клас па дэкаратыўна-прыкладной творчасці; беларускі фэйс-арт (аквагрым); «Бабулін куток» -- тэматычная фотазона; «Беларуская маляванка» -- арт-зона для малявання каляровымі алоўкамі, маркерамі, складанне агульнага арнаменту.
15.00 -- выстава работ па выніках адкрытага конкурсу жывапісу, графікі і фатаграфіі для мастакоў-аматараў прадпрыемстваў і арганізацый Маладзечанскага раёна.
Малая зала Палаца культуры
15.00 -- праект «Асоба эпохі» -- творчая сустрэча з заслужаным дзеячам мастацтваў Рэспублікі Беларусь Алегам Елісеенкавым.
Цэнтральная плошча
17.00-19.30 -- арт-фэст -- творчая крэатыўная прастора для моладзі: фестываль-конкурс беларускай эстраднай песні маладых аўтараў і аўтарскіх калектываў, прысвечаны Году міру і стварэння; канцэрт Дзяржаўнага ансамбля народнага танца Рэспублікі Інгушэціі;
19.30 -- канцэртныя праграмы з удзелам артыстаў Маладзёжнага тэатра эстрады.
Канцэртная зала Палаца культуры
18.00 -- творчы вечар кампазітара Алега Елісеенкава «Добрыя людзі» з удзелам артыстаў беларускай эстрады.
Мінскі абласны драматычны тэатр
18.00 -- спектакль «Шукаю сапраўднага мужчыну» па п’есе драматурга Алены Паповай.
Пляцоўка перад Палацам культуры
19.00 -- адкрыццё мемарыяльнай дошкі ў гонар М.Я. Фінберга.
Амфітэатр
21.00 -- урачыстае адкрыццё ХХII Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі «Маладзечна-2023». Канцэрт з удзелам артыстаў тэлевізійных праектаў «Х-Фактар», «Фактар Бай» у выкананні Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі імя М.Я. Фінберга.
Цэнтральная плошча
23.00-2.00 --«Магія ночы» (вячэрні паказ мастацкіх фільмаў пад адкрытым небам).
10 чэрвеня
Купалаўскі мемарыяльны запаведнік «Вязынка»
10.00-12.00 – «Паэтычныя старонкі роднай Беларусі» (паэтычныя чытанні паэтаў, членаў Саюза пісьменнікаў Беларусі).
Канцэртная зала Палаца культуры
11.30 -- ІІ тур рэспубліканскага этапу Нацыянальнага конкурсу маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні.
Амфітэатр
11.00 -- Святочнае шэсце выпускнікоў Маладзечанскага раёна.
12.00-14.00 -- «Выпускны-2023».Урачыстае ўручэнне залатых медалёў і атэстатаў лепшым выпускнікам Маладзечанскага раёна 2023 года.
Касцёл святога Юзафа
12.00 -- канцэрт у выкананні струннай групы Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі імя М.Я. Фінберга.
Мінскі абласны краязнаўчы музей
12.00 -- выстава «Паэзія музейных каштоўнасцей».
Парк Перамогі
12.00 -- выстава работ па выніках адкрытага конкурсу жывапісу, графікі і фатаграфіі для мастакоў-аматараў прадпрыемстваў і арганізацый Маладзечанскага раёна.
Цэнтральная плошча
12.00-13.30 -- «Свята саксафона» (канцэрт лаўрэатаў IV Рэспубліканскага адкрытага фестывалю-конкурсу).
Пляцоўка ля кінатэатра «Радзіма»
13.00 -- канцэртныя праграмы творчых калектываў Маладзечанскага раёна.
Мінскі абласны тэатр лялек «Батлейка»
13.00 -- спектакль «Цудоўная дудка».
Цэнтральная раённая бібліятэка імя Максіма Багдановіча
13.00 -- сустрэча з членам Беларускага саюза мастакоў Мікалаем Аўчыннікавым, выстава «Прыцяжэнне».
Канцэртная зала Палаца культуры
15.30 -- III тур рэспубліканскага этапу Нацыянальнага конкурсу маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні ў суправаджэнні Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі імя М.Я. Фінберга.
Парк Перамогі
15.00 -- «Акадэмія дзяцінства» (канцэртна-забаўляльная пляцоўка для дзяцей і падлеткаў): канцэрт дзіцячых калектываў і асобных выканаўцаў; гульнявыя праграмы; дзіцячая фотазона; арт-зона для малявання; майстар-клас па дэкаратыўна-прыкладной творчасці; бяспройгрышная латарэя; гульнявая прастора; фэйс-арт (аквагрым).
Малая зала Палаца культуры
15.00 -- літаратурна-музычная гасцёўня «Радзіма мая міралюбівая» з удзелам паэтаў і артыстаў (Уладзімір Мазго, Іна Фралова, Людміла Кебіч, Таццяна Дземідовіч, Іван Юркін, Яўген Хаменка, Алег Елісеенкаў); падвядзенне вынікаў Рэспубліканскага літаратурнага конкурсу «Радком вярнуся па вясне» сярод маладых паэтаў у гонар памяці лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Міколы Мятліцкага.
Цэнтральная плошча
16.00-21.00 -- «Міншчына яднае» (канцэрт творчых калектываў Брэсцкай, Віцебскай, Гродзенскай, Гомельскай, Магілёўскай абласцей і г. Мінска, калектываў з Расійскай Федэрацыі).
Пляцоўка ля кінатэатра «Радзіма»
17.00 -- паэтычная пляцоўка з удзелам беларускіх паэтаў, дзеячаў культуры і мастацтва.
Чысцінскі сельскі Дом культуры
18.00 -- канцэрт вакалістаў Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі імя М.Я. Фінберга.
Канцэртная зала Палаца культуры
19.00 -- канцэрт ансамбля народнай музыкі «Бяседа» (мастацкі кіраўнік -- народны артыст Беларусі Леанід Захлеўны).
Амфiтэатр
21.00 -- гала-канцэрт закрыцця ХХІІ Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі «Маладзечна-2023»: узнагароджанне лаўрэатаў Нацыянальнага конкурсу маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні; канцэрт «Любімыя песні. Спяваем разам» -- сучасныя хіты беларускіх эстрадных выканаўцаў.
Цэнтральная плошча
23.00-2.00 -- «ФэстМ» -- маладзёжная дыскатэка з удзелам DJ Jenevaі Рэтра Вумен Трыа «Розовые розы».
На працягу двух дзён фестывалю на вуліцах горада, Цэнтральнай плошчы, у гарадскім парку будуць працаваць разнастайныя пляцоўкі.
У іх ліку «Міншчына -- cэрца Беларусі» (жывое ўвасабленне твораў беларускай літаратуры, экспазіцыя, прадстаўленая рэгіёнамі Мінскай вобласці); выстава дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва майстроў з Мінскай, Магілёўскай, Гродзенскай, Віцебскай і Гомельскай абласцей, г. Мінска, гасцей з Расійскай Федэрацыі (Маскоўскай, Уладзімірскай, Ніжагародскай і Смаленскай абласцей, Калінінскага раёна г. Санкт-Пецярбурга і Рэспублікі Мардовія); «Пляцём узор краіны роднай» -- творчая арт-пляцоўка ўдзельнікаў ІІ фестывалю лозапляцення «ДзіваФэст»; выставы-прэзентацыі і майстар-класы лепшых майстроў лозапляцення Беларусі.
У праграме магчымыя змены.