Арганізатары мерапрыемства падрыхтавалі шмат прыемных сюрпрызаў. Ужо за некалькі кіламетраў да Хажова ўсіх настройвалі на вясёлы лад незвычайныя фігуры з саломы. Гэтыя архітэктурныя формы былі выраблены з любоўю і выдатна ўпісваліся ў канву свята.
А вось і цэнтральная плошча аграгарадка. Яна апранулася ў святочны ўбор і патанала ў музыцы і ўсмешках людзей. Толькі выстава падворкаў вартая асобнага аповеду -- тут кожная арганізацыя прадстаўляла ўсё лепшае, што ёсць у гаспадарцы.
Прыцягваў увагу падворак Маладзечанскай сортавыпрабавальнай станцыі. Пах юшкі з мясцовых карпаў і акунёў разносіўся на ўсю ваколіцу. А вялікія паласатыя кавуны, вырашчаныя на маладзечанскай зямлі, ні ў чым не ўступалі астраханскім.
-- Расаду кавуноў гатунку Каламбія галандскай селекцыі высадзілі ў маі, -- расказала галоўны аграном сортстанцыі Вераніка Лагунчык. – А ў верасні ўбралі ўраджай. Як бачыце, Беларусь цалкам падыходзіць для гэтага «экзота». Ды і традыцыйныя культуры сёлета ўрадзілі на славу.
З-за наплыву гледачоў ледзь праціскаюся на падворак філіяла Аграфірма «Лебедзева». Вочы разбягаюцца ад мноства гатункаў яблыкаў і разнастайнай выпечкі. Міла глядзеліся фігуры каровы, парсючка і сімпатычнай сялянкі. Дыспетчар гаспадаркі Людміла Аракчэева адзначыла, што такім чынам прадстаўлена спецыялізацыя аграфірмы. Справы ладзяцца -- вось сялянка і задаволена.
Даведка. У конкурсе падворкаў перамаглі гаспадары святочнай пляцоўкі – ПСУП «Хажоваагра-2009». Другое і трэцяе месцы -- у ААТ «Палачаны» і філіяла Аграфірма «Лебедзева» адпаведна.
Радавалі прысутных эканамісты аддзела збыту Маладзечанскага камбіната хлебапрадуктаў Алена Корсак і Ганна Дашкевіч. Яны спрытна пяклі смачныя блінчыкі і з добразычлівымі ўсмешкамі падавалі іх гасцям.
-- Менавіта дзякуючы аграрыям дзейнічаюць такія прадпрыемствы, як наша. Прадукцыя КХП пастаўляецца многім спажыўцам, -- заўважылі жанчыны.
Хлеб там добра родзіць, дзе людзі жывуць у міры і згодзе. У гэтым у час фестывалю-кірмашу прысутныя яшчэ раз упэўніліся. На плошчы можна было ўбачыць жыхароў Маладзечаншчыны ў розных нацыянальных касцюмах – беларускіх, украінскіх, рускіх, узбекскіх, яўрэйскіх… На адным з падворкаў мы пазнаёміліся з азербайджанцамі Ібкалам і Шалалай Алахвярдзіевымі. Яны пераехалі ў раён сем гадоў таму. Атрымалі жыллё ў ПСУП «Хажоваагра-2009», пасябравалі з новымі суседзямі. Такім чынам наша зямля стала для іх роднай.
Галоўнымі героямі Дажынак былі, вядома, кіраўнікі і спецыялісты гаспадарак, механізатары, вадзіцелі, аператары зернесушыльных комплексаў -- усе тыя, хто вырасціў, сабраў і захаваў ураджай. Цяпер, калі напал жніва ў мінулым, яны могуць крыху перавесці дух, падзяліцца ўражаннямі пра жніво, паведаміць аб вытворчых і жыццёвых планах.
Даведка. Машынны двор ААТ «Селеўцы» стаў другім у абласным конкурсе сярод машынных двароў сельскагаспадарчых прадпрыемстваў.
Не ўтойвае свайго задавальнення работнік ААТ «Палачаны» Дзмітрый Акульскі, лідар сярод маладых вадзіцеляў раёна. Хлопец перавёз сёлета каля 1,5 тысячы тон збожжавых і зернебабовых. «Тысячнікам» ён становіцца другі год запар.
Па меркаванні Уладзіміра Лазара, кіраўніка СУП «ЯхімоўшчынаАгра» (лепшай сельскагаспадарчай арганізацыі раёна), залог поспеху калектыву ў зладжанай рабоце ўсіх службаў і падраздзяленняў. Гэта дазволіла пераадолець негатыўныя наступствы засухі ў пачатку вегетацыйнага перыяду і атрымаць ураджай 60 цэнтнераў з гектара. У планах – яшчэ больш павысіць ураджайнасць.
-- На пасяўной і ў час жніва людзі працавалі з поўнай аддачай, -- падкрэсліў дырэктар ААТ «Купала-Агра» Сяргей Клюеў. – Работа была арганізавана ў дзве змены, выкарыстоўвалася энерганасычаная тэхніка. Ды і шэфы дапамагалі, што таксама важна.
Цяпер галоўная задача калектыву – стварыць запас кармоў на стойлавы перыяд, без страт сабраць агародніну, закласці асновы для ўраджаю наступнага года. Кадры ў гаспадарцы вопытныя, таму даведзеныя заданні будуць выкананыя ў аптымальныя тэрміны.
Павіншаваць працаўнікоў вёскі прыехалі ў Хажова ганаровыя госці. Сярод іх дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Людміла Канановіч. Яна адзначыла важнасць такіх мерапрыемстваў, якія аб’ядноўваюць людзей, нагадваюць пра слаўныя традыцыі беларускага народа. Гэта асабліва актуальна ў Год малой радзімы.
-- Айчыннае заканадаўства накіравана на падтрымку аграрнай галіны. Яно стымулюе работнікаў сельскагаспадарчых арганізацый праводзіць мадэрнізацыю, нарошчваць вытворчасць прадукцыі, укараняць перадавыя метады гаспадарання, прыцягваць інвестыцыі, -- паведаміла Людміла Мікалаеўна.
Ушаноўванне лепшых аграрыяў раёна адбылося ў мясцовым Доме культуры. Са словамі падзякі да герояў жніва звярнуўся старшыня райвыканкама Юрый Горлаў.
Ён нагадаў, што на Маладзечаншчыне сёлета сабрана каля 55 тысяч тон збожжавых і зернебабовых, сярэдняя ўраджайнасць склала 35 цэнтнераў з гектара. Гэта вышэй за агульнаабласныя паказчыкі.
-- Аграрны сектар раёна мае вялікі патэнцыял. Таму работнікі сельскагаспадарчых прадпрыемстваў і надалей павінны павышаць культуру земляробства, вырабляць прадукцыю высокай якасці з мінімальнымі выдаткамі. Увогуле, самы каштоўны рэсурс у нашай краіне – зямля, і людзі, што працуюць на ёй, -- падкрэсліў Юрый Мікалаевіч.
У час урачыстасці былі адзначаны пераможцы раённага спаборніцтва за дасягненне высокіх паказчыкаў на жніве. Ганаровыя граматы і падзякі таксама ўручаліся ад імя абласнога і раённага выканаўчых камітэтаў, абласнога камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу і райкама прафсаюза работнікаў АПК.
Наступныя раённыя Дажынкі пройдуць у Радашковічах. Сімвалічная перадача эстафеты прайшла ў Хажоўскім Доме культуры.
Фота: Аляксей ПЛАТКО.