Новости Молодечно и Молодечненского района

Аркестру прысвояць імя Міхаіла Фінберга?

  • 2022-03-01 11:13:36
  • Ірына Рабушка

Дзмітрый КАЧАРОЎСКІ, заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь, уладальнік Гран-пры «Маладзечна-2001»:


— Няма сумненняў, што фестывалю наканавана жыць. Кампазітары і паэты складаюць новыя песні, значыць, артыстам будзе чым радаваць публіку. Мне таксама падабаецца выступаць у Маладзечне. Але асабіста я сумую па тым часе, калі фестываль праводзіўся на Цэнтральнай плошчы, якая ператваралася ў вялікую імправізаваную глядзельную залу, дзе гудзеў літаральна ўвесь горад. Вярнуў бы гэты фармат, бо цяперашні больш статычны: прыехалі – спелі — паехалі.

Артур МІХАЙЛАЎ, саліст Дзяржаўнага ансамбля «Песняры» Рэспублікі Беларусь, уладальнік другой прэміі «Маладзечна-2014»:


— Фестываль павінен працягвацца ў памяць пра Міхаіла Фінберга, які шмат гадоў аддаў Нацыянальнаму акадэмічнаму канцэртнаму аркестру і літаральна да апошняга жыў ім. У суправаджэнні гэтага калектыву спявалі маладыя выканаўцы-эстраднікі на конкурсе, што ладзіцца ў рамках «Маладзечна». На мой погляд, правільна і лагічна прысвоіць аркестру імя маэстра. Магчыма, у будучыні варта паспрабаваць зрабіць гэты конкурс у міжнародным фармаце з агульнымі ўмовамі для іншаземцаў. Гэта крок да папулярызацыі беларускай мовы і цікавы эксперымент. Для мяне фестывальны конкурс таксама стаў лёсавызначальным. Тут мяне заўважылі як артыста, у выніку, прайшоўшы адборачны тур, я прадстаўляў Беларусь на Міжнародным фестывалі мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску-2014». І ў «Песняры» таксама трапіў дзякуючы Нацыянальнаму фестывалю. Па сваім вопыце ўжо ведаю, наколькі маладым выканаўцам неабходная далейшая падтрымка дзяржавы, каб яны не «растварыліся» пасля конкурсу і не зніклі з творчага небасхілу.

Алена АТРАШКЕВІЧ, старшыня Саюза кампазітараў Рэспублікі Беларусь:


— На мой погляд, трэба пакінуць добрыя традыцыі, закладзеныя Міхаілам Фінбергам, які прыклаў шмат намаганняў для развіцця фестывальнага руху. Найперш гэта тычыцца конкурсу маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні, што праводзіцца ў рамках «Маладзечна» і ўжо мае сваю гісторыю. Дзякуючы яму адкрыты імёны многіх вядомых артыстаў. Варта прадоўжыць папулярызаваць беларускую творчасць, у прыватнасці, ладзіць акадэмічныя канцэрты. Але і абнаўлення фестывалю таксама хочацца. Напрыклад, сёлета наш Саюз кампазітараў прапануе некалькі новых праграм, у іх ліку і прысвечаную рамансавай творчасці беларускіх аўтараў. Мы спадзяёмся здзівіць публіку не класічным, а эстрадным рамансам — у праграме прымуць удзел як зоркі эстрады, так і оперы. Таксама прапануем праект, які з’яднае моладзь Міншчыны. Гэта творчая праграма навучэнцаў Мінскага каледжа мастацтваў, у якім я выкладаю, і Маладзечанскага музычнага каледжа імя М.К. Агінскага.

Яўгеній ЕРМАЛКОВІЧ, саліст Маладзёжнага тэатра эстрады:


— Хочацца, каб Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі яднаў як мага больш моладзі, якая толькі пачынае свой шлях, бо гэта выдатная стартавая пляцоўка. І конкурс для маладых выканаўцаў-эстраднікаў, што праводзіцца ў яго рамках, безумоўна, вылучаецца сярод іншых. Хіба толькі ўдзельнікам трэба быць больш крэатыўнымі, каб здзіўляць публіку. Кампазіцыю трэба падносіць арыгінальна, калі ж яна мінулых гадоў — даваць ёй новае жыццё. У творчым нумары і сцэнічным вобразе важна абсалютна ўсё: тэхніка вакалу, аранжыроўка і нават…

адзенне. У Беларусі ёсць выдатныя педагогі па вакале, кампазітары, паэты, аранжыроўшчыкі і дызайнеры. Але ў пагоні за навізной не варта забываць пра класічную культуру – гэта фундамент далейшага развіцця. Мажліва, можна апрабаваць і вакальны дзіцячы конкурс.

Ірына РАБУШКА.
Фота: Аляксей ПЛАТКО.