Новости Молодечно и Молодечненского района

Гісторыя Маладзечна ў бібліяграфічным выданні

  • 2023-07-10 07:13:35

З гэтай нагоды даведачная служба Маладзечанскай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Максіма Багдановіча прадстаўляе рэкамендацыйны бібліяграфічны ўказальнік «Невядомае Маладзечна».

Ён складзены на падставе матэрыялаў, якія на працягу ўсяго існавання бібліятэкі збіраюцца і захоўваюцца ў краязнаўчым фондзе даведачнай службы. Гэта энцыклапедычныя выданні, кнігі, артыкулы са зборнікаў. А яшчэ артыкулы з перыядычных выданняў, якія ў розныя гады былі змешчаны на старонках мясцовага друку. Аўтары гэтых матэрыялаў -- асобы апантаныя любоўю да гісторыі роднага краю, сапраўдныя краязнаўцы, якія па крупінках збіралі малавядомыя і цікавыя факты з гісторыі горада. Сярод іх такія імёны як Генадзь Каханоўскі, Міхась Казлоўскі, Уладзімір Садоўскі, Барыс Бароўскі, Любоў Карповіч, Мікола Тамашэўскі і іншыя.

Несправядліва, калі гэтыя матэрыялы згубяцца ў часе. Менавіта для таго, каб захаваць гістарычную памяць, прыцягнуць увагу чытачоў да пытанняў краязнаўства, мы прапануем новае бібліяграфічнае выданне. Яно прызначаецца шырокаму колу чытачоў, а таксама для дапамогі настаўнікам і бібліятэкарам у рабоце па прапагандзе краязнаўчых ведаў.

Матэрыял размешчаны ў шасці тэматычных раздзелах: «Маладзечна. Паходжанне назвы», «Маладзечанскі замак», «Старое Места», «Гелянова», «Чыгуначны вакзал. Дамы ў закапанскім стылі», «Цэнтральная плошча і прылягаючыя вуліцы».

У канцы кожнага раздзела прыводзіцца бібліяграфічны спіс выкарыстаных крыніц.

Валянціна СТЭЛЬМАХ,
галоўны бібліёграф цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Максіма Багдановіча.
Фота: архіў БІБЛІЯТЭКІ.