Новости Молодечно и Молодечненского района

Дакранёмся да творчасці класіка

  • 2026-02-06 08:16:10

8 лютага спаўняецца 105 гадоў з дня нараджэння народнага пісьменніка Беларусі Івана МЕЛЕЖА. Класік беларускай і савецкай літаратуры нарадзіўся ў вёсцы Глінішчы Хойніцкага раёна Гомельскай вобласці. Ён увайшоў у гісторыю беларускай літаратуры найперш як аўтар «Палескай хронікі».

Асабіста для мяне Іван Мележ – пісьменнік, чые творы прымушаюць задумацца пра сэнс жыцця, шчырасць пачуццяў, абавязак і чалавечы лёс. Яны прасякнуты глыбокім псіхалагізмам, тонкімі нюансамі ўнутранага свету герояў і асаблівасцямі побыту. Яго стыль непаўторны, дзе кожнае слова працуе на вобраз, а кожны эпізод – на раскрыццё характару.

Мележ паказвае складаныя адносіны паміж людзьмі: тут ёсць душэўныя перажыванні, маральная адказнасць, пошукі выйсця з самых непрадказальных жыццёвых сітуацый. У яго творах усё тое, што не страчвае свайго значэння. Такое ўражанне, што ты не проста сочыш за гісторыяй – ты частка гэтай самай гісторыі і сэрцам адчуваеш перажыванні герояў. Задумваешся пра спрадвечнасць прыроды, з цікавасцю чытаеш пра вясковае жыццё. Вучышся знаходзіць важнае ў простым, а сэнс у паўсядзённым.


У аддзеле абслугоўвання і інфармацыі Маладзечанскай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Максіма Багдановіча арганізавана выстава «Іван Мележ: чалавек, празаік, драматург, публіцыст». Тут можна ўбачыць не толькі кнігі аўтара, але і публікацыі пра яго жыццё і творчасць. Бібліятэкары расказалі, што па кнігі Мележа прыходзіць моладзь, людзі сталага ўзросту з задавальненнем перачытваюць іх.

Тэкст і фота: Людміла ЦАР