Новости Молодечно и Молодечненского района

Для юных кнігалюбаў і не толькі

  • 2026-02-26 16:00:01

Бібліятэкары добра ведаюць, як важна прывіваць дзецям любоў да літаратуры. Чытанне пашырае слоўнікавы запас і кругагляд, трэніруе памяць, развівае фантазію.


Як расказала загадчык сельскай інтэграванай бібліятэкі аграгарадка Выверы Ірына Лемантовіч, малодшыя школьнікі з цікавасцю чытаюць сучасную беларускую літаратуру. Разам з бібліятэкарам Марынай Падгола яны рэкамендуюць кнігі айчынных аўтараў. Дзеці адкрываюць для сябе многія імёны, у ліку якіх Клаўдзія Каліна, Кацярына Хадасевіч-Лісавая, Наталля Бучынская, Тамара Бунта…

Хлопчыкі і дзяўчынкі быццам аказваюцца ў незвычайным свеце, напоўненым прыгодамі і новымі героямі.

Бібліятэка з’яўляецца цэнтрам прыцягнення для маленькіх фантазёраў і будучых інтэлектуалаў. Яны прыходзяць не толькі для таго, каб узяць кнігу. Тут праводзяцца агляды літаратуры, сустрэчы з цікавымі людзьмі, конкурсы і віктарыны, выставы. Створаны музей, дзе можна пазнаёміцца з беларускім побытам мінулых часоў.

У бібліятэцы ладзіцца шмат разнастайных мерапрыемстваў, цікавых для чытачоў рознага ўзросту. Напрыклад, да Міжнароднага дня роднай мовы арганізавана інтэрактыўная выстава літаратурнай творчасці беларускіх жанчын «Жаночы позірк у літаратуры».
Людміла ЦАР