Усім добра вядома, што бульбу на Беларусі лічаць другім хлебам – нацыянальным прадуктам.
А ці можаце вы сабе ўявіць бульбу галоўным персанажам на свяце? Калі не, то вельмі памыляецеся.
З пачатку мінулага тыдня спецыялісты дзіцячага цэнтра культуры «Расток» разам з удзельнікамі краязнаўчага клуба «Беларуская хатка», фальклорнага аб’яднання «Беларуская спадчына», музычна-паэтычнага клуба «Вытокі», клуба беларускай гульні «Весялінка» пачалі ладзіць шэраг свят пад агульнай назвай «Жыта, хлеб, палі, лугі – ну, а бульба хлеб другі», дзе яе вялікасць бульба была галоўнай і карысталася вялікай пашанай. Пра яе чыталі вершы, спявалі песні і жартоўныя прыпеўкі, знаёміліся з гісторыяй з’яўлення на Беларусі і стравамі нацыянальнай кухні, паказвалі тэатральныя замалёўкі і нават танцавалі.
Не абышлося і без званых гасцей. Дзед з бабай, цётка Агата з унукамі і Бульбачка-Беларусачка на працягу свята гулялі, жартавалі і забаўлялі прысутных.
На развітанне гаспадыня пачаставала гасцей свята дранікамі, пажадала ўсім смачна есці і ўсмешак!
Наталля ШАСТАК, метадыст ДЦК «Расток»
Фота: архіў ДЦК «Расток»