Новости Молодечно и Молодечненского района

Быць шчаслівым і радаваць іншых, нягледзячы ні на што

  • 2023-12-13 07:21:09

Фіналістам фестывалю стаў аркестр шумавых інструментаў «Настрой» наведвальнікаў аддзялення дзённага знаходжання Маладзечанскага РТЦСАН. Дарэчы, аркестр існуе ўжо 13 гадоў і сёння налічвае 14 удзельнікаў. Гісторыя яго стварэння пачалася ў 2008 годзе.

Наталля Асіповіч, кіраўнік аркестра, расказвае:

-- 15 гадоў таму да нас у аддзяленне дзённага знаходжання прыйшоў Сяргей Лямешка, які ўмеў іграць на балалайцы. Яго бабуля Марыя Фалей іграла на баяне. Некаторы час канцэрты ладзіліся з удзелам дуэта бабулі і ўнука. Затым хтосьці прынёс старэнькі бубен, а сярод наведвальнікаў знайшоўся хлопчык, які мог адбіваць рытм. Так утварылася трыа.

Але Наталля Асіповіч і Марыя Фалей не спыніліся на дасягнутым і рухаліся далей. У адной з сельскіх школ папрасілі спісаныя музычныя інструменты: трашчотку, рыбку, трохвугольнікі. Пасля купілі маракасы, некалькі дзіцячых ксілафонаў, кастаньеты і новы бубен. Знайшліся і тыя, хто змог асвоіць гэтыя немудрагелістыя інструменты. Бацькі наведвальнікаў падарылі драўляныя лыжкі. Так крок за крокам, інструмент за інструментам, быў створаны цэлы аркестр. А бабуля Маша (так яе цяпер называюць усе ў аддзяленні) стала нязменным валанцёрам. На гэты час у рэпертуары аркестра больш за 20 музычных кампазіцый.

Удзельнікі калектыву вельмі розныя, кожны са сваім характарам, тэмпераментам, і ў той жа час аднолькава шчырыя, улюбёныя ў сваю справу. Толькі адзін з іх мае спецыяльную музычную адукацыю, але кожны музыкант па-свойму таленавіты. Нягледзячы на ўсе цяжкасці, яны ўмеюць быць шчаслівымі і радаваць іншых, штодзённа дорачы часцінку сваёй дабрыні і свайго сэрца людзям, якія знаходзяцца побач.

Мая ФЕВРАЛЁВА,
загадчык аддзялення дзённага знаходжання Маладзечанскага РТЦСАН.
Фота: Аляксей ПЛАТКО.