Так ахарактарызавала сітуацыю з наведваннем сельскай бібліятэкі ў аграгарадку Хажова яе загадчык Анастасія ПАТАПОВІЧ.
– Як і раней, дарослыя і дзеці частыя госці ў нас, – адзначыла Анастасія Іванаўна. – Калі чытачы са шматгадовым стажам ужо ведаюць свае літаратурныя перавагі, для юных наведвальнікаў мы стараемся знайсці цікавыя, крэатыўныя падыходы.
Так, у бібліятэцы аформлена спецыяльная пляцоўка, на якой дзеці ў камфортнай абстаноўцы могуць бавіць час за рознымі гульнямі і забавамі. Прыцягваюць увагу маляўніча аформленыя кніжныя выстаўкі. Пры ўстанове працуе клуб «Фантазёры», на пасяджэннях якога можна навучыцца сваімі рукамі ствараць розныя сувеніры, паштоўкі і гэтак далей.
У час канікул частымі гасцямі ў бібліятэцы стануць юныя наведвальнікі школьнага аздараўленчага лагера. Для іх таксама распрацавана культурна-пазнавальная праграма. Ды і чытанне рэкамендаванай настаўнікамі літаратуры ніхто не адмяняў. А магчымасці для гэтага створаны самыя камфортныя.
Анастасія Патаповіч акцэнтавала, што бібліятэка будзе задзейнічана ў святкаванні Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь. Падрыхтоўка да свята ідзе поўным ходам.
Алег БЯГАНСКІ
Фота: архіў Анастасіі ПАТАПОВІЧ