Такую магчымасць усім жадаючым даюць работнікі Радашковіцкай гарпасялковай бібліятэкі. Прычым папулярызацыя ведаў пра беларускія народныя традыцыі праходзіць у цікавым фармаце. Пра гэта паведаміла бібліятэкар Алена НЯДЗВЕЦКАЯ.
Так, установа культуры далучылася да акцыі «Кожная пятніца – роднае, сваё». Адно з апошніх мерапрыемстваў у яе рамках – фальклорная альтанка «Вобразы беларускай міфалогіі ў тэхніцы выцінанкі». Сустрэчу з юнымі чытачамі правялі Алена Нядзвецкая і кіраўнік гуртка «Дэкор» Вольга Ціханкова.
Дзеці даведаліся, што сучасная беларуская выцінанка характарызуецца багатай разнастайнай тэматыкай, тэхнікай выканання, арыгінальнымі дызайнерскімі рашэннямі, але пры гэтым заўсёды арыентуецца на народныя традыцыйныя матывы. У XVIII-XIX стагоддзях выцінанка распаўсюджваецца па ўсёй тэрыторыі Беларусі. Такой папулярнасці паспрыяла шырокае выкарыстанне паперы з бытавой мэтай. Пасля пераходу ад «чорнай» (задымленай) сялянскай хаты да «чыстай» яе інтэр’ер запаўняецца мастацкімі тканінамі, вышыўкай, вырабамі з дрэва.
– Не апошнюю ролю ў фарміраванні ўнутранага ўбрання жылля адыгрывалі «выцінанкі», – падкрэсліла Алена Нядзвецкая. – Яны былі цесна звязаны з жыццём народа, яго вераваннямі, уяўленнямі, з’яўляліся найбольш даступнай формай мастацкай творчасці беларусаў.
У якасці замацавання матэрыялу дзеці вырабілі кампазіцыю з сініх васількоў – сімвала нашай Беларусі.
У час тэматычнага мерапрыемства «Бабуліна спадчына» наведвальнікамі літаратурна-этнаграфічнай экспазіцыі сталі школьнікі з выхаваўча-аздараўленчага лагера «Эказнайкі». Такім чынам, канікулы для нашых юных землякоў прайшлі цікава і змястоўна.
– Школьнікі змаглі не проста ўбачыць мінулае, а літаральна дакрануцца да яго. Экспазіцыя стала месцам адкрыццяў для тых, хто хоча ведаць, як жылі нашы продкі, – падкрэсліла Алена Нядзвецкая.
Алег БЯГАНСКІ
Фота: архіў Алены НЯДЗВЕЦКАЙ