Новости Молодечно и Молодечненского района

Даведаліся імёны вакалістаў, якія прадставяць Мінскую вобласць на Нацыянальным фестывалі беларускай песні і паэзіі «Маладзечна-2025»

  • 2025-02-12 17:00:00
  • Людмила ЦАРЬ

Даведаліся імёны вакалістаў, якія прадставяць Мінскую вобласць на Нацыянальным фестывалі беларускай песні і паэзіі «Маладзечна-2025»

Нацыянальны конкурс маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні – адзін з самых яркіх і хвалюючых падзей фестывалю. Абласны адборачны тур адбыўся сёння ў Палацы культуры нашага горада. У Маладзечна прыехалі маладыя таленты з розных куточкаў Міншчыны. Журы ўзначаліла старшыня Беларускага саюза кампазітараў Алена Атрашкевіч.
Пераможцамі адборачнага тура сталі Валерыя Бернатовіч і Ганна Варанко з Мінскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў, Лізавета Дашчынская (Барысаўскі раён).

Маладзечанскі раён прадстаўлялі Лада Лінкевіч і Мілена Доўнар.
– Мне 17 гадоў. Вучуся ў Маладзечанскім гандлёва-эканамічным каледжы Белкаапсаюза на праграміста, – гаворыць Мілена. – Сама родам з Дзяржынска. Закончыла там харавое аддзяленне музычнай школы. Займалася вакалам у Доме культуры, а таксама ў студыі «Арт-талент» у Мінску. Наогул, спяваю з трох гадоў. Рэпертуар даволі вялікі, але беларускіх песень няшмат. Для конкурснага адбору выбрала «Васільковае неба» і «Жураўліная чарада». Лічу, што ўдзел у адборачным туры спрыяе набыццю творчага вопыту.
Лада Лінкевіч, якая мае вялікі вопыт творчых выступленняў, выканала песні «Я» (музыка Яўгенія Алейніка, словы Юліі Быкавай) і «Птушка шчасця» нашай зямлячкі Таццяны Атрошанка. Лада – выпускніца Маладзечанскага музычнага каледжа імя М.К. Агінскага, працуе метадыстам па рабоце з дзецьмі і моладдзю Маладзечанскага раённага цэнтра культуры. Раней ужо ўдзельнічала ў адборачных турах Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі.
Лада падзялілася, што хвалюецца перад выхадам на сцэну. Прад’яўляе высокія патрабаванні да сябе.

 

 

 

Людміла ЦАР
Фота: Аляксей ПЛАТКО